Каляндар гістарычных дат і падзей у Баранавічах. Ліпень

У рубрыцы «Каляндар» BAR24 раскажа пра галоўныя даты ў жыцці нашага горада.

У гісторыі кожнага горада (як і ў гісторыі краіны) ёсць шмат дат, звязаных з падзеямі і людзьмі, якія варта памятаць. Мы вырашылі скласці такі каляндар і кожны месяц расказваць вам пра самыя знакавыя моманты, што адбываліся ў Баранавічах і раёне.

1 ліпеня 1938 г.

Афіцыйна адкрыта Баранавіцкая радыёстанцыя, але трансляцыя перадач пачала ажыццяўляцца толькі праз некалькі месяцаў – 30 кастрычніка. Радыус дзеяння новай радыёстанцыі быў дастаткова шырокі. Яе перадачы слухалі ў Пінску і Гродне, Лідзе і Кобрыне, Нясвіжы і Маладзечне.

каляндар
Антэна радыёстанцыі ў Баранавічах, 1941 год

2 ліпеня 1905 г.

У 1905 годзе ў Баранавічах прайшла ўсеагульная забастоўка рамеснікаў. Сем найбольш актыўных удзельнікаў затрымала паліцыя.

2 ліпеня 1916 г.

Распачалася другая фаза Баранавіцкай аперацыі, якая з’яўляецца адной з самых крывавых падчас Першай сусветнай вайны на Усходнім фронце.

2 ліпеня пачалася руская артпадрыхтоўка. На ўчастку Выгада — Карчова распачаўся наступ 4-й расійскай арміі ген. Рагозы, у склад якой уваходзілі, акрамя грэнадзёраў, яшчэ Х, ХІХ, ХХV корпусы пяхоты, узмоцненыя 11 сібірскай дывізіяй і 112 дывізіяй пяхоты.

Ля Высокага і Скробава расійскія салдаты захапілі 1-ю лінію аўстрыйскіх умацаванняў. Было ўзята ў палон каля 3000 нямецкіх і аўстра-венгерскіх жаўнераў. Агулам, падчас аперацыі загінула ці было паранена каля 80 тысяч рускіх салдат і 8000 нямецкіх і аўстра-венгерскіх.

2 ліпеня 1952 г.

Рашэнне Баранавіцкага аблвыканкама №701  «Аб адкрыцці дзіцячай бальніцы ў г. Баранавічы». Бальніцы перадаць будынак, які належыць Баранавіцкай аблбальніцы і знаходзіцца па вул. Куйбышава. Колькасць коек — 50.

2 ліпеня 2024 г.

Адбылася цырымонія адкрыцця памятнага знака падпольнай групе Канстанціна Бадака на тэрыторыі лакаматыўнага дэпо Баранавічы.

каляндар
Адкрыццё памятнага знака падпольнай групе Канстанціна Бадака. Фота: rw.by

У склад падпольнай групы ўваходзілі актывісты Анатоль Ягораў і Якаў Карніенка. Іх дзейнасць была накіравана на збор інфармацыі і правядзенне дыверсій. 26 красавіка 1944 года група Бадака была пакарана смерцю каля паваротнага круга на тэрыторыі дэпо.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24.06.1965 г. Бадак і Ягораў былі пасмяротна ўзнагароджаны медалямі «За адвагу». У 1965 годзе двум вуліцам у Баранавічах прысвоілі іх імёны.

3 ліпеня 1906 г.

У вёсцы Люшнева Баранавіцкага раёна адбыўся сялянскі бунт. У данясенні ў  Міністэрства ўнутраных спраў паведамлялася, што “80 сялян в. Люшнева палкамі выгналі з лесу рабочых памешчыка Валовіча, адабралі ў лесапрамыслоўца Левіна залаты гадзіннік, знялі рабочых з сенажаці”.

3 ліпеня 1943 г.

Загінуў юны падпольшчык Мікалай Дарашэвіч, які на станцыі Баранавічы-Цэнтральныя ўстанавіў на нямецкі эшалон з гаручым міну і ўзарваў яе. Выбухам былі знішчаны 2 эшалоны, чыгуначнае палатно і некалькі дзясяткаў фашыстаў.

Мемарыяльная дошка на вакзале «Баранавічы-Цэнтральныя»

У памяць аб ім на будынку станцыі ўстаноўлена мемарыяльная дошка. А адна з вуліц горада носяць яго імя.

3 ліпеня 2007 г.

Ва ўрочышчы «Пагарэлец» Гарадзішчанскага сельсавета ўсталяваны мемарыял вязням Калдычэўскага лагера смерці, вядомы ў народзе як «Сцяна плачу».

каляндар

У Калдычэўскім лагеры смерці з 1942 па 1944 год фашысты замучылі каля 22 тысяч нявінных людзей розных нацыянальнасцей.

3 ліпеня 2019 г.

Алею Авіятараў урачыста адкрылі ў Баранавічах на вуліцы Камарова.

каляндар

4 ліпеня 1944 г.

Выйшаў апошні нумар падпольнай газеты “Чырвоная звязда” – органа Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б). Першы нумар выйшаў 28 красавіка 1943 года. Газета выходзіла 8 разоў у месяц тыражом 1,5-2 тысячы экзэмпляраў.

Усяго ва ўмовах падполля было выпушчана 112 нумароў газеты агульным тыражом 230 тысяч экземпляраў. Пасля вызвалення горада газета працягвала выдавацца ўжо афіцыйна да сакавіка 1963 г. Змяніла назву на «Знамя камунізму».

6 ліпеня 2003 г.

Насупраць Баранавіцкай дзіцячай паліклінікі адкрыты помнік і сквер у гонар партызан, якія дзейнічалі ў Баранавіцкім раёне падчас Вялікай Айчыннай вайны.

6 ліпеня 2020 г.

Пачалася масштабная рэканструкцыя стадыёна “Лакаматыў”. Па праекце планавалася ўмацаць трыбуны і пераабсталяваць спартыўны аб’ект пад стадыён другой катэгорыі. Пасля чаго, паводле рэгламенту УЕФА, ён зможа прымаць каманды вышэйшай лігі.

На стадыёне таксама планавалі адкрыць фітнес-цэнтр, магазін футбольнага клуба і ўстанавіць табло з магчымасцю перамоткі для паўтору гульнявых момантаў.

7 ліпеня 1964 г.

У гонар 20-годдзя вызвалення г. Баранавічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў летам 1964 г. у цэнтры горада быў запалены Вечны агонь і адкрыты помнік Вызвалення. Агонь прывезлі з Брэсцкай крэпасці. Сам помнік уяўляў сабой стэлу, устаноўленую на невысокім прастакутным стылабаце на двух апорах.

Агонь з Брэсцкай крэпасці ўвозяць на БТР у Баранавічы, каб запаліць Вечны агонь, 7 ліпеня 1964 г.

7 ліпеня 1984 г.

Адбылося ўрачыстае адкрыццё новага помніка воінам-вызваліцелям ля гарадскога Дома культуры ў Баранавічах. Скульптар М. Альтшулер. Выкананы ў выглядзе разгорнутага сцяга з кованай медзі, з барэльефнай выявай асобы чырвонаармейца ў касцы.

7 ліпеня 2003 г.

На доме №2 па вуліцы Жукава ў Баранавічах адкрыта мемарыяльная дошка Герою Савецкага Саюза маршалу Георгію Канстанцінавічу Жукаву.

8 ліпеня 1944 г.

Дзень вызвалення горада ад намецка-фашысцкіх захопнікаў. У 22 гадзіны Масква салютавала доблесным войскам 1-га Беларускага фронту, якія вызвалілі г. Баранавічы 20-ю артылерыйскімі залпамі з 224-х гармат.

8 ліпеня 2004 г.

У мікрараёне Тэксёр адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака – артылерыйскай гарматы – у памяць пра воінаў-артылерыстаў, якія змагаліся за Баранавічы.

8 ліпеня 2009 г.

У Баранавічах у раёне зялёнага маста па вул. Прамысловай ля чыгуначнага пераезду была адкрыта мемарыяльная дошка памяці 3 400 вязняў Баранавіцкага гета, расстраляных 4 сакавіка 1942 года.

8 ліпеня 2021 г.

“Пажарную лаўку” ўрачыста адкрылі ў Баранавічах каля Дома гандлю “Радуга”. Лаўка ўяўляе сабой кованую аснову, драўляную спінку і сядзенне. З аднаго боку лаўкі выкаваны агонь, з другога – вада, пасярэдзіне лавы – пажарныя шлем, сякера і крук.

каляндар

9 ліпеня 1941 г.

У акупіраваным фашыстамі горадзе працягнуліся масавыя расстрэлы яўрэйскага насельніцтва. У гэты дзень было расстраляна 73 яўрэі. Гэта быў чацвёрты масавы растрэл з пачатку акупацыі.

9 ліпеня 1945 г.

Утворана Баранавіцкая ваенная акруга, выдзеленая з Беларуска-Літоўскай. У акругу ўваходзілі тэрыторыі Баранавіцкай, Брэсцкай, Гродзенскай, Пінскай, Бабруйскай, Палескай і Гомельскай абласцей. Упраўленне акругі было ў Бабруйску. Камандаваў Маршал Савецкага Саюза, двойчы Герой Савецкага Саюза Сямён Канстанцінавіч Цімашэнка. Была скасавана 4 лютага 1946 года і ўключана ў склад Беларускай ваеннай акругі.

9 ліпеня 2012 г.

Указ аб змяненні межаў г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна быў падпісаны прэзідэнтам. Да Баранавічаў далучылі каля трох тысяч гектараў раённых земель. Тэрыторыя нашага горада павялічылася больш чым у паўтара раза. Гараджан стала болей прыкладна на 5 тысяч.

11 ліпеня 2010 г.

Быў закрыты легендарны міні-кірмаш “Пятачок”, што знаходзіўся ў цэнтры горада. На момант закрыцця там працавалі каля сотні прадпрымальнікаў. Цяпер на яго месцы ўзведзены гандлёвы цэнтр “Цэнтральны”.

Барановичи рынок Пятачок
Фото: @baranavichy_

10 ліпеня 1937 г.

Пачалося будаўніцтва Баранавіцкай радыёстанцыі магутнасцю 50 квт на атрыманым ад магістрата ўчастку зямлі плошчай 10 000 м2 – на ўскраіне горада па адрасе: вул. Габрыеля Нарутовіча, 72 (цяпер вул. Камсамольская, 65).

10 ліпеня 2003 г.

У Баранавічах на прадпрыемстве электрасетак запусцілі шунтуючы рэактар 180МВАр, які выконвае функцыі па рэгуляванні залішняй магутнасці ліній электраперадач і стабілізуе напружанне ў аўтаматычным рэжыме. На той час ён не меў аналагаў у свеце па сваіх тэхнічных характарыстыках.

12 ліпеня 1906 г.

У горадзе прайшоў мітынг ніжніх чыноў 3-га чыгуначнага батальёна. Маніфестантаў сустрэла рота 117 пяхотнага яраслаўскага палка, што прымусіла іх разысціся.

12 ліпеня 2014 г.

Распачалася акцыя “Must Act – Must Art” у Баранавічах. Мастакі з Гродна, Пінска, Гомеля і Мінска пачалі размалёўваць 6 фасадаў дамоў і некалькі тэхнічных збудаванняў. Да прыкладу, менавіта тады вялізныя карціны ў стылі стрыт-арт з’явіліся ў Ваенным гарадку і на вуліцы Брэсцкай.

каляндар

13 ліпеня 1997 г.

Асуджаныя, якіх у спецвагоне перавозілі ў месцы адбывання пакарання, паспрабавалі ўцякчы са спецвагона на станцыі «Баранавічы-Палескія» і напалі на канваіраў. Пры іх затрыманні загінуў 18-гадовы салдат – Сяргей Свянцецкі. Ён быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасць”.

14 ліпеня 2017 г.

У горадзе Баранавічы перайменаваны чатыры аўтобусныя прыпынкі. Прыпынак “СТА” на Слонімскай шашы стаў называцца “Мемарыяльны комплекс “Памяць”, “ПДА” – “Газінстытут”. Прыпынак “Завод «Эталон”, якога на той момант даўно не існавала, перайменавалі так: “Метэастанцыя”. А “Будгандаль” пачаў называцца “Крама “Ома”.

15 ліпеня 1913 г.

Першы футбольны матч баранавіцкай каманды “Арыён” (навучэнцы тэхнічнага вучылішча). Адбылася сустрэча з мінскім “Алімпам” у Ратамцы. Мінчане перамаглі 2:1.

15 ліпеня 1942 г.

Ва ўрочышчы Папоўскія горы ля мястэчка Моўчадзь Баранавіцкага раёна пачалася аперацыя па масавым расстрэле жыхароў навакольных вёсак яўрэйскай нацыянальнасці, якая доўжылася да 18 ліпеня. За чатыры дні ад рук фашыстаў загінула 3300 чалавек.

17 ліпеня 1944 г.

На 9-ы дзень пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачала працу Баранавіцкая друкарня.

17 ліпеня 1973 г.

Для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых для Баранавіцкай філіі Мінскага завода аўтаматычных ліній (цяпер завод аўтаматычны ліній) Дзяржкамітэт Савета Міністраў БССР выдаў загад №194 аб стварэнні ў Баранавічах ПТВ-118 металістаў. Цяпер Баранавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй машынабудавання.

17 ліпеня 2018 г.

Паклонны крыж устанавілі побач са Свята-Пакроўскім храмам. Яго асвяціў Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан. Такім чынам баранавіцкая царква адзначыла 100-годдзе пакутніцкай смерці імператара Мікалая II і яго сям’і.

каляндар, поклонный крест

У Баранавічах пад час Першай сусветнай вайны знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, куды некалькі разоў прыязджаў Мікалай II.

18 ліпеня 1876 г.

Беларускі і польскі літаратар, кампазітар, музыка, мастак і педагог Напалеон Орда зрабіў першы датаваны малюнак на тэрыторыі цяперашняга Баранавіцкага раёна. Гэта быў палац Радзівілаў у Паланэчцы і пейзажны парк. На малюнку ёсць надпіс, зроблены Ардой, дзе ёсць дата “18 ліпеня 1876 г.”. Затым была серыя з трох малюнкаў, датаваных 23 і 24 ліпеня, адзін без даты, прысвечаныя Туганавічам.

18 ліпеня 1987 г.

На будынку цэнтральнай гарадской бібліятэкі была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка і барэльеф Валянціна Таўлая.

19 ліпеня 1909 г.

У вёсцы Бараўцы Баранавіцкага раёна нарадзіўся першы двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-знішчальнік Сяргей Іванавіч Грыцавец. Першую зорку Героя Сяргей Іванавіч атрымаў за ўдзел у ваенных дзеяннях у Іспаніі, дзе на яго рахунку было трыццаць збітых варожых самалётаў асабіста і сем у групе. Другую – за ўдзел у баях на Халхін-Голе.

У гонар Грыцаўца ў 1949 г. устаноўлены бюст у Баранавічах каля ўвахода ў городскі парк. Імя прысвоена сярэдняй школе №1 г. Баранавічы.

19 ліпеня 1920 г.

У раёне вёскі Тартакі прайшоў бой паміж часткамі Чырвонай Арміі і адступаючымі часткамі польскага войска. Чырвонаармейцы атрымалі перамогу.

У 30-х гадах польскія ўлады ў памяць аб загінуўшых польскіх салдатах паставілі на месцы бою мемарыяльны знак у выглядзе чатырохбаковага каменнага крыжа.

20 ліпеня 1902 г.

У сям’і чыгуначнага машыніста ў Баранавічах нарадзіўся Георгій Нікіціч Халасцякоў – віцэ-адмірал, Герой Савецкага Саюза, ганаровы грамадзянін гарадоў Баранавічы, Геленджык (Расія), Браціслава (Славакія).

21 ліпеня 1983 г. Халасцякоў загінуў разам з жонкай у сваёй кватэры ў Маскве ад рук рабаўнікоў.

Яго імя носіць сярэдняя школа №9 у Баранавічах, там жа створаны музей віцэ-адмірала. У гонар Халасцякова названа адна з вуліц горада, там жа размешчаны памятны знак.

22 ліпеня 1941 г.

У 1941 годзе акупацыйныя ўлады пачалі выпускаць у Баранавічах газету «Baranowitscher Zeitung», якая выдавалася двойчы на ​​тыдзень і друкавалася на беларускай, польскай і нямецкай мовах. За гады акупацыі выйшла 223 нумары.

22 ліпеня 1986 г.

У 1986 годзе вуліца Крошынская ў Баранавічах перайменавана ў вуліцу імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Ільіча Казакова. Казакоў –  зенітны кулямётчык, камандзір кулямётнага ўзвода, які прымаў удзел у вызваленні нашага горада.

24 ліпеня 1944 г.

Прынята пастанова Баранавіцкага аблвыканкама і абкама КП(б)Б “Аб арганізацыі работы МТС (машынна-трактарных станцый)”, якія павінны былі забяспечваць тэхнічную дапамогу калгасам.

25 ліпеня 2014 г.

На станцыі “Баранавічы-Цэнтральныя” адкрыўся Цэнтр транспартнага абслугоўвання. У новым будынку пачалі ажыццяўляцца паслугі па арганізацыі перавозкі грузаў. Тут размясціліся транспартна-разліковы цэнтр, пункт мытнага афармлення.

27 ліпеня 1908 г.

У Баранавічах спыняўся вядомы габрэйскі пісьменнік Шалом-Алейхам, які прыехаў выступіць 27 ліпеня у баранавіцкім тэатры (знаходзіўся каля пошты, на рагу сучасных вуліц Куйбышава і Камсамольская). Маючы вялікі поспех у мясцовай публікі, пісьменнік пагадзіўся зладзіць яшчэ адзін выступ. Але нечакана ў яго абвастрыліся сухоты, і ён вымушаны быў правесці месяц у Баранавічах.

Увесь гэты час ён ляжаў і лячыўся ў гатэлі. Праз год было надрукавана яго апавяданне “Баранавічы”.

27 ліпеня 1944 г.

Загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага за вызваленне г. Баранавічы ад фашысцкіх захопнікаў 28 вайсковым злучэнням і часцям прысвоена ганаровае найменне “Баранавіцкая”.

28 ліпеня 2022 г.

Яшчэ адзін памятны знак у выглядзе паравоза з’явіўся ў Баранавічах. Яго ўсталявалі на вул. Брэсцкая, недалёка ад прыпынку “Дэпо”. Памятны знак стварылі работнікі лакаматыўнага дэпо, узяўшы за аснову мадэль паравоза, які першым прайшоў па новым участку Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, цяпер – тэрыторыя Баранавіцкага лакаматыўнага дэпо.

паровоз

Урачыстае адкрыццё адбылося 28 ліпеня і было прымеркавана адразу да трох свят: 150-годдзя Баранавіцкага лакаматыўнага дэпо, Дня чыгуначніка Беларусі і юбілея горада.

29 ліпеня 2000 г.

Рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў №45 Георгію Канстанцінавічу Цапаеву прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы”. Цапаеў – першы дырэктар Баранавіцкага вытворчага баваўнянага камбіната. Узначальваў прадпрыемства з моманту яго ўвядзення ў эксплуатацыю ў 1963 годзе да 1986 года.

29 ліпеня 2020 г.

Калектыў Баранавіцкай станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі пераехаў ў новы будынак па вуліцы Куйбышава, 96. У ім ёсць кабінеты амбулаторнага наведвання пацыентаў, душавыя, раздзявалкі, дыспетчарская, службовыя памяшканні, пакоі адпачынку персаналу, сталовая і канферэнц-зала на 82 месцы.

открытие скорой

На будаўніцтва станцыі было накіравана больш за 6,8 млн рублёў, яшчэ больш за 280 тыс. рублёў выдзелілі на закуп абсталявання.

30 ліпеня 1999 г.

У Баранавічах пачала функцыянаваць першая ў Беларусі экспазіцыя гісторыі чыгуначнай тэхнікі, дзе на плошчы 1,5 га прадстаўлена гісторыя чыгункі ў экспанатах тэхнікі. Музей валодае вялікай калекцыяй паравозаў і цеплавозаў. Тут прадстаўлены пасажырскія і грузавыя вагоны розных пакаленняў, вагонныя каляскі, макет паста дзяжурнага па пераездзе і памяшканне дзяжурнага станцыі, дзеючы семафор, рамонтная тэхніка і інш.

31 ліпеня 1802 г.

Нарадзіўся выдатны геолаг, мінералог, географ, педагог і этнолаг, шматгадовы рэктар Чылійскага ўніверсітэта і член многіх навуковых таварыстваў, адзін з самых вядомых выхаванцаў Віленскага ўніверсітэта і нацыянальны герой Чылі Ігнацій Іпалітавіч Дамейка.

З Баранавіцкім краем звязаны дзіцячыя гады Дамейкі. Ён часта прыязджаў у маёнтак сваёй бабулі ў Сачыўкі (недалёка ад Сталовіч), у Паланэчцы ў касцёле Св. Юрыя Дамейка быў ахрышчаны. Часта бываў у Тугановічах, а ў в. Крошын ля Дома культуры расце дуб, які Дамейка пасадзіў у 1884 г. разам з паэтам Антонам Адзінцом. У Крошыне пахаваная яго родная сястра Антаніна Язерская.

Ігнат дамейка камень каршын
Памятны камень у гонар Дамейкі. Здымак: BAR24.BY

У памяць аб вялікім вучоным у Крошыне ўстаноўлены памятны камень, а  адна з баранавіцкіх вуліц у мікрараёне Бараўкі носіць яго імя.

31 ліпеня 1999 г.

У Баранавіцкай сярэдняй спецыяльнай школе МУС Рэспублікі Беларусь адбыўся першы выпуск афіцэраў міліцыі. Рады беларускай міліцыі папоўнілі 144 маладыя афіцэры.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 лютага 2004 г. №139 установа адукацыі была ліквідавана.

Чытайце таксама: Каляндар гістарычных дат і падзей у Баранавічах. Чэрвень

Тэст. Ці ведаеце вы абрады беларускага вяселля?

КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Паланэчка

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях