КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Калдычэва
У рубрыцы «КРАЯвіды» знаёмім з цікавымі куточкамі Баранавіцкага рэгіёна і расказваем, што варта паглядзець і чаму абавязкова трэба прыехаць. Сёння наш прыпынак – Калдычэва.
Шмат хто з нас марыць пабачыць сусветныя славутасці ў розных кутах свету. Але многа цікавага і выбітнага знаходзіцца зусім побач з намі. Вёска Калдычэва знаходзіцца за 18 км на поўнач ад Баранавіч. За 2 км ад вёскі пачынаецца рака Шчара.
Гісторыя
Паводле пісьмовых крыніц, Калдычэва вядома з пачатку XVI ст. як маёнтак, які належаў Гаруновічам, потым Тактамышам. У 1567 годзе — уласнасць шляхціцаў Аляшкевіча, Ваўка, Скуратовічаў, Васілевіча, Крывіпішчаў, якія выставілі ў тым жа годзе ў войска Вялікага княства Літоўскага 8 коннікаў (па адным ад кожнага двара). Пазней маёнтак перайшоў ва ўладанне да князёў Ямбекавічаў, якія прадалі яго ў 1585 годзе Валовічам. У сярэдзіне XVII ст. Калдычэва — цэнтр воласці Навагрудскага павета.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) — у складзе Расійскай імперыі: маёнтак у Гарадзішчанскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні.
У сярэдзіне ХІХ ст. маёнтак Калдычэва належаў роду Шалевічэй-Філіповічаў, якія купілі яго у Радзівілаў. У маёнтку быў сядзібны аднапавярховы дом з каменнымі калонамі, гаспадарчыя забудовы і пейзажны парк.
Падчас першай сусветнай вайны каля вёскі праходзіла лінія фронту. У 1916 годзе тут адбываліся зацятыя баі падчас Баранавіцкай аперацыі.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Калдычэва знаходзіцца ў складзе Польскай Рэспублікі, у Гарадзішчанскай гміне.
Дарэчы, у маёнтку Калдычэва ў шляхецкай сям’і ў 1890 годзе нарадзіўся Томаш Шалевіч. Гэта выбітны дзеяч баранавіцкай замялі. У міжваенны час ён стварыў Земляробчае таварыства і аб’яднанне землеўласнікаў Баранавіцкага павета. Таксама займаўся кааперацыяй. Засядаў у Гмінным Савеце ў Гродне, кіраваў Рэвізійнай камісіяй Баранавіцкага павета. У 1935-м абраны ад Баранавіцкай акругі паслом Сейма Польскай Рэспублікі. З пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе выехаў за граніцу. Памёр у 1961 годзе ў Лондане.
Яго пакінуты маёнтак у 1942 годзе заўважылі фашысты і вырашылі прыстасаваць да сваіх нелюдзкіх мэтаў.
Канцлагер
Сумную вядомасць Калдычэва набыло пасля нямецкай акупацыі. У сакавіку 1942 года каля вёскі быў створаны лагер смерці.
За аснову былі ўзяты памяшканні маёнтка Шалевічаў.
На абнесенай дротам тэрыторыі лагера вязняў марылі голадам, непасільнай працай на торфараспрацоўках, катавалі і забівалі. Тут існавала 12 турэмных камер і спецыяльная камера для катавання. У бараках летняга тыпу знаходзілася толькі 30-40% вязняў, астатнія — пад адкрытым небам.
У лістападзе 1942 года была пабудавана крэмацыйная печ, у якой спалілі 600 чалавек з Баранавіцкай і Стаўбцоўскай турмаў. Пазней печ не працавала. Масавыя расстрэлы праводзіліся ва ўрочышчы Лазы, дзе была крэмацыйная печ, і ў бярэзніку Арабаўшчына.
У ноч на 30 чэрвеня 1944 года перад падыходам Чырвонай Арміі немцы расстралялі каля 2 тысяч вязняў канцлагера. Яшчэ каля 300 чалавек вывезлі ў нацысцкую Германію. Фашысты ўзарвалі памяшканні канцлагера, зраўнавалі з зямлёй пахаванні забітых і засеялі травой.
Ахвяры фашыстаў
Пасля Вялікай Айчыннай вайны ва ўрочышчы каля лагера праводзілася эксгумацыя. Было знойдзена больш за 22 тысячы цел забітых.
З акту Баранавіцкай гарадской надзвычайнай камісіі аб злачынствах, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў г. Баранавічы і яго ваколіцах ад 1 студзеня 1945 г.: «у канцлагеры Калдычэва выяўлена яма-магіла ў форме літары «Т» памерам 35×5 метраў. Пры поўным выкрыцці ямы з паверхні 0,5 метра і на глыбіню 3 метра знойдзены трупы мужчын, жанчын і дзяцей, зваленых у беспарадку, але ўніз тварам з адведзенымі назад і звязанымі калючым дротам рукамі. Медыцынскім даследаваннем і эксгумацыяй 560 дарослых і 14 дзіцячых трупаў устаноўлена, што прычынай смерці дарослых былі скразныя агнястрэльныя кулявыя раненні галавы, якія суправаджаліся значнымі разбурэннямі костак зводу і падставы чэрапа. Дзеці памерлі ў выніку таго, што яны былі кінутыя ў яму-магілу жывымі, смерць наступіла ад удушша».
У пачатку 1962 года ў Баранавічах адбыўся адкрыты судовы працэс, у рамках якога чацвярых калабарацыяністаў – былых ахоўнікаў лагера Калдычэва (у тым ліку былога каменданта аховы М. А. Калько) – за ўчыненыя імі злачынствы прысудзілі да смяротнага пакарання.
Як «крывавы Іосіф» з Калдычэва спрабаваў схавацца ў Польшчы. Ён вінаваты ў смерці тысячы людзей
Калдычэўскае возера
Каля вёскі знаходзіцца славутае возера, якое некалі згадаў у сваёй паэме «Калдычэўскі шчупак» Ян Чачот. Цяпер яно займае плошчу каля 49 га. З Калдычэўскага возера некалі брала пачатак рака Шчара. Але пасля меліярацыі возера змялела, і Шчара пачынае сваю плынь з асушальных каналаў на тэрыторыі былога Карыцінскага балота. Меліярацыя з 1976 года значна скараціла плошчу і глыбіню возера.
Некалі возера разлівалася паміж вёскамі Калдычэва, Медзяневічы, Войкавічы, Арабаўшчына. Цяпер знаходзіцца каля вёскі Арабаўшчына. Яго можна пабачыць з дарогі Баранавічы-Навагрудак.
Падзеі на возеры апісаў Ян Чачот у паэме «Калдычэўскі шчупак». Па легендзе, пан Незабытоўскі выпусціў некалькі акальцаваных шчупакоў у возера Свіцязь. На гэтых крльцах было напісана, што, калі нехта зловіць тую рыбу, павінен паведаміць пра тое Незабытоўскаму. І аднаго са шчупакоў сяляне вылавілі ў Калдычэўскім возеры. З чаго паўстала паданне пра падземную раку паміж азёрамі.
Могілкі
Калі вы будзеце ў Калдычэве, раім вам наведаць таксама невялікія вясковыя могілкі. На іх можна пабачыць велічэзны абеліск. Ён пастаўлены на магіле Юзэфа Філіповіча прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст.
Помнік добра захаваўся да нашага часу. На яго вяршыні ўжо шмат год размешчана буслінае гняздо.
Згодна мясцовых паданняў, гэты абеліск быў пабудаваны ў гонар канстытуцыі 3 мая 1791 года. Падобныя калоны захаваліся ў розных іншых месцах Беларусі. Напрыклад, на могілках у Глыбокім, Петрыкаве, в. Фашчаўка Шклоўскага раёна і в. Баяркі Лідскага раёна.
Як даехаць
У вёску Калдычэва з Баранавіч можна дабрацца на рэйсавых аўтобусах, ровары ці на асабістым аўто.
Чытайце таксама: КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Ястрамбель
КРАЯвіды. Што паглядзець у маёнтку Паўлінава
КРАЯвіды. Што паглядзець у сядзібе Завоссе
КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Паланэчка
Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.
Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot