Каляндар гістарычных дат і падзей у Баранавічах. Кастрычнік
У рубрыцы «Каляндар» BAR24 раскажа пра галоўныя даты ў жыцці нашага рэгіёна.
У гісторыі кожнага горада (як і ў гісторыі краіны) ёсць шмат дат, звязаных з падзеямі і людзьмі, якія варта памятаць. Мы вырашылі скласці такі каляндар і кожны месяц расказваць вам пра самыя знакавыя моманты, што адбываліся ў Баранавічах і раёне.
1 кастрычніка 1900 г.
Адкрыта Баранавіцкае дабрачыннае таварыства, адной з асноўных мэт якога было паляпшэнне адукацыйнага асяроддзя. У Баранавічах першая школа была адчынена ў 1895 годзе. Ужо праз няпоўны год існавання дабрачыннага таварыства на яго сродкі была адкрыта другая школа ў горадзе.
1 кастрычніка 1948 г.
Да Баранавіцкага аддзялення чыгункі было далучана Лунінецкае аддзяленне.
1 кастрычніка 1960 г.
На падставе Пастановы ЦК КПСС і Савета міністраў СССР “Аб развіцці галін прамысловасці для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання” Баранавіцкі завод вентылятарнага абсталявання быў перайменаваны ў завод гандлёвага машынабудавання.
Завод пачаў спецыялізавацца на выпуску абсталявання для прадпрыемстваў грамадскага харчавання – такога як мясарубкі, бульбачысткі, агароднінарэзкі, халадзільныя шафы. Сёння гэтае прадпрыемства вядома як ААТ «Гандальмаш».
3 кастрычніка 1912 г.
Выйшаў першы нумар штотыднёвай інфармацыйна-даведачнай газеты «Баранавіцкі лісток аб’яў» – першае друкаванае выданне ў нашым горадзе. У газеце публікаваліся рэкламная інфармацыя гандлёвых і прамысловых прадпрыемстваў, паведамленні аб культурных мерапрыемствах, а таксама кінаафіша і расклад руху цягнікоў.
Газета распаўсюджвалася бясплатна. Выдавалася ў 1912 і 1913 гадах.
4 кастрычніка 1931 г.
Адбылося асвячэнне Свята-Пакроўскага сабора арцыбіскупам Гродзенскім і Навагрудскім Алексіем. Першым настаяцелем храма быў пратаіерэй Павел Мацкевіч.
5 кастрычніка 2007 г.
Другі інтэрнат БарДУ на 400 месцаў адкрылі на вуліцы Войкава. На той момант жыллё патрэбна было 1517 студэнтам універсітэта.
5 кастрычніка 2015 г.
Адбылося ўрачыстае адкрыццё хірургічнага корпуса гарадской бальніцы пасля рэканструкцыі.
На рэканструкцыю памяшкання горад выдаткаваў 19,6 млрд рублёў. А камп’ютарны тамограф коштам 28,7 млрд рублёў падарыла Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
6 кастрычніка 1888 г.
У Развадова было ўведзена мяшчанскае ўпраўленне. Многія гісторыкі лічаць гэтую дату адпраўной кропкай развіцця Баранавіч не як буйнога транспартнага вузла, а як буйнога паселішча з хутка развіваючыміся прамысловасцю і гандлем.
8 кастрычніка 2005 г.
Аўтарынак, які размяшчаўся на стадыёне “Лакаматыў”, пачаў працаваць на 1-м км Слонімскай шашы на базе “Баранавічыметалаптгандаль”. Пераезд быў звязаны з тым, што аўтамабілі, якія збіраліся ў суботу і нядзелю каля стадыёна, не давалі магчымасці праехаць транспарту па вул. Леніна і Баранава.
Дарэчы, аўтарынак у Баранавічах і пасля пераезду быў даволі папулярным месцам. У выходныя тут выстаўлялі на продаж каля 500-600 аўтамабіляў.
8 кастрычніка 2008 г.
Адбылося адкрыццё памятнай дошкі харэографу, заслужанаму работніку культуры РБ, заснавальніцы абразцовага ансамбля танца “Лялкі” Анне Ліхман ў ГДК.
А на бульвары Барадзінскага ў гэты ж дзень адкрылі памятную дошку ў гонар баранавіцкага паэта, члена Саюза пісьменнікаў РБ Анатоля Станкевіча.
9 кастрычніка 1944 г.
У Баранавічах па вул. Аптэчнай, 121 (цяпер вул. Горкага) адкрыта і пачала работу трохгадавая фельчарска-акушэрская школа.
9 кастрычніка 2015 г.
У новым корпусе гінекалагічнага аддзялення Баранавіцкага радзільнага дома пачала працаваць жаночая кансультацыя. Будаўніцтва гінекалогіі вялося каля 4 гадоў, было затрачана 188 млрд. рублёў.
12 кастрычніка 1905 г.
У Баранавічах пачалася 14-дзённая забастоўка чыгуначнікаў.
12 кастрычніка 1940 г.
Праведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Згодна з ім, раёны Баранавіцкай вобласці былі падзелены на 376 сельскіх саветаў. Напрыклад, Гарадзішчанскі раён складаўся з 18 сельскіх саветаў, а Навамышскі – з 15.
13 кастрычніка 2000 г.
Каля помніка Журботнай Маці, дзе захаваны астанкі 31 тысячы чалавек, забітых нямецкімі фашыстамі ў 1941-1944 гадах, быў закладзены новы сквер. Было высаджана каля 200 бяроз, клёнаў і дубоў.
13 кастрычніка 2011 г.
Рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў №87 Уладзіміру Уладзіміравічу Рашатко за значны асабісты ўклад у развіццё машынабудаўнічай галіны, сацыяльна-эканамічнае, навукова-тэхнічнае і культурнае развіццё г. Баранавічы прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы”.
13 кастрычніка 2018 г.
Апублікавана Пастанова Міністэрства культуры, у якой ведамства зацвердзіла праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – будынка пажарнага дэпо на вуліцы Тэльмана, 21 у Баранавічах. У «зону рэгулявання забудовы» гэтага аб’екта ўключаны і будынак былога наркалагічнага дыспансера. Згодна з дакументам зносіць яго, як і мяняць архітэктурныя рашэнні гэтага будынка, забаронена.
Праект зон аховы распрацаваны для захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці (будынка пажарнага дэпо) і яе акружэння. Ён вызначае межы ахоўных зон і ўстанаўлівае рэжым іх утрымання і выкарыстання.
14 октября 2004 г.
У Паўночным мікрараёне, каля ліцэя №1, адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака Маці. Мерапрыемства прымеркавалі да Дня маці. Знак створаны мастаком-скульптарам Рычардам Грушай.
16 кастрычніка 1931 г.
У Баранавічах прайшоў перапіс насельніцтва, паводле якога ў горадзе пражывала 22 181 чалавек. 44% насельніцтва лічылі роднай мовай польскую, 42,5% адносілі сябе да яўрэяў, 11,4% роднай мовай назвалі беларускую і 4,5% – рускую.
18 кастрычніка 1925 г.
На месцы, дзе знаходзілася пабудаваная ў Баранавічах у 1904 годзе невялікая каталіцкая капліца, быў асвечаны новы драўляны Крыжаўзвіжанскі касцёл. Абрад асвячэння здзейсніў біскуп Зыгмунт Лазінскі. Першым пробашчам стаў ксёндз Люцыян Жаландоўскі, які і ўзначальваў камітэт па будаўніцтве касцёла.
19 кастрычніка 2001 г.
Закладзены сквер памяці першага героя Беларусі Уладзіміра Карвата. Карват загінуў пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту 23 мая 1996 года: адвёў самалёт, які падаў, ад вёсак Арабаўшчына і Малое Гацішча Баранавіцкага раёна.
20 кастрычніка 1941 г.
У Гарадзішча для знішчэння яўрэйскага насельніцтва прыбыла каманда СС. Яўрэяў-спецыялістаў (68 чалавек) пакінулі ў гета, а астатніх 150 дарослых мужчын вывезлі ва ўрочышча Пагарэльцы і ў лес Міхнаўшчына, прымусіўшы выкапаць там ямы. На наступны дзень, 21 кастрычніка, у гэтых ям расстралялі 1440 гарадзішчанскіх яўрэяў.
20 кастрычніка 2007 г.
Новы храм, які атрымаў назву Святых Жонак-Міраносіц, асвяцілі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі з арцыбіскупам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам і біскупам Бабруйскім і Быхаўскім Серафімам.
Храм пабудаваны ў цэнтры горада, недалёка ад месца, дзе да 1947 года стаяла драўляная царква Аляксандра Неўскага. Будаўніцтва новага храма вялося з 2002 года.
20 кастрычніка 2016 г.
На чарговых электронных таргах будынак крамы «Кулінарыя» на вуліцы Савецкая, 76 быў прададзены за 617339 рублёў, ці прыкладна 308 тысяч долараў у эквіваленце. Прадавец – Дом гандлю «Радуга».
Двухпавярховы будынак 1939 года пабудовы з дзвюма прыбудовамі і падвалам быў ацэнены ў 301 тысячу рублёў (каля 150 тысяч долараў у эквіваленце). Пры гэтым цана была зніжана на 50% ад пачатковай. Падчас таргоў кошт вырас больш чым у два разы.
22 кастрычніка 1914 г.
Другі прыезд імператара Мікалая II у Баранавічы, дзе на той час размяшчалася Стаўка Галоўнакамандуючага.
22 кастрычніка 1930 г.
Недалёка ад вёскі Мілавіды Баранавіцкага раёна на месцы, дзе ў 1863 годзе прайшоў бой паміж рэгулярнымі расійскімі войскамі і атрадамі паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, пачата будаўніцтва мемарыяльнай капліцы ў памяць аб гэтай бітве.
25 кастрычніка 1916 г.
У раёне вёскі Скробава Баранавіцкага раёна была праведзена газабалонная атака з боку рускіх войскаў. Дапушчаныя пры падрыхтоўцы нападу пашкоджанні балонаў і шлангаў прывялі да значных страт – толькі з рускага боку загінула 115 чалавек. Усе атручаныя былі без масак.
Гэта была другая спроба прымянення хімічнай зброі Рускай арміі. Першая газабалонная атака адбылася 6 верасня 1916 г. у раёне г. Смаргонь.
26 кастрычніка 1912 г.
«Баранавіцкі лісток аб’яў» паведаміў аб адкрыцці ў Баранавічах новага паравога млына, крупадзёркі і саломарэзкі. Млын знаходзіўся на вуліцы Паштовай (цяпер Камсамольская), насупраць цяперашняга маладога парка. Ён быў пабудаваны з цэглы ў якасці прыбудовы да камнедрабільнай фабрыкі і працаваў ад яе рухавіка. І фабрыка, і млын належалі Л. Рагузінскаму і братам Гіршу і Якаву Бруку.
26 кастрычнiка 1939 г.
Пачала сваю дзейнасць Баранавіцкая абутковая фабрыка. А загад аб стварэнні прадпрыемства як фабрыкі індывідуальнага пашыву абутку быў падпісаны ў верасні 1939 года Народным Камісарыятам лёгкай прамысловасці БССР. Яе асноўнай задачай было забеспячэнне насельніцтва скураным абуткам: мужчынскім, жаночым і дзіцячым.
28 кастрычніка 1953 г.
Па рашэнню гарвыканкама ў Баранавічах з’явілася вуліца 8 Сакавіка. Да гэтага, з 1945 па 1953 год, вуліца насіла імя В. Дуніна-Марцінкевіча.
30 кастрычніка 1922 г.
Баранавічы наведаў першы кіраўнік адроджанай польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі. На працягу некалькіх гадзін ён прымаў прадстаўнікоў адміністрацыі і грамадскіх арганізацый горада і павета.
30 кастрычніка 1938 г.
Пачала пастаянную трансляцыю праграм Баранавіцкая радыёстанцыя, размешчаная па вул. Камсамольская, 99. Радыус дзеяння новай радыёстанцыі быў дастаткова шырокі. Яе перадачы слухалі ў Пінску і Гродне, Лідзе і Кобрыне, Нясвіжы і Маладзечне.
Афіцыйна радыёстанцыя была адкрыта 1 ліпеня 1938 г.
Глядзіце па тэме: Знаете ли вы историю Барановичей? BAR24 проводит викторину
Каляндар гістарычных дат і падзей у Баранавічах. Верасень
Тэст. Што вы ведаеце пра Дажынкі?
Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.
Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot