Як савецкі дыпламат расстраляў у Баранавічах двух польскіх паліцэйскіх

Пра падзеі, што адбыліся ў 1929 годзе ў Баранавічах, пісалі многія выданні ў свеце. Бальшавіцкі чыноўнік у паліцэйскім пастарунку пастраляў у нашым горадзе паліцэйскіх.

Гэтыя падзеі адбываліся, калі Баранавічы ўваходзілі ў склад міжваеннай Польшчы.

Усё пачалося 2 красавіка 1929 года. У той дзень супрацоўнік гандлёвага прадстаўніцтва СССР у Берліне Іван Апанасевіч разам з жонкаю сышоў на баранавіцкі перон, дзе праз нейкі час павінен быў перасесці на цягнік да Масквы. Аднак савецкі чыноўнік (які паходзіў з Малой Каўпеніцы) нечакана вырашыў наведаць сваю вёску, дзе жыў тады яго родны брат.

Артыкул з газеты Glos Poranny
Артыкул з газеты Glos Poranny

Дыпламат і паліцыянты

Што адбылося падчас сустрэчы братоў, невядома. Але ў той самы дзень Апанасевіч з’явіўся ў паліцэйскім пастарунку ў Сталовічах і папрасіў паратунку. Па словах савецкага гандлёвага прадстаўніка, ён баяўся, што на яго быццам бы рыхтуецца замах. Паліцэйскія спраўдзілі дакументы і паведамілі Івану, што ён не мае права знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.

У суправаджэнні паліцэйскага Апанасевіч з жонкаю вярнуўся ў Баранавічы. А 19-й гадзіне іх прывезлі ў чыгуначны пастарунак паліцыі. Там Апанасевіч прад’явіў савецкі службовы пашпарт з польскаю візаю. Ён яшчэ раз сцвердзіў, што на яго рыхтуецца замах. Намеснік баранавіцкага старасты прапанаваў Апанасевічам паехаць у гатэль і там пераначаваць. Ён абяцаў прыставіць да іх паліцэйскую ахову. Аднак Апанасевіч папрасіўся пераначаваць у паліцэйскім пастарунку, дзе адчуваў сябе больш бяспечна.

Цэнтральны вакзал у Баранавічах з прыбудовамі. Паштоўка пачатку ХХ ст.
Цэнтральны вакзал у Баранавічах з прыбудовамі. Паштоўка пачатку ХХ ст.

Страляніна ў пастарунку

Раніцай наступнага дня у пастарунак прыйшлі рэферэнт бяспекі Баранавіцкага стараства Багдан Кухаркоўскі, камендант паліцыі Шпэла і павятовы лекар, каб дапамагчы арганізаваць выезд савецкага чыноўніка ў СССР.

Пасля некалькіх хвілін размовы лекар з камендантам паліцыі выйшлі з пакоя. Разам з Апанасевічам і жонкай застаўся Кухаркоўскі і дзяжурны па пастарунку паліцыянт Фелікс Жалязкоўскі.

Баранавіцкія паліцэйскія на вечарыне. Здымак з калекцыі Руслана Равякі Baranowicze policja
Баранавіцкія паліцэйскія на вечарыне. Здымак з калекцыі Руслана Равякі

У гэты час заваніў тэлефон. І калі Кухаркоўскі падняў трубку і пачаў з некім размаўляць, Іван Апанасевіч раптоўна выхапіў пісталет і зрабіў тры стрэлы. Ад першага стрэлу быў цяжка паранены ў патыліцу Кухаркоўскі. Дзве кулі трапілі ў Жалязкоўскага – пад лапатку і ў скронь, адна куля выйшла навылет праз галаву.

The Straits Times

Газета ABC (Мадрыд)Ад атрыманых ранаў Жалязкоўскі памёр пад вечар у баранавіцкім шпіталі. Кухаркоўскага перавезі ў Вільню, дзе збіраліся рабіць трэпанацыю чэрапа, аднак пазней вырашылі не чапаць кулю ў галаве. Апанасевіча трымалі ў гарадскім шпіталі пад вартаю. Да яго на сустрэчу прыязджаў савецкі консул.

Дзіўная смерць

Бальшавіцкая амбасада заявіла палякам, што Апанасевіч быў звольнены з займанай пасады за некалькі дзён да здарэння і таму вяртаўся дахаты. Зброя была ўжытая для абароны сакрэтных дакументаў, якія ён вёз з сабою.

Сам Іван Апанасевіч патлумачыў, што яшчэ ноччу пастанавіў ажыццявіць даўні намер – забойства адаго ці двух прадстаўнікоў польскай улады, што бароняць буржуазны лад жыцця. Нейкіх згрызотаў сумлення ён не адчуваў.

Савецкага дыпламата збіраліся праверыць на вар’яцтва.

Аднак 6 красавіка, а 10-й гадзіне раніцы, Іван Апанасевіч раптоўна памёр у шпіталі ад інфаркту. Польскія газеты сцвярджаюць, што смерць надышла якраз у той час, калі адбывалася пахаванне памерлага паліцыянта і труну выносілі з касцёла.

Артыкул з газеты «Советская Сибирь»

Хто такі дыпламат Апанасевіч

Як пазней пісалі польскія газеты, Апанасевіч у 1914 годзе з’ехаў з Каўпеніцы на тэрыторыю Расіі – хутчэй за ўсё, у пачатку Першай сусветнай вайны ён быў прызваны ў расійскае войска. Падчас рэвалюцыі Іван пайшоў працаваць у ЧК, дзе актыўна прымаў удзел у розных акцыях «чрезвычайки».

Пасля скасавання ЧК быў чальцом Калегіі і Сакратарыята ГПУ. У 1923 годзе кіраўніком палітычнага бюро.  Пасля сканчэння Вышэйшай тэхнічнай школы быў прызначаны адным з кіраўнікоў аднаго з аддзелаў гандлёвага прадстаўніцтва СССР у Берліне.

Як высветлілася, Апанасевіч часта па дарозе у Расею ці Нямеччыну пад рознымі прычынамі заставаўся на некалькі дзён у брата пад Баранавічамі. Магчыма, у апошні раз ён заўважыў за сабою польскіх таемных агентаў у цывільным і таму звярнуўся ў паліцыю.

Артыкул у газеце The Singapore

Гэты выпадак у гісторыі горада сёння амаль забыты. Апанасевіча пахавалі недзе на праваслаўных могілках. Пасля ўсталявання савецкай улады ў верасні 1939 года пра яго магілу ніхто не ўзгадаў.

Жалязкоўскага ганарова пахавалі на каталіцкіх могілках, побач з Абеліскам па памерлых ад эпідэміі бежанцаў. Да сённяшняга часу яго помнік не захаваўся.

Абеліск могілкі Баранавічы Baranowicze
Абеліск на каталіцкіх могілках у 1923 і 2022 гадах

Чытаце таксама: Забытая гісторыя Баранавіцкай радыёстанцыі

Як выглядаў першы герб Баранавіч, пра які ўжо ніхто не памятае

Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях