Як немцы бамбілі Баранавічы 15 верасня 1939 года. Толькі на стары парк скінулі 158 бомбаў

Другая сусветная вайна прыйшла на беларускую зямлю не 22 чэрвеня 1941 года, а на два гады раней. Ужо 15 верасня 1939 года першыя нямецкія бомбы ўпалі на горад Баранавічы.

1 верасня 1939 года немцы напалі на Польшчу і пачалі наступ углыб краіны. Шмат забытых цяпер жыхароў горада і ваколіц былі прызваныя тады ў польскае войска і змагаліся на фронце з фашыстамі. Нехта загінуў, а многія трапілі ў нямецкі (правялі ў германскіх лагерах ваеннапалонных 6 год — да 1945 года) ці савецкі палон, ці проста вярнуліся дахаты.

Першы налёт

Калі фашысты наблізіліся 14 верасня да Брэста, іх авіяцыя атрымала магчымасць рабіць налёты і на гарады, што знаходзіліся на ўсходніх ускрайках тагачаснай Польшчы – Вільню, Навагрудак, Баранавічы. 15 верасня першыя нямецкія бомбы ўпалі на наш горад. Пад атаку трапілі два вакзалы і радыёстанцыя.

baranowicze 1939 radiostacja Баранавічы радыёстанцыя бамбаванне
Нямецкія лётчыкі загружаюць бомбы перад палётам на Баранавічы 15.09.1939.

Каля Цэнтральнага вакзала немцы знішчылі некалькі цягнікоў. Былі параненыя і забітыя сярод супрацоўнікаў чыгункі і мясцовых жыхароў.

baranowicze 1939 radiostacja Баранавічы радыёстанцыя бамбаванне
Здымак з нямецкага самалёта падчас бамбавання Баранавіч. З левага краю відаць вежа радыёстанцыі.

Як бамбілі радыёстанцыю

Над радыёстанцыяй «Баранавічы» польскай супрацьпаветранай абароне пашчасціла падбіць адзін з нямецкіх сярэдніх бамбардзіроўшчыкаў DO-17, які не дацягнуў да свайго аэрадрома, загарэўся і разбіўся каля Растэнбурга (цяпер польскі горад Кэнтшын). Радыёаператар з экіпажа памёр пазней у шпіталі. Баранавіцкая радыёстанцыя была пашкоджана і на нейкі час спыніла эфір, супрацоўнікі станцыі не пацярпелі.

baranowicze 1939 Glos Narodowy radiostacja Баранавічы радыёстанцыя бамбаванне
16.09.1939 года, газета Glos Narodowy. Абвестка аб бамбаванні баранавіцкай радыёстанцыі і прыпыненні яе працы.

«На радыёвяшчальную станцыю ў Баранавічах было скінута 158 бомбаў у непасрэднай блізкасці ад будынка, які змяшчае тэлерадыёвяшчальны апарат, і, хоць яны не трапілі непасрэдна на станцыю, лямпы вяшчання часткова зламаліся. Пасля бамбавання станцыя замоўкла ў пятніцу, 15 верасня», – паведамляў 3 чэрвеня 1941 года Юзэф Ельскі ў Лондане, падчас справаздачы аб баявых дзеяннях польскага войска ў верасні 1939 года.

baranowicze 1939 radiostacja Баранавічы радыёстанцыя бамбаванне
Здымак з нямецкага самалёта падчас бамбавання Баранавіч. З верху, сярод выбухаў, відаць вежа радыёстанцыі.

Польскі вайсковец Уладзіслаў Клімек, які вярнуўся дадому, у Баранавічы, пасля таго, як горад заняла Чырвоная армія, пазней пісаў: «Мэтай адной з першых экскурсій па горадзе было вывучэнне раёнаў, якія пацярпелі ад нямецкіх бамбаванняў. Мы ўбачылі знішчаныя дамы і варонкі ад бомбаў, якія густа рассыпаліся ў ваколіцах радыёстанцыі. Вежы антэнаў, гонар горада, захаваліся, нягледзячы на вялікую колькасць бомбаў, раскіданых паблізу. Гэта ўразіла».

baranowicze 1939 radiostacja Баранавічы радыёстанцыя бамбаванне бамбілі
Здымак з нямецкага самалёта падчас бамбавання Баранавіч. З левага краю відаць дзве вежы радыёстанцыі.

Вынікі

Дарэчы, на наступны дзень нямецкія самалёты бамбілі радыёстанцыю ў Вільні і здолелі яе знішчыць. Тады ж яны нанеслі ўдары па адрэзку чыгункі Вільня – Баранавічы і знішчылі два цягнікі. На чыгунцы Баранавічы – Сарны таксама знішчаны два цягнікі. Пад удар трапіў чыгуначны вузел Маладзечна.

baranowicze 1939 radiostacja Баранавічы радыёстанцыя бамбаванне бамбілі
Здымак з нямецкага самалёта падчас бамбавання Баранавіч.

Самая сучасная ў даваеннай Польшчы баранавіцкая радыёстанцыя пачала працу ў верасні 1938-га і знаходзілася тады на ўскрайку Баранавіч. Яе будынак захаваўся ў старым парку.

Чытайце таксама: Забытая гісторыя Баранавіцкай радыёстанцыі

Праз 2 дні ў горад увайшла Чырвоная армія. Радыёстанцыя была адрамантавана і 3 кастрычніка пачала новы эфір. Савецкая ўлада выкарыстоўвала яе ўжо ў сваіх мэтах.

У сваёй дакладной запісцы старшыня радыёкамітэта БССР Якельчык згадваў 11 верасня 1940 года: «Наяўнасць радыёстанцыі ў Баранавічах дазваляла не толькі рэтрансляваць перадачы Масквы і Мінска, але і давала магчымасць весці адмысловыя перадачы на Заходнія вобласці. У сувязі з гэтым праводзілася мясцовае вяшчанне, якое займала 3–4 гадзіны штодня. Туды ўваходзілі два выпускі «Апошніх навінаў» на беларускай мове і па адным на яўрэйскай і польскай мовах. Каля паўгадзіны на дзень адводзілася на гутаркі, што вяліся ў пагадненні з аддзелам прапаганды і агітацыі» (па матэрыялах кнігі «Назаўсёды разам», Мн., 99).

Пасля 1945 году абсталяванне баранавіцкай радыёстанцыі было перададзена савецкім урадам у Варшаву, для аднаўлення там вяшчання. Да 1990 году у будынку былой станцыі працавала «глушылка» заходніх радыёперадач. Цяпер будынак радыёстанцыі ахоўваецца дзяржавай. Доўгі час там размяшчалася тэлекампанія  «ІНТЭКС».

Чытайте таксама: Як выглядаў першы герб Баранавіч, пра які ўжо ніхто не памятае

Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах

Як савецкі дыпламат расстраляў у Баранавічах двух польскіх паліцэйскіх

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях