Крывавае вяселле і новая школа. Агляд старых газет за верасень 1934 года
Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.
2 верасня, Rolnik Nowogródzki №33
Баранавіцкія дажынкі
2 верасня ў Сваятычах адбудуцца дажынкі Баранавіцкага павета. У дажынках прымуць удзел Кола вясковай моладзі, аддзелы Аб’яднання стральцоў, Кола вясковых гаспадынь і інш.
Кіраўнік дажынак – старшыня Кола вясковай моладзі ў Баранавіцкім павеце У. Галэнбіцкі.
Асвячэнне школы ў Гарадзішчы
19 жніўня ў Гарадзішчы адбылося ўрачыстае асвячэнне новай пачатковай школы. Яна ўзведзена з дапамогай Фонду пабудовы пачатковых школ.
Асвячэнне выканаў пробашч мясцовай парафіі ў прысутнасці школьнага інспектара Ставовага.
4 верасня, Kurjer Nowogródzki
Гучны судовы працэс
У залі акружнога суда ў Баранавічах разглядалася справа былога дырэктара Купецкага кааператыўнага банка Я. Журавіцкага. Яго абвінавачвалі ў шкодных дзеяннях, нанесеных банку. Справа ўзбудзіла вялікую цікавасць ў горадзе. Працэс цягнуўся 2 дні.
Суд пасля доўгай нарады вынес апраўдальны прысуд.
6 верасня
Збіццё
3 верасня жыхар асады Новы Двор Сталовіцкай гміны Ян Сабко вяртаўся дадому з вёскі Дубава і быў затрыманы 4 невядомымі. Адзін з іх ударыў Яна нажом некалькі разоў у грудзі, рукі і ў бок. Ахвяра нападу не ведае тых, хто на яго напаў.
Разарвала снарадам
5 верасня жыхар вёскі Арабінавічы Сталовіцкай гміны Юліан Ламашук на падворку свайго дома разбіраў артылерыйскі снарад, што застаўся з часоў вайны. Падчас маніпуляцый снарад выбухнуў і разарваў Ламашука на кавалкі.
9 верасня, Rolnik Nowogródzki №34
Згарэлі Ганцавічы
3 верасня Баранавічы былі ўстрывожаныя пажарным сігналам. Гарэлі Ганцавічы. З Баранавіч на спецыяльным цягніку выехалі пажарная чыгуначная і гарадская каманды – 20 чалавек.
Пажар выбухнуў а 11-й гадзіне раніцы. Згарэла ўсё прадмесце. А 14-й гадзіне тэлеграфная лінія была ў агні. Працавала там тэхнічная калона з Баранавіч.
Пажар пачаўся з пякарні. Трох вайскоўцаў-уланаў ледзь выратавалі. Згарэла 6 дзяцей.
Ганцавічы мелі шчыльныя стасункі з Баранавічамі. Шмат баранавіцкіх фірм мелі там свае інтарэсы і цяпер атрымалі вялікія страты.
Вядома, што згарэла больш за 100 дамоў з гаспадарчымі забудовамі. Пажар працягваўся да 20-й гадзіны пры слабым ветры.
11 верасня, Kurjer Nowogródzki
Справа графа Патоцкага
Справа графа Яраслава Патоцкага, уласніка шматлікай ўласнасці ў Баранавіцкім і Лунінецкім паветах, будзе ізноў распачата ў бліжэйшыя дні ў Навагрудскай прымірэнчай канторы. Прычына – не выплачаныя ў тэрмін адтэрмінаваныя рахункі на канец верасня.
У двух частках будуць разгледжаны значныя справы крэдытораў графа Патоцкага.
13 верасня
Тэатр у Баранавічах
10 верасня ў Баранавічах у залі кінатэатра Casino адбылося выступленне «Рэдуты» (Reduta – эксперыментальны тэатр, які працаваў у 1919-1939 гадах у Варшаве і Вільні). Быў пастаўлены твор У. Пежыньскага «Легкадумная сястра». Трупа «Рэдуты», як звычайна, паказала сваё майстэрства. Публіка таксама выдатна рэагавала, аднак заўсёды знойдзецца сваё «але»…
Прадстаўленне распачалося пунктуальна. На жаль, мы яшчэ не прызвычаіліся да пунктуальнасці. З’ява гэта смутная, не – нават абуральная! Праміну ўжо тое, як адносяцца гледачы да некаторых асоб за іх пунктуальнасць. Але як гэта павінна нерваваць артыстаў падчас прадстаўлення: соўганне нагамі, перасоўванне крэслаў, размовы, нават бойкі. Напрыклад, за няправільна занятае месца.
І найгорш тое, што зала мае надзвычайную акустыку. Сапраўды, нікому не пашкодзіць быць сёння пунктуальным.
«Рэдута» вучыць нас гэтаму, але чаму мы са свайго боку не можам паказаць тое розным выязным тэатрам.
Крадзяжы
10 верасня у Піліпа Кабяка, што жыве ў Баранавічах на вуліцы Шасовай, 84 (цяпер Брэсцкая), скралі ровар маркі Witler вартасцю 152 злотых.
У ноч на 11 верасня ў Мані Рабіновіч, што жыве на вуліцы Орля, 29, сарвалі замок з сеняў і скралі бялізну і лыжачкі вартасцю 30 злотых.
15 верасня
Біскуп Букраба ў Баранавічах
12 верасня а 17.55 прыбыў з Пінска на цягніку ў Баранавічы ксёндз біскуп Казімір Букраба. На вакзале яго віталі прадстаўнікі мясцовых уладаў і духавенства.
Адразу з цягніка біскуп накіраваўся да мясцовага касцёла, дзе правёў кароткую малітву і блаславіў прысутных вернікаў.
Першая племянная выстава коней у Баранавічах
Намаганнямі Арганізацыйнага камітэта выставы коней 5 і 6 кастрычніка ў Баранавічах адбудзецца паказ племянных коней і кірмаш па закупцы коней для войска, кірмаш жэрабёў і вольны кірмаш коней.
5 кастрычніка
9.00 – адкрыццё
З 10.00 да 16.00:
- закуп коней для войска
- перайманне майстэрства па гадоўлі
- кавальскі конкурс падкоўвання коней
- вольны продаж коней
6 кастрычніка
З 9.00 да 12.00:
- працяг закупу коней для войска
- кавальскі конкурс падкоўвання коней
- закуп жэрабёў і вольны гандаль
ад 14-й да 16-й гадзіны:
Узнагароджанне пераможцаў конкурсу і закрыццё гандлю.
Крадзяжы
12 верасня паліцыя правяла ператрус у жыхара Баранавіч Паўла Якуты (вул. Гувэра, 77 – цяпер Царука). У выніку знойдзена вопратка, скрадзеная ў той самы дзень, вартасцю 350 злотых. Якута затрыманы.
18 верасня
Асвячэння будынка новай школы
15 верасня біскуп Букраба, які цяпер знаходзіцца ў Баранавічах, урачыста асвяціў будынак новай пачатковай школы (верагодна, будынак гэтай школы знаходзіўся на месцы сучаснай СШ №7). На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады і самакіравання на чале са старастай павета Неўгебаўэрам. Былі і вайсковыя ўлады на чале з камандзірам баранавіцкага гарнізона генералам Крок-Пашкоўскім.
Пасля прыбыцця біскупа Букрабы з прамоваю выступіў бурмістр горада Баранавічы інжынер Вольнік. Потым прамаўлялі школьны інспектар Ставовы і адвакатка Івашкевіч.
На тую прамову пан біскуп коратка павіншаваў горад і грамадства, якія здолелі ўзвесці такі прыгожы школьны будынак.
Затым біскуп асвяціў школьную капліцу і будынак школы і правёў у той капліцы святую імшу. Пасля прысутныя выпілі гарбаты і правялі ў цудоўным настроі некалькі хвілін.
Кошт будовы школы больш за 180 000 злотых. Будоўляй кіраваў мясцовы архітэктар Свентахоўскі. Школу адчыняць 1 кастрычніка. У класах будзе вучыцца каля 1200 вучняў. Кіраўнік школы пан Горст (Horst).
20 верасня
Аўтобусныя прыгоды
Аўтобус, які курсіруе на лініі Слонім-Баранавічы, вельмі часта ў дарозе псуецца, што прыводзіць да затрымкі пасажыраў на 2-3 гадзіны. Акрамя гэтага, паломкі пагражаюць бяспецы людзей.
Пасажыры рызыкуюць здароўем і нават жыццём з-за магчымай катастрофы. Гэткія акалічнасці на такім важным камунікацыйным адрэзку патрабуюць неадкладнага ўмяшання адпаведных органаў.
21 верасня
Суд над гаспадаром гатэля
19 верасня акруговы суд у Баранавічах разгледзеў рэдкую справу. На лаве падсудных сядзеў жыхар Баранавіч Якуб Рабіновіч, гаспадар гатэлю «Віленскі».
Справу вёў акружны суддзя пан Гуткоўскі, абвінаваўца – пракурор пан Рашкоўскі. Баранілі Рабіновіча адвакаты Паўлюць і Івашкевіч.
11 ліпеня Рабіновіч прыйшоў у магістрат з заяваю аб адмене патрабавання рамонту даху. Яму адмовілі ў яго прашэнні, бо яго дах крыты гонтай, а з-за мер бяспекі трэба перакрыць дах вогнестойкімі матэрыяламі.
Рабіновіч дазволіў сабе пагражаць гарадскому архітэктару пану Свентахоўскаму. Назваў яго «дурнем» і два разы ўдарыў ляскай (кій для хадзьбы) па галаве. Гэтым нанёс рану 31/2 см. Параненага агледзеў доктар Касы. Рабіновіча затрымалі.
Вырак суда: Рабіновіч павінен адбыць 6 месяцаў у вязніцы.
22 верасня
Зноў крадуць ровары
Крадзяжы ровараў сталі эпідэміяй у Баранавічах. Гэтым разам учора скралі ровар у вахмістра 26 уланскага палка Тэадора Кушэля. Вартасць ровару 200 злотых. Марка «Lucznik».
Бойка на вяселлі
17 верасня у вёсцы Валахва на вяселлі ў Тэадора Вашчылкі пачалася бойка. У выніку жыхары гэтай вёскі – Рыгор Якімчык і Майсей Кусцінскі – атрымалі некалькі нажавых раненняў. Ахвяры перавезены ў Міжкамунальны шпіталь у Баранавічах. Хто гэта зрабіў – невядома.
Чытайце таксама: Развадоўскія судзіліся з магістратам і новы бурмістр. Агляд старых газет за жнівень 1934 года
Катастрофа аўтобуса, смерць каскадзёра і хворы маньяк. Агляд старых газет за ліпень 1934 года
Страляніна каля дома старасты і смерць на станцыі. Агляд старых газет за чэрвень 1934 года
Разбуральная бура прынесла дзіўных птушак, і чарада пажараў. Агляд старых газет за май 1934 года
Смерць 4 дзяцей, прыезд ашуканца і футбол. Агляд старых газет за красавік 1934 года
Галодныя смерці, махлярства і пратэсты жыдоў. Агляд старых газет за сакавік 1934 года
Нелегальны мітынг, сходы рамеснікаў і эпідэмія тыфу. Агляд старых газет за люты 1934 года
Тыф, забавы пажарнікаў і авіаспаборніцтвы. Агляд старых газет за студзень 1934 года
Пажары, новыя дарогі і рабункі. Агляд старых газет за снежань 1933 года
Бойкі, крадзяжы і звальненні ў магістраце. Агляд старых газет за лістапад 1933 года
Стрэлы ў цэнтры горада, канцэрт прымадонны і крадзяжы. Агляд старых газет за кастрычнік 1933 года
Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.
Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot