Забытая гісторыя Баранавіцкай радыёстанцыі

1 ліпеня 1938 года станцыя пачала свой эфір. У даваеннай Польшчы радыёстанцыя лічылася самай сучаснай і найноўшай.

Будаўнічыя работы на радыёстанцыі ў Баранавічах пачаліся ў ліпені 1937 года. Мантаж абсталявання завяршыўся ў красавіку 1938 года. Радыёстанцыя афіцыйна пачала сваю працу 1 ліпеня 1938 г., як дзясятая радыёстанцыя Польскага радыё. Яе перадатчык магутнасцю 50 кВт працаваў на даўжыні хвалі 576,9 м /520 кГц/. Яе праграмы былі чутны на адлегласці 120 км ад перадатчыка.

Радыёстанцыя складалася з самой станцыі, антэннага комплексу і студыйнай зоны. Станцыя размешчана ў паўднёва-заходняй частцы горада (па дарозе на Слонім) – у гарадскім парку па адрасе вул. Gabriela Narutowicza, 72 (цяпер Камсамольская). Гэта быў прыгожы двухпавярховы будынак з крэмавым фасадам і плошчай 2800 кв. м.

Будынак радыёстанцыі. Здымак 1938 года
Будынак радыёстанцыі. Здымак 1938 года.

Студыйная частка ўключала дзве студыі: адну вялікую – аб’ёмам 500 м кв.,  і другую для дыктараў. Акрамя таго, у будынку было некалькі рэдакцыйных і адміністрацыйных памяшканняў. Станцыя абсталявана найноўшым кантрольна-вымяральным блокам, у значнай ступені аўтаматызаваным, што дазваляе кіраваць усёй станцыяй са стала кіравання адным чалавекам.

Антэнная сістэма складалася з двух сталёвых мачтаў на парцалянавых ізалятарах. Адна вежа (вышынёй 141 м) працавала як вертыкальная выпраменьвальная антэна. Другая (вышынёю 145 м, на адлегласці прыкладна 140 м) уяўляла сабой электраадбівальнік.

Будаўніцтва радыёстанцыі ў 1937 годзе Баранавічы
Будаўніцтва радыёстанцыі ў 1937 годзе

Баранавіцкая станцыя была трэцяй памежнай станцыяй у Польшчы пасля Львова і Вільні. Яна павінна была працаваць для слухачоў Палесся і Навагрудчыны. Зона пакрыцця ахапіла каля 1,5 мільёна чалавек, у тым ліку гарады Пінск, Навагрудак, Гродна, Ліда, Кобрын, Ваўкавыск, Стоўбцы, Нясвіж і Маладзечна.

Баранавіцкая радыёстанцыя. Улётка 1939 года
Баранавіцкая радыёстанцыя. Улётка 1939 года

Адразу пасля запуску ўзнікла вялікая праблема. Вечарам электрастанцыя не магла забяспечыць электрычнасцю  Баранавічы і радыёстанцыю, якая спажывала ўдвая больш энергіі, чым увесь горад. У сувязі з гэтым праца радыёстанцыі была скарочаная да 19:30. А пазней – да 18:30. Толькі пасля пашырэння электрастанцыі (30 кастрычніка 1938 года) станцыя пачала нармальна працаваць.

Ахоп тэрыторый польскімі радыёстанцыямі ў 1939 годзе.
Ахоп тэрыторый польскімі радыёстанцыямі ў 1939 годзе.

Праца радыёстанцыі ў міжваенны час

Як пісалася ў тагачасным штогодніку «Radio-Informator na rok 1939»: «Прыгожа адлюстроўваюцца крэмавыя муры і вымалёўваецца сучасная глыба будынка наймаладзейшай нашай станцыі. У сярэдзіне ён падзелены на дзве часткі: тэхнічную і адміністрацыйна-праграмовую. Вялікі хол стаў цэнтрам будынка. Вядуць з яго сходы на паверх, дзе знаходзяцца праграмная і адміністрацыйная канцылярыя, на першым паверсе знаходзяцца кабінет дырэктара, студыя і пакой дыктараў. Адтуль таксама можна ўвайсці да тэхнічнай часткі радыёстанцыі. Яе абсталяванне месціцца ў светлых прасторных залах і з’яўляецца апошнім “крыкам”  тэхнікі».

Здымак студыі

Спачатку не хапала лектараў, аўтараў, артыстаў. У той час рабіць запісы было дорага і складана, таму практыкаваўся жывы эфір. Выступленні аркестраў часцяком гучалі адразу ж з рэстарацый і кавярняў, дзе тыя гралі.

Дзякуючы згаданаму выданню «Radio-Informator na rok 1939», мы сёння можам даведацца пра расклад перадач нашай радыёстанцыі ў той час. Напрыклад, «у нядзелю з 13 гадзін да 13:10 ідуць папераменна аповеды з цыкла «Нашы вёскі й мястэчкі», што расказваюць пра працу і развіццё, якое адбываецца ў наваградскіх ды палескіх вёсках і мястэчках, і мастацкае чытанне папулярных урыўкаў з літаратуры… У панядзелак гаспадыні могуць заўсёды выслухаць аповеды з галіны хатняй гаспадаркі, у аўторак дае парады і адказвае на пытанні “земляробчы скрыначнік” – мясцовы гаспадар пан Тадэвуш Кулакоўскі. Штосераду чуе радыёслухач з Наваградчыны і Палесся аповеды з цыкла «Пра Польшчу», а шточацвер выходзіць аповед гаспадарча-земляробчы.

У дыктарскай баранавіцкай радыёстанцыі. baranowicze
У дыктарскай студыі Баранавіцкай радыёстанцыі

Падобны аповед ідзе і ў пятніцу папераменна з праграмай «Санітарня» доктара Б. Тамашэўскага, а ў суботу вясковая моладзь слухае пры рэпрадуктарах у сваіх клубах чытанні шэдэўраў польскай літаратуры ці адпаведныя «маладзёвыя» гутаркі…

Музычныя перадачы

У музычнай частцы радыёстанцыя давала слухачам пераважна польскую музыку. Гэта, як пісалі ў «Radio-Informator na rok 1939», досыць цяжкая задача, бо слухач з тутэйшай мясцовасці звычайна вельмі музычны. Таму нялёгка падабраць для яго праграму. На радыё гучалі музычныя творы у выканані мясцовых сялян і землеўласнікаў, настаўнікаў аграрных школ і даследчыкаў аграрных прадпрыемстваў. Гралі музыку для іх аркестры з баранавіцкіх салонаў. Выконваліся нават сімфанічныя творы пад кіраўніцтвам капельмайстраў мясцовых палкоў Войска Польскага ці настаўнікаў мясцовых музычных школ.

Будынак радыёстанцыі. Baranowicze
Будынак радыёстанцыі.

Трэба адзначыць вечаровую перадачу, якая гучала ў чацвер і стваралася ўласна на Баранавіцкай радыёстанцыі. «Гэта перадача, што ідзе з 22:00 да 23:00 гадзін – тады, калі большая частка слухачоў ужо спіць. Яе слухае той, хто цікавіцца тэматыкай праграмы… Гэта літаратурна-музычныя, выбраныя творы. І клопат радыёстанцыі такі, каб  праграмы былі звязаны з мясцовасцю, давалі ці то творы рэгіянальных творцаў, ці іх апрацоўкі… Забытых крыху паэтаў – Сыракомлю і Плуга-Пяткевіча».

У той самы час вядома, што менавіта ў  Баранавічах былі забаронены да выпуску ў эфір кружэлкі сусветнавядомага беларускага тэнара Міхася Забэйды-Суміцкага.

Вежы пад нямецкімі бомбамі

Станцыя працавала для Польшчы няшмат. 1 верасня выбухнула 2-я Сусветная вайна, а ўжо 15 верасня 1939 года радыёстанцыю безпаспяхова бамбіў 1-ы Паветраны флот Люфтвафэ. Да гэтага тыя ж самалёты ў 13 гадзін нанеслі ўдар па чыгунцы. Знішчылі некалькі цягнікоў. Польскія часці супрацьпаветранай абароны здолелі пашкодзіць адзін самалёт, які не даляцеў да аэрадрома і разбіўся каля Растэнбурга.

baranowicze 1939 radiostacja Баранавічы радыёстанцыя бамбаванне
Здымак з нямецкага самалёта падчас бамбавання Баранавіч. З левага краю відаць вежа радыёстанцыі.

Як немцы бамбілі Баранавічы 15 верасня 1939 года. Толькі на стары парк скінулі 158 бомбаў

Станцыя спыніла вяшчанне 16 верасня. Падчас новага бамбавання была пашкоджана адна антэнная мачта і лямпы ў перадатчыку.

baranowicze 1939 radiostacja Баранавічы радыёстанцыя бамбаванне
Здымак з нямецкага самалёта падчас бамбавання Баранавіч. Зверху, сярод выбухаў, відаць вежа радыёстанцыі.

На наступны дзень, 17 верасня 1939 года, савецкія войскі ўвайшлі ў Баранавічы. Неўзабаве станцыю адрамантавалі, і яна пачала вяшчаць як «Баранавічы».

Праца радыёстанцыі на карысць даваеннай БССР

Як згадваў у сваёй дакладной у ЦК КП(б)Б старшыня радыёкамітэта БССР М. Якельчык 11.09.1940 г., «наяўнасць радыёстанцыі ў Баранавічах дазваляла не толькі рэтрансляваць радыёперадачы Масквы і Мінска, але і давала магчымасць весці адмысловыя перадачы на Заходнія вобласці. У сувязі з гэтым праводзілася мясцовае вяшчанне, якое займала 3-4 гадзіны штодня. Туды ўваходзілі два выпускі «Апошніх навін» на беларускай мове і па аднаму на габрэйскай і польскіх мовах.

Баранавіцкі радыёкамітэт вёў самастойнае музычнае вяшчанне каля адной гадзіны на дзень, якое складалася з канцэртаў ці выступленняў  калектываў народнай самадзейнасці. Каля паўгадзіны на дзень адводзілася на гутаркі, што вяліся па ўзгадненні з аддзелам прапаганды і агітацыі» (па матэрыялах кнігі «Назаўсёды разам», Мн., 1999).

У гадавіну аб’яднання  БССР праз Баранавіцкую радыёстанцыю праводзіліся наступныя перадачы, што прымаліся ўсімі радыёвузламі заходніх абласцей:

  1. Выступленне сакратара Баранавіцкага абкама КП(б)Б тав. Тура на тэму: «З якімі дасягненнямі прыходзіць Баранавіцкая вобласць да дня  вызвалення з-пад прыгнёту польскіх памешчыкаў і  капіталістаў».
  2. Выступленне дэпутата  Вярхоўнага Савета СССР тав. Сяржанта на тэму «Мая дэпутацкая дзейнасць».
  3. Выступленне кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў на тэму «З чым мы сустракаем першую гадавіну вызвалення Заходняй Беларусі».
  4. Мастацкая самадзейнасць гарадоў Баранавічы, Брэст, Беласток, Ляхавіцкага раёна, в. Падлессе і г.д.
  5. Літаратурна-музычныя перадачы на тэму: «Чырвоная Армія – армія-вызвольніца», «Вызвалены народ», «Ленін і Сталін – арганізатары беларускай дзяржаўнасці», «Савецкія дзеці – самыя шчаслівыя дзеці ў свеце».

Нямецкая акупацыя

Пры нямецкай акупацыі праца радыёстанцыі працягвалася ўжо пад назвай «Baranowitschi», бо ў 1941 годзе савецкія часці не паспелі падарваць станцыю. Радыёматчы былі знічшаны ў 1944 годзе – адыходзячыя немцы падарвалі вежы.

Уваход немцаў у Баранавічы, чэрвень 1941 года. ВІдаць вежы радыёстанцыі
Уваход немцаў у Баранавічы, чэрвень 1941 года. Відаць вежы радыёстанцыі

Падчас вайны Варшава была амаль цалкам знішчана. Разбурана была і яе радыёстанцыя. 25 лютага 1945 г. прэзідэнт Польскай Народнай Рэспублікі Берут звярнуўся да Сталіна з просьбай перадаць Варшаве ацалелы даваенны перадатчык, які знаходзіўся ў Баранавічах. Хутка гэта было выканана, і баранавіцкі радыёперадатчык пачаў працаваць у Рашыне пад Варшавай. Там ён знаходзіўся да мадэрнізацыі станцыі ў 1949 годзе. У 1959 годзе баранавіцкі перадатчык пачаў працаваць на радыёстанцыі ў Лодзі.

У Баранавічах у будынку станцыі амаль да скону СССР размяшчалася апаратура для глушэння замежніх галасоў – «Радыё Свабода», «Голаса Амерыкі» і ВВС.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі частку будынка да 2016 года займала тэлекампанія «Intex-TV». Цяпер памяшканні станцыі здаюцца ў арэнду.

У старым парку яшчэ некалькі год таму можна было пабачыць бетонныя старыя апоры, што засталіся ад вежаў. Аднак у 2018 годзе іх разбурылі супрацоўнікі камунальных службаў горада.

Падмурак ад расцяжкі вежы.
Падмурак ад расцяжкі вежы. Здымак https://radiopolska.pl
Знішчэнне падмурка ў ліпені 2018 года.
Знішчэнне падмурка ў ліпені 2018 года. Здымак з архіва BAR24.BY
Падмурак ад радыёмачты. Знік падчас будаўніцва рэстарана.
Падмурак ад радыёмачты. Знік падчас будаўніцва рэстарана. Здымак https://radiopolska.pl
Падмурак ад расцяжкі вежы.
Падмурак ад расцяжкі вежы. Здымак https://radiopolska.pl

Чытайце таксама: Як выглядаў першы герб Баранавіч, пра які ўжо ніхто не памятае

Как выглядит крипта графа Развадовского в барановичском костеле

Как освобождали Барановичи 8 июня 1944 года. Воспоминания ветеранов

Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях