Каляндар гістарычных дат і падзей у Баранавічах. Лістапад

У рубрыцы «Каляндар» BAR24 раскажа пра галоўныя даты ў жыцці нашага рэгіёна.

У гісторыі кожнага горада (як і ў гісторыі краіны) ёсць шмат дат, звязаных з падзеямі і людзьмі, якія варта памятаць. Мы вырашылі скласці такі каляндар і кожны месяц расказваць вам пра самыя знакавыя моманты, што адбываліся ў Баранавічах і раёне.

1 лістапада 1916 г.

У 1916 годзе ў акупаваных германскімі войскамі Баранавічах адбылося ўрачыстае адкрыццё польскай школы. Школа была адкрыта па ініцыятыве ксяндза-каплана на ахвяраванні афіцэраў легіёна. Афіцэры ў вольны час займаліся рамонтам дома, адведзенага пад школу, а пасля некаторыя з іх і працавалі ў ёй выкладчыкамі.

На цырымоніі адкрыцця школы прысутнічаў Станіслаў Шаптыцкі – камендант польскага легіёна, які ваяваў на баку Германіі.

1 лістапада 1970 г.

Самадзейнаму ансамблю танца «Юрачка» гарадскога Дома культуры было прысвоена званне «Народны». Кіраваў у той час калектывам Зіновій Куліш.

Ансамбль танца «Юрачка» быў створаны ў 1968 годзе. У рэпертуары –беларускія народныя танцы і танцы народаў свету.

1 лістапада 1999 г.

Баранавіцкаму тэхнікуму лёгкай прамысловасці імя У.Я. Чарнышова быў прасвоены статус каледжа.

Фота: bgklp.by

Тэхнікум быў створаны ў ліпені 1960 г.

2 лістапада 1939 г.

Загадам НКУС СССР № 001337 быў утвораны Баранавіцкі аддзел НКУС. З 4 снежня 1939 года ён быў пераўтвораны ва УНКУС па Баранавіцкай вобласці. Першым кіраўніком быў Аляксандр Пятровіч Місюраў.

2 лістапада 1988 г.

Быў уведзены ў строй другі шлях дарогі па маршруце Баранавічы-Лунінец працягласцю 108 кіламетраў. Яго неабходнасць узнікла з павелічэннем здабычы граніту на Мікашэвіцкім камбінаце нерудных матэрыялаў.

2 лістапада 2009 г.

У аўтобусах гарадскіх маршрутаў зноў з’явіліся кандуктары. Дадзенае новаўвядзенне было накіраваных на павелічэнне колькасці пасажыраў, якія аплачваюць праезд. Спачатку кандуктары з’явіліся на маршруце №26, які ішоў да завода «Атлант».

Аднак эксперымент закончыўся праз некалькі месяцаў. У сакавіку 2010 г. стала вядома, што аўтапарк не плануе ўвядзенне пасады кандуктара.

3 лістапада 1924 г.

У 7 гадзін раніцы партызанскі атрад у складзе 35 чалавек затрымаў у раёне чыгуначнай станцыі Лясная пасажырскі цягнік, у якім ехала вялікая колькасць польскіх вайскоўцаў і паліцыянтаў. Падчас перастрэлкі адзін паліцыянт быў забіты і два афіцэры параненыя. На затрыманне партызан было адпраўлена больш за 1000 салдат, да якіх пазней далучыўся пяхотны і зводны кавалерыйскі полк.

Аднак 6 лістапада партызанскі атрад змог прарваць акружэнне ў раёне в. Залессе. Аднак праз тыдзень 16 удзельнікаў нападу ўсё ж патрапілі ў палон. Ваенна-палявы суд прыгаварыў чатырох да смяротнага пакарання, яшчэ чатырох – да пажыццёвага зняволення. Астатнія атрымалі розныя турэмныя тэрміны.

3 лістапада 2000 г.

На базе дзіцячага сада №29 па вул. Брэсцкай у Баранавічах быў адкрыты сацыяльны дзіцячы прытулак. Сюды прымаюцца дзеці ва ўзросце з 3 да 18 гадоў.

Сімвалічны ключ ад сацыяльнага прытулка трымае Людміла Еўлаш, 2000 год

Дырэктарам была прызначана Людміла Андрэеўна Еўлаш.

4 лістапада 1944 г.

Была адкрыта Баранавіцкая станцыя хуткай медыцынскай дапамогі па вуліцы Садовая, 45. Першым загадчыкам быў Георгій Іванавіч Балахонаў.

каляндар
Фота: сацсеткі

5 лістапада 1965 г.

Выйшаў першы нумар газеты Баранавіцкага баваўнянага камбіната «Тэкстыльшчык». Перыядычнасць – два разы ў месяц. Змяшчаў матэрыялы аб рабоце прадпрыемства, дасягненнях яго супрацоўнікаў, юбілейныя віншаванні, навіны з жыцця калектыва.

6 лістапада 1947 г.

У Баранавічах адкрыўся кінатэатр «Кастрычнік». Кінатэатр тых гадоў мала нагадвае будынак, які мы прывыклі бачыць. Сучасны від кінатэатр набыў у 1977 годзе.

Кінатэатр «Кастрычнік», 1958 год. Фота: 1871.by

Неизвестные Барановичи. Кинотеатр «Октябрь»

6 лістапада 2019 г.

Новы будынак суда ўрачыста адкрылі ў Баранавічах. Будынак, у які пераехаў суд, – былы корпус БарДУ па вул. Пралетарскай. Работы па яго рэканструкцыі пачаліся ў студзені 2019 года. Кошт усіх работ – каля 7 млн ​​рублёў.

Старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала віншуе старшыню суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Мікалая Кміту

Да гэтага суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы размяшчаўся у будынку па вул. Гагарына.

7 лістапада 2012 г.

Адкрыўся новы інтэрнат музычнага каледжа на 61 месца. Ён размясціўся на базе дзіцячага садка.

Праектныя работы па рэканструкцыі інтэрната былі пачаты ў 2007 годзе. Інтэрнат рэканструявалі за кошт сродкаў абласнога бюджэту ў памеры амаль 4 млрд руб.

8 лістапада 2007 г.

МРЭА ДАІ пераехала ў новы будынак па вул. 50 год УЛКСМ, дзе знаходзіцца і зараз. На рэканструкцыю будынка, якая цягнулася амаль 8 месяцаў, было затрачана каля 700 млн руб.

каляндар
Новы будынак МРЭА ДАІ, 2007 год

Да гэтага аддзяленне дзесяткі год размяшчалася на вул. Кароткай.

10 лістапада 1985 г.

Загад №95 аблздраўаддзела: з 14.11.1985 г. адкрыць у Баранавічах міжраённы наркалагічны дыспансер на 120 ложкаў. На дыспансер ускласці аказанне спецыялізаванай наркалагічнай дапамогі насельніцтву Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага і Бярозаўскага раёнаў. Зацвердзіць на пасадзе галоўнага ўрача Мікалая Барысавіча Сітдзікава.

11 лістапада 1919 г.

Польскія ўлады правялі ў Баранавічах першыя ўсеагульныя выбары ў гарадскую раду. У склад рады было абрана 24 чалавекі. На сваім арганізацыйным паседжанні 11 лістапада 1919 г. рада зацвердзіла склад баранавіцкага магістрата. Пры магістраце з’явіліся пасады канцылярскіх служачых, сакратара, рэферэнта і бухгалтара.

Увогуле магістрат на чале з Вацлавам Тэраевічам кіраваў горадам на працягу сямі гадоў. За гэты час у Баранавічах было адчынена некалькі школ, а таксама гарадская лякарня.

11 лістапада 1924 г.

Гарадская рада прыняла рашэнне аб прысваенні кіраўніку польскай дзяржавы Юзэфу Пілсудскаму званне Ганаровага грамадзяніна г. Баранавічы.

11 лістапада 2021 г.

Рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў №198 Васілю Іванавічу Качурка прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы».

Васіль Качурка – доктар навук, прафесар, у 2004 г. узначаліў створаны ў Баранавічах універсітэт. Быў рэктарам БарДУ па ліпень 2021 г.

12 лістапада 1939 г.

На трэцяй пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР была прынятая пастанова аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўз’яднанні тым самым беларускага народа ў адзінай дзяржаве. З гэтага дня Баранавічы і раён афіцыйна ўвайшлі ў склад БССР.

12 лістапада 1945 г.

Загад №45 аблздраўаддзела аб наладжванні анкалагічнай дапамогі насельніцтву. Згодна з дакументам, пры хірургічным аддзяленні абласной бальніцы (Баранавічы на той час былі абласным цэнтрам) павінны былі адкрыць анкалагічны стацыянар на 10 ложкаў. А пры цэнтральнай гарадской паліклініцы – анкалагічны кабінет.

14 лістапада 2008 г.

Аўтапарк г. Баранавічы ўвёў новы аўтобусны маршрут №2, канчатковымі прыпынкамі якога сталі санаторый-прафілакторый «Магістральны» і спецаўтабаза.

Маршрут аўтобуса пралягае па вуліцах Фабрычная, Кірава, Першукевіча, Леніна, Куйбышава, 50 гадоў БССР і праз мікрараён «Бараўкі» (Паўднёвы Захад).

16 лістапада 1871 г.

Станцыя Баранавічы Маскоўска-Брэсцкай (Аляксандраўскай) чыгункі прыняла і адправіла на Брэст таварна-пасажырскі цягнік са Смаленска, які стаў першым саставам, які адкрыў рэгулярны рух цягнікоў на толькі што завершаным участку чыгункі.

Станцыя (якая атрымала назву найбліжэйшай вёскі Баранавічы) паклала пачатак развіццю горада, афіцыйным годам заснавання якога з’яўляецца менавіта 1871 год. Пасля ўзнікнення станцыі на месцы сучаснага вакзала «Баранавічы-Цэнтральныя» пасялілася некалькі сем’яў чыгуначных работнікаў.

16 лістапада 1996 г.

У мікрараёне «Усходні» Баранавічаў кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў месца пад будаўніцтва касцёла Святога Зыгмунта.

Храм пабудаваны ў авангардным стылі, які гарманічна спалучаецца з традыцыйнымі элементамі, уласцівымі раманскай і гатычнай архітэктурам.

16 лістапада 2005 г.

РУП «Аўтобусны парк №2» (зараз аўтапарк г. Баранавічы) праняло рашэнне аб тым, што аб’явы дыспетчара аб адпраўленні прыгарадных і міжгародніх аўтобусаў ад вакзала будуць акрамя рускай мовы дубліравацца і па-беларуску.

16 лістапада 2017 г.

Акцыянеры прынялі рашэнне аб ліквідацыі завода санэлектранарыхтовак у Баранавічах.

Прадпрыемства было створана па загаду Міністра сельскага будаўніцтва БССР №229 ад 22 ліпеня 1970 г. З 15 студзеня 2002 г. – ААТ «Баранавіцкі завод санэлектранарыхтовак».

19 лістапада 2011 г.

Адбыўся першы рэйс «швейцарскай» электрычкі па маршруце Баранавічы-Мінск.

каляндар

20 лістапада 1928 г.

Праз 4 гады пасля пачатку будаўніцтва Пакроўскага сабора ў Баранавічах былі ўрачыста ўсталяваны купалы. На працягу наступных трох гадоў у храме праводзіліся ўнутраныя працы.

Неизвестные Барановичи. Покровский собор и его уникальные мозаики

22 лістапада 1947 г.

Прэзідыум Баранавіцкага аблпрамсаюза прыняў рашэнне аб арганізацыі ў г. Баранавічы трыкатажнай арцелі «Камунарка». Матэрыяльнай базай для яе стварэння былі 20 вязальных машын вытворчасці ЗША і каля 120 квадратных метраў вытворчых плошчаў. У першы год на фабрыцы працавала каля ста чалавек. Частка работніц з’яўляліся надомніцамі.

З ліпеня 1956 г. арцель «Камунарка» стала Баранавіцкай трыкатажнай фабрыкай Міністэрства легкай прамысловасці БССР. З 2000 г. – Баранавіцкая трыкатажная фабрыка «Баверці». Прадпрыемства перастала існаваць у 2006 г.

Баранавіцкая трыкатажная фабрыка, 1969 год. Фота: 1871.by

24 лістапада 2021 г.

Падпісаны ўказ аб пасмяротным прысваенні ганаровых званняў «Герой Беларусі» лётчыкам Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенка, якія загінулі 19 мая 2021 года ў Баранавічах. Пілоты імкнуліся адвесці падаючы самалёт Як-130 ад горада і самі выратавацца не змаглі.

Фота: belnotary.by

27 лістапада 1964 г.

Увечары, падчас выступу на партыйным сходзе ў памяшканні праўлення калгаса ў вёсцы Малая Сваротва, быў забіты Багуслаў Багдановіч Вільчкоўскі – старшыня калгаса «Іскра» Баранавіцкага раёна.

Праз паўтара года Вільчкоўскаму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы пасмяротна. Яго імем названа адна з вуліц у Баранавічах.

27 лістапада 1990 г.

Пачала працаваць мэблевая фабрыка «Явід», якая спецыялізуецца на вытворчасці корпуснай мэблі з каштоўных парод драўніны. Прадпрыемства займаецца выпускам мэблі для кухні, спальні, гасцінай, бібліятэк і кабінетаў, прыхожых і абедзенных груп.

каляндар
«Явід», 2009 год

27 лістапада 1996 г.

Урачыста адчынілі Вольнаўскую ўчастковую бальніцу, будаўніцтва якой пачалося ў 1990 г. Бальніца разлічана на 50 коек. На першым паверсе размясцілася амбулаторыя.

28 лістапада 1949 г.

Рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама аб адкрыцці абласнога Дома санітарнай асветы са штатам 3 чалавека: метадыст-урач і 2 інспектара санітарнай асветы з сярэдняй адукацыяй.

28 лістапада 2014 г.

Пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрылі вуліцу Кааператыўную, якая звязала два мікрараёны – Бараўкі і Траццякі. Грунтовую вуліцу перарабілі ў шырокую асфальтаваную дарогу. На рэканструкцыю спатрэбілася каля 16 млрд рублёў.

каляндар
Пераразанне стужкі. У цэнтры — старшыня гарвыканкама Юрый Грамакоўскі

Глядзіце таксама:  Каляндар гістарычных дат і падзей у Баранавічах. Кастрычнік

Тэст. Як добра вы ведаеце беларускія прымаўкі і прыказкі

Адкуль назва. Арабаўшчына

Вы можете обсудить статьи в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях