Уцёкі беспрацоўных і танцы ў пажарных. Агляд старых газет за лістапад 1934 года

Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.

3 лістапада, Kurjer Nowogródzki (агляд газет)

Памінальны дзень у Баранавічах

1 лістапада адбыліся ў Баранавічах жалобныя мерапрыемствы. Распачаліся яны а 15-й гадзіне ў мясцовым касцёле. Пасля кароткіх малітваў усе ўдзельнікі рушылі з вянкамі ў бок Магілы Невядомага Салдата (знаходзілася на сучаснай вуліцы Савецкай, насупраць гатэля «Гарызонт»). У гэты самы час з іншага боку горада сюды прыбывалі дэлегацыі з вянкамі ўсіх палкоў Баранавіцкага гарнізона. Каля помніка выставілі трайную варту.

Ксёндз-капелан Александровіч звярнуўся да прысутных з прамовай аб значнасці гэтага свята. Пасля ксёндз-дэкан Барысюк прачытаў малітвы. Былі ўскладзеныя вянкі да помніка. Хор праспяваў адпаведныя песні.

Потым адбыўся небывалы для Баранавіч паход да гораду мёртвых (старыя каталіцкія могілкі на сучаснай вуліцы Куйбышава). У ім прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.

Трэба адзначыць, што такой колькасці сабраных людзей Баранавічы яшчэ не бачылі. Могілкі былі перапоўненыя, і каля амаль кожнай магілы гарэлі знічы.

Усё гэта вынік нястомнай працы ксяндза-дэкана Барысюка.

(у наступным нумары было дададзена, што на могілках урачыстасць працягнулася каля помніка памерлым у змаганні з эпідэміямі. Да яго быў пакладзены адзін з самых прыгожых вянкоў. Напрыканцы аркестр зайграў некалькі рэлігійных кампазіцый).

Пра цэны на цукар і газу ў Баранавіцкім павеце

Некалькі дзён таму ў старастве Баранавіцкага павета адбылася канферэнцыя па рэгуляванні цэн на цукар. Пасля разгляду справы былі зацверджаны абавязковыя цэны на цукар крышталічны ў Баранавічах і Ляхавічах: за 1 кг – 1 злоты 28 грошай. Ва ўсіх іншых мясцовасцях павета – 1 злоты 30 грошай.

Акрамя таго, з 19 кастрычніка былі ўведзены новыя цэны на газу. У Баранавічах і Ляхавічах за 1 літр – 42 грошы. Ва ўсіх іншых мясцовасцях павета – 43 грошы. Усе крамы, якія прадаюць такія тавары, павінны прытрымлівацца новых цэн.

6 лістапада

П’яны выбрык

28 кастрычніка ў вёсцы Калдычэва яе жыхар Юзік Радкевіч, калі быў у нецвярозым стане, кінуў велічэзны бярозавы пень пад колы праязджаючага аўтобуса, што накіроўваўся ў Баранавічы. Дзякуючы рэакцыі кіроўцы, які паспеў спыніць рух аўтобуса, пашчасціла пазбегнуць катастрофы.

7 лістапада

З’езд настаўнікаў

У будынку новапабудаванай пачатковай школы імя Марыі Канапніцкай у Баранавічах адбыўся з’езд настаўнікаў пачатковых школ горада і павета.

На з’ездзе, якім кіраваў Станіслаў Гіруль, абмеркавалі справу арганізацыі Аб’яднання настаўнікаў пачатковых школ і план працы на бліжэйшы час.

9 лістапада

Абакралі ў цягніку

Пан Мойша Саламянскі, што жыве ў Баранавічах, ехаў цягніком са Слоніма да хаты. Ён моцна заснуў, і ў гэты час сцягнулі ў яго торбу з бялізнай. Кошт скрадзенага саставіў 29 злотых.

Пажары

7 лістапада а 23-й гадзіне ў вёсцы Пастарынне з нявызначаных дасюль прычын распачаўся пажар. Згарэла 4 гаспадарчых будынка з сёлетнім ураджаем. Агульныя страты перавышаюць 6000 злотых.

У тушэнні пажару прымала ўдзел добраахвотная пажарная каманда з Драгабыля, якая з’явілася праз 20 хвілін (адлегласць паміж вёскамі – 2 км). Яны неслі пажарныя прылады на руках, бо мясцовыя сяляне адмовіліся даць ім коней.

15 лістапада

Стрэл у абарону сабакі

У вёсцы Стары Двор Сталовіцкай гміны з-за сабакі паспрачаліся тутэйшыя жыхары Юзэфа Тусінская і Васіль Гарбаты. Тусінская абараняла пабітага сабаку і падчас спрэчкі стрэліла з дубальтоўкі Гарбатаму ў твар. Цяжкапараненага адвезлі ў Баранавічы.

Жалобнае набажэнства па забітых паліцыянтах

10 лістапада ў парафіяльным касцёле ў Баранавічах ксёндз-дэкан Барысюк правёў урачыстае жалобнае набажэнства за душы супрацоўнікаў Дзяржаўнай паліцыі, якія загінулі пры выкананні сваіх абавязкаў, баронячы сваіх грамадзян. У набажэнстве прынялі ўдзел: стараста павета Неўгэбаўэр, прадстаўнік вайсковых уладаў – ген. Сокал-Шахінэм, камендант паліцыі павета Галуўка,  прадстаўнікі разнастайных арганізацый і вялікая колькасць вернікаў.

Асвячэнне пачатковай школы ва Узногах

11 лістапада а 15-й гадзіне адбылося асвячэнне пачатковай школы ва Узногах і адкрыццё партрэту заступніцы гэтай школы – нябожчыцы генеральшы Стэфаніі Скатніцкай. Цяпер школа тая носіць назву: «Пачатковая школа Грамадскага працоўнага саюзу жанчын (Związek Pracy Obywatelskiej Kobiet – ZPOK) імя святой памяці ген. Стэфаніі Скатніцкай», якая падчас свайго жыцця пастанавіла адчыніць гэтую школу.

Асвячэнне выканаў ксёндз-дэкан Барысюк, а адчыніла школу жонка старасты Т. Неўгэбаўэр, якая ў сваёй прамове расказала доўгую гісторыю стварэння гэтай школы. Адкрыццё партрэту выканаў віцэстараста Пазнеўскі, агалошваючы пры гэтым надзвычай сардэчную прамову, падчас якой у шмат каго з прысутных пакаціліся слёзы з вачэй.

Будынак школы мае 2 класы і прызначаны для 90 мясцовых дзяцей. Гэтая школа цэлы год будзе ўтрымлівацца за кошт ZPOK.

22 лістапада

Набажэнства за караля Аляксандра

Намаганнямі Расійскага таварыства дабрачыннасці ў Баранавічах з мэтаю ўшанавання памяці забітага караля Югаславіі Аляксандра 18 лістапада ўвечары ў Саборы была праведзена ўрачыстае жалобнае набажэнства. Потым адбылася жалобная лекцыя. Напрыканцы адспявалі «Вечную памяць». Прамоўцы адзначалі заслугі караля Аляксандра ў развіцці сваёй краіны.

Кароль сербаў, харватаў і славенцаў Аляксандр І Карагеоргіевіч быў застрэлены 9 кастрычніка 1934 года ў Марсэлі разам з міністрам замежных спраў Францыі. Тэракт выканалі баевікі балгарскай тэрарыстычнай арганізацыі УМОРА, звязанай з харвацкімі тэрарыстамі-ўсташамі. Смерць манарха выклікала вялікі розгалас па ўсім свеце.

23 лістапада

Расійскае таварыства дабрачыннасці ў Баранавічах

18 лістапада ў памяшканні па вуліцы Шасовая, 90 (цяпер Брэсцкая) Расійскае таварыства дабрачыннасці ў Баранавічах зладзіла жалобнае пасяджэнне ў памяць югаслаўскага караля Аляксандра І. Прамаўлялі Аляксандр Мютэль, Дзмітрый Афанасьеў, Мікалай Седляровіч і а. Комар. Напрыканцы адспявалі расійскую песню «Вечная памяць».

Добраахвотная пажарная каманда ў Баранавічах

17 лістапада ў памяшканні на вуліцы Аградовай, 1 (да 1980-х гадоў – вуліца Суворава. Цяпер не існуе. Ішла ад вуліцы Азёрнай да Фралянкова, знікла пасля пабудовы будынка аўтавакзала) Баранавіцкая добраахвотная пажарная каманда з Новых Баранавіч зладзіла танцы. Прыбытак склаў 61 злоты 25 грошай. (Вячоркі адбываліся ў сучасным пажарным дэпо на скрыжаванні вуліц Тэльмана і Азёрнай).

Супраціў уладам

16 лістапада на пад’едзе да станцыі Баранавічы-Палескія Ян Калота, Валер Яраш, Язэп Алешко і Аляксандр Баўдзей – жыхары Баранавіч, у падвыпіўшым стане ўчынілі скандал з кіроўцам аўтамабіля Міхалам Гучко. Яны не хацелі вылазіць з аўто, а Ян Калота, круцячы руль, пашкодзіў яго, а пасля ўдарыў у твар кіроўцу.

Старэйшаму пастарункаваму (званне паліцэйскага) Вацлаву Луцэвічу, які прыбыў на дапамогу, авантурысты актыўна супраціўляліся. Хапалі яго за пас і пісталет. Пасля прыбыцця дапамогі хуліганаў адвялі ў пастарунак паліцыі.

Спроба самагубства

18 лістапада жыхарка в. Вялікая Лотва Марыя Лукіш, калі знаходзілася ў Ляхавічах у кватэры Ганны Петрушэвіч, спрабавала здзейсніць самагубства, выпіўшы эсэнцыі воцату. Пасля першай дапамогі Лукіш адвезлі у Міжкамунальны шпіталь у Баранавічы. Повадам да самагубства быў кепскі стан здароўя Лукіш, якая няздольная да працы.

Крадзеж

18 лістапада ў дырэкцыі Дзяржаўнай чыгункі ў Вільні (P.K.P) скралі два пралёты вузкакалейных рэек разам з жалезнымі шпаламі, што былі пакладзеныя да помпавай станцыі каля возера Жлобін (цяпер Жлобінскае).

28 лістапада

Агіднае забойства

26 лістапада жыхар асады Цэрквішча Сталовіцкай гміны Ігнаці Майхрзак паведаміў у паліцыю мястэчка Сталовічы, што ў той самы дзень знайшоў цела сваёй жонкі Леакадзіі. Яна была забітая і павешаная ў нежылым доме той самай асады. Агляд цела выявіў, што смерць адбылася пасля ўдару тупым прадметам па галаве, а выгляд самагубства зроблены для хавання слядоў забойства.

29 лістапада

Агульны сход Камітэта фонду працы ў Баранавічах

(скарочана)

Днямі ў памяшканні гарадскога праўлення адбыўся Агульны сход Камітэта фонду працы ў Баранавічах пад кіраўніцтвам пана бурмістра інжынера Вольніка.

Агульная сума прыбытку Камітэта ад 1.12.1933 да 30.09.1934 склала каля 35000 злотых. Выдаткі размеркаваліся наступным чынам: 21000 злотых – на працаўладкаванне беспрацоўных, 1300 злотых – на адміністрацыю, 12500 – на грамадскую апеку, у тым ліку на харчаванне дзяцей у пачатковых школах, датацыі для дзяцей у сярэдніх школах і г.д.

Як вынікае са справаздачы пана Авіноўскага, Камітэт праводзіў наступныя акцыі: дапамога беспрацоўным грашыма і харчамі, працаўладкаванне беспрацоўных, харчаванне іх дзяцей, медыцынская дапамога беспрацоўным, культурна-асветніцкія акцыі.

Камітэт фонду працы зарэгістраваў і праверыў матэрыяльны стан 823 сямей, якім была патрэбна дапамога. Дапамога была аказаная 447 сем’ям. Харчаванне атрымлівалі 430 дзяцей. Было выдадзена беспрацоўным 2500 пакункаў з харчамі.

Для школьнай моладзі супольна з кухняй вайсковай было выдадзена 42585 абедаў.

Каля 33% усіх прыбыткаў было выкарыстана на працаўладкаванне  беспрацоўных на гарадскіх працах і будоўлі дарог. Забрукавана 350  кв. м. дарог, выраўнена і адрамантавана – 1230 кв. м.

Як выявілася, працаўладкоўваць беспрацоўных, што атрымалі дапамогу, у Баранавічах вельмі цяжка. Не гледзячы на падпісаныя імі дэкларацыі пры атрыманні дапамогі, ніхто не з’явіўся на яе адпрацоўку. Гэта тлумачыцца тым, што раздача дапамогі за адпрацоўку на карысць горада праводзілася ўпершыню. Шмат работнікаў, што карысталіся дапамогай, з’ехалі з Баранавіч, а кіраўніцтва Камітэта не ўводзіла іншых санкцый, акрамя пазбаўлення дапамогі ў наступным сезоне.

Забойства на падставе непрыязні

У в. Савічы Вольнаўскай гміны мясцовыя жыхары – браты Сяргей, Вінцэнт і Ян Савічы, а таксама Ян Лазоўскі – на фоне асабістых супярэчнасцяў пабілі аднавяскоўца Васіля Космача. Ён атрымаў тры нажавыя раны ў плечы і жывот, а таксама пералом рукі. Космач з-за атрыманых траўм памёр. Нападаўшых пасадзілі за краты.

Чытайце таксама: Змаганне з туалетамі і з’езд рабінаў. Агляд старых газет за кастрычнік 1934 года

Крывавае вяселле і новая школа. Агляд старых газет за верасень 1934 года

Развадоўскія судзіліся з магістратам і новы бурмістр. Агляд старых газет за жнівень 1934 года

Катастрофа аўтобуса, смерць каскадзёра і хворы маньяк. Агляд старых газет за ліпень 1934 года

Страляніна каля дома старасты і смерць на станцыі. Агляд старых газет за чэрвень 1934 года

Разбуральная бура прынесла дзіўных птушак, і чарада пажараў. Агляд старых газет за май 1934 года

Смерць 4 дзяцей, прыезд ашуканца і футбол. Агляд старых газет за красавік 1934 года

Галодныя смерці, махлярства і пратэсты жыдоў. Агляд старых газет за сакавік 1934 года

Нелегальны мітынг, сходы рамеснікаў і эпідэмія тыфу. Агляд старых газет за люты 1934 года

Тыф, забавы пажарнікаў і авіаспаборніцтвы. Агляд старых газет за студзень 1934 года

Пажары, новыя дарогі і рабункі. Агляд старых газет за снежань 1933 года

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях