Страляніна каля дома старасты і смерць на станцыі. Агляд старых газет за чэрвень 1934 года

Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.

2 чэрвеня, Kurjer Nowogródzki

Свята песні ў Моўчадзі

27 мая ў сувязі з надыходам «Свята песні» моладзевыя, школьныя і пазашкольныя хоры ў Моўчадзі (пад кіраўніцтвам настаўнікаў Рышплера і Куклеўскага) праспявалі шэраг польскіх і беларускіх песен. Пасля гэтага з прамовай выступіў дырэктар школы Арцём Анішкевіч. Ён адзначыў значнасць песні ў народзе як культурны фактар. Напрыканцы школьная дзятва паказала некалькі сваіх прац – сцэнічных і дэкламавання.

«Свята дзяцей» у Баранавічах

27 мая з аказіі «Свята дзяцей» каля Помніка невядомаму салдату (цяпер клумба насупраць гатэлю «Гарызонт» і гарвыканкама) адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак.

Сход цэха рэзнікаў

27 мая ў памяшканні па вуліцы Сенатарская, 24 (цяпер Горкага) пад кіраўніцтвам Шлёмы Мінкавіча адбыўся сход чальцоў Цэха рэзнікаў (мяснікоў ці супрацоўнікаў бойні).

Пасля прачытання справаздачы аб дзейнасці папярэдняга кіраўніцтва было абрана новае: старэйшы цэху Давід Бэкер, першы намеснік Хоня Быценьскі, другі намеснік Шлёма Мінкавіч, чальцы – Мендзель Быценьскі, Шмуль Каплан, Мордух Брэўда і Іцка Рэзнік.

8 чэрвеня

Напад на жытло старасты

6 чэрвеня а 23 гадзіне трое ўзброеных бандытаў спрабавалі здзейсніць напад на дом старасты Баранавіцкага павета Юрыя Неўгебаўэра. З гэтай мэтай адзін з іх таемна зайшоў у сад, але напалоханы аховай выбег адтуль. Разам з супольнікамі ён затаіўся пад парканам, чакаючы, калі згасне святло ў доме старасты.

За гэтымі тыпамі назіраў старэйшы пастарунковы паліцыянт Фальбін, які быў на службе ў цывільнай вопратцы. Ён нечакана падышоў да іх, каб затрымаць іх і спраўдзіць дакументы.

Бандыты на каманду Фальбіна «Стаяць, паліцыя!» адказалі стрэламі, чым прымусілі Фальбіна ужыць зброю.

Фальбін трапным стрэлам у галаву забіў на месцы аднаго з бандытаў. Забітым аказаўся Антон Лятэк, сын Францішка, 1900 года нараджэння, жыхар г. Хэльм (вул. Любельская 57-19).

Пры забітым знойдзены рэвальвер і тры свежавыстраленыя гільзы, а таксама запіскі, якія дазволілі следчым органам выкрыць яго супольнікаў. Паліцыя ўжо затрымала некалькі асоб па падазрэнні ў саўдзеле.

Пратэсты жыдоў у Баранавічах

4 чэрвеня на пляцы каля бажніцы на вуліцы Мінскай (цяпер Прытыцкага) адбыўся мітынг супраць забароны англійскімі ўладамі эміграцыі ў Палестыну. Прысутнічала каля 1000 чалавек. Кіраваў – Ісак Турэцкі. Прамаўлялі: рабін Шапіра Ландман, інж. Тэнеман, Юзаф Курынец і доктар Якуб Каган.

Прамоўцы адзначылі, што мітынг праводзіцца ў сувязі з забаронай англійскіх уладаў эміграваць жыдам у Палестыну, што жыдоўскі народ і цяпер праследуецца, што існуе думка, што жыды не здольныя да ніякай творчай працы і не могуць працаваць фізічна. Таму прысутныя павінны давесці ўсяму свету, што гэта хлусня. І калі ў Палестыне пачаў расці дабрабыт – ангельцы забаранілі туды эміграцыю. У Палестыне адбыўся страйк жыдоў супраць гэтага. Дайшло нават да крывавых сутычак работнікаў жыдоўскага паходжання з англійскай паліцыяй.

Напрыканцы мітынгу была ўхвалена рэзалюцыя супраць забароны на эміграцыю. Сход гэты быў зладжаны Урадам жыдоўскай гміны ў Баранавічах.

У той самы дзень у знак пратэсту а 18-й гадзіне ўсе жыдоўскія крамы былі ў горадзе зачыненыя.

13 чэрвеня

Крадзяжы

У ноч на 10 чэрвеня з пустога памяшкання па вуліцы Шасовая, 4 (цяпер Брэсцкая) у Міхаіла Ваньковіча скралі электрапрыборы і электрычны лічыльнік вартасцю 100 злотых.

У ноч на 5 чэрвеня на рынку ў Гарадзішчы ўзламалі замок з мясной крамы Аляксандра Леха. Было скрадзена сала і вяндліны на 50 злотых. Частку скрадзенага тавару знайшлі ў Аляксандра Вальмуса ў вёсцы Брыксічы.

15 чэрвеня

З’езд вясковых гаспадынь

У Баранавічах у памяшканні стараства адбыўся з’езд чальцоў Кола вясковых гаспадынь. Прысутнічалі сябры арганізацыі з Баранавіцкага павета. Пасля прывітання ўдзельнікаў з’езда баранавіцкім старастам Неўгебаўэрам былі зачытаны рэфераты: «Выраб хатняга палатна», «Хатняя гаспадарка» і «Заснаванне кола вясковых гаспадынь». Потым адбыліся выбары чальцоў Рады.

Крадзяжы

У ноч на 12 чэрвеня з абівачнага цэха на вул. Сенатарскай, 8 (цяпер Чырвонаармейская) у Неваха Баліхора скралі гоначны ровар маркі Kaminski вартасцю 80 злотых.

21 чэрвеня

Самагубства

17 чэрвеня 40-гадовая жыхарка Баранавіч Рахель Бусел, што жыла на вуліцы Садовай, 62 (цяпер Міцкевіча), з мэтаю самагубства выпіла дэнатураванага спірту, а потым скокнула ў студню і патанула. Яе цела дастала мясцовая пажарная каманда.

22 чэрвеня

Скралі воз

16 чэрвеня ў Берка Шмулевіча, які жыве ў маёнтку Антанова Моўчадзкай гміны, з дапамогай падкопу скралі воз вартасцю 70 злотых. З той жа адрыны скралі жалезны плуг Яўгена Казакевіча вартасцю 17 злотых.

Пажар

Днём 19 чэрвеня ў в. Серабрышча Моўчадзкай гміны з-за ўзгарання сажы на коміне хаты Ганны Сцяпуры выбухнуў пажар. У выніку згарэла ў: 1) Ганны Сцяпуры будынкі і гаспадарчыя прылады нас суму 2020 зл.; 2) Юзэфа Ёўшы – будынкі і жыта на суму 2575 зл.; 3) Аляксандра Пазнякевіча – жылы дом, гаспадарчыя будынкі, кавальскія і сталярскія прылады на суму 2020 злотых; 4) Юзэфа Стэфановіча – жылы дом, гаспадарчыя пабудовы на суму 2630 злотых. Агульныя страты склалі 9445 зл.

Будынкі былі застрахаваныя. Пажар лакалізавала мясцовая пажарная каманда.

25 чэрвеня

Ураган у Баранавіцкім павеце

21 чэрвеня прыкладна а 14.10 праз Баранавіцкі павет прайшла бура з градам і навальніцай. Яна нанесла наступная страты:

У вёсках Кадычыцы, Уцёс і Гайкоўцы (у 1972 годзе ўвайшла ў склад в. Уцёс) і асадзе Баканава былі цалкам знішчаны пасевы, павыбіваныя шыбы ў вокнах і забіта большая частка хатніх птушак.

Дабромысльская гміна: знішчана 15% пасеваў у маёнтку Рудня і частцы вёсак Закаплічча і Дабромысль. У вёсцы Сялец ад удару маланкі згарэла гумно Мікалая Лазарчука вартасцю 400 злотых.

У гміне Гарадзішча ад удару перуна згарэла гумно з гаспадарчымі прыладамі Арцёма Яфімчыка, вартасць – 600 злотых.

Град падаў велічынёю з курынае яйка. У пацярпелыя мясцовасці выехала ўліковая камісія.

26 чэрвеня

З жыцця баранавіцкіх тэатраў

20 чэрвеня ў памяшканні кінатэатра «Casino» група эстрадных артыстаў з Варшавы прадставіла эстрадную праграму, на якой паказала шэраг сцэнак і эстрадных песень. З кепскім поспехам.

А 21 чэрвеня ў памяшканні кінатэатру «Apollo» артысты самадзейнага тэатру Беластоцкага ваяводства прадставілі пастаноўку «Пацалунак перад люстрам». З вялікім поспехам

Танцы ў Палонцы

17 чэрвеня ў памяшканні школы ў Палонцы пажарная каманда зладзіла танцы. Чысты прыбытак у 36 злотых ад вечарыны пойдзе на пакупку пажарных прылад для мясцовай пажарнай каманды.

27 чэрвеня

Свята мора ў Баранавічах

Выканаўчы камітэт Свята мора ў Баранавічах зацвердзіў наступную праграму:

28 чэрвеня – дэкарацыя горада, а 19-й гадзіне парад з аркестрам.

29 чэрвеня – а 10.30 святочныя набажэнствы ва ўсіх гарадскіх храмах розных канфесій. Збор моладзі ўсіх навучальных устаноў каля Помніка невядомаму жаўнеру (цяпер клумба насупраць гарвыканкаму і гатэлю «Гарызонт»). А 11.30 – прамова, шэсце ўсіх арганізацый, таварыстваў а таксама ўдзельнікаў байдарачнага сплаву да Гдыні. Паход на возера Жлобін. Асвячэнне там байдарак. Прамовы.

А 13-й гадзіне заканчэнне шэсця.

Нешчаслівы выпадак на станцыі

25 чэрвеня на чыгуначным шляху Баранавічы – Брэст, каля станцыі Баранавічы-Цэнтральныя, паравоз, якім кіраваў машыніст Грыневіч, наехаў на падхарунжага капрала 78 пяхотнага палка Станіслава Мар’яна Янкоўскага. Янкоўскі – жыхар Варшавы, прыбыў у баранавіцкі 78 пяхотны полк на вучэнні рэзервістаў.

Кола паравозу адцяла Янкоўскаму правую руку і дзве нагі вышэй кален. Па дарозе да шпіталя Янкоўскі, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр.

Раптоўная смерць

У ноч на 18 чэрвеня да жыхаркі в. Загор’е Ульяны Шабан прыйшоў жабрак і папрасіўся пераначаваць. 23 чэрвеня а 6 гадзіне раніцы Шабан заўважыла, што згаданы жабрак, які лёг спаць у гумне – памёр. Пры ім не было ніякіх дакументаў.

29 чэрвеня

Пасяджэнне Гарадской рады

26 чэрвеня ў будынку магістрату (цяпер будынак друкарні) адбылося пасяджэнне Гарадской рады.

Сход распачаў баранавіцкі бурміст Ярмульскі, які склаў справаздачу пра рухомую і нерухомую маёмасць гарадской улады. Потым ён прадставіў праект будучай разбудовы горада. Сход ухваліў паборы на заробак бурмістра на суму 560 злотых штомесяц, а віцэ-бурмістра – 230 злотых штомесячна. (Для прыкладу: дзённы заробак кваліфікаванага работніка складаў у сярэднім 2 злотых, пуд жыта каштаваў таксама 2 злотых, 1 яйка – 0,7-0,9 злотых).

Выстава быдла ў Вольна

22 чэрвеня ў вёсцы Вольна адбылася выстава быдла чырвонай пароды і коней. Сюды прыбылі разводчыкі з Баранавіцкага, Стаўбцоўскага і Навагрудскага паветаў. Прадстаўлена 220 кароў, 70 бугаёў і каля 150 коней.

Выставу адчыніў баранавіцкі стараста Юры Неўгебаўэр разам з прадстаўнікамі Віленскай і Навагрудскай сельскагаспадарчых палатаў. Быў прафесар Адамс з Вены.

Трэба адзначыць вялікую гаспадарчую значнасць гэтай выставы, якая выклікала вялікае зацікаўленне мясцовых земляроў.

Нешчаслівы выпадак

27 чэрвеня а 17 гадзіне жыхар вёскі Палонка 16-гадовы Антон Мінінкевіч пасвіў быдла і корпаўся са стрэльбай уласнай канструкцыі і набітай адмысловымі каменчыкамі. Падчас гэтага адбыўся стрэл, і Антон параніў сябе ў жывот.

З прастрэленым жыватом маладога канструктара прывезлі ў Баранавіцкі міжкамунальны шпіталь. Там ён памёр у цяжкіх пакутах.

Чытайце таксама: Разбуральная бура прынесла дзіўных птушак, і чарада пажараў. Агляд старых газет за май 1934 года

Смерць 4 дзяцей, прыезд ашуканца і футбол. Агляд старых газет за красавік 1934 года

Галодныя смерці, махлярства і пратэсты жыдоў. Агляд старых газет за сакавік 1934 года

Нелегальны мітынг, сходы рамеснікаў і эпідэмія тыфу. Агляд старых газет за люты 1934 года

Тыф, забавы пажарнікаў і авіаспаборніцтвы. Агляд старых газет за студзень 1934 года

Пажары, новыя дарогі і рабункі. Агляд старых газет за снежань 1933 года

Бойкі, крадзяжы і звальненні ў магістраце. Агляд старых газет за лістапад 1933 года

Стрэлы ў цэнтры горада, канцэрт прымадонны і крадзяжы. Агляд старых газет за кастрычнік 1933 года

Дзве авіякатастрофы і знойдзены скарб. Агляд старых газет за верасень 1933 года

Цыганскі кароль, цырк і новы герб горада Баранавічы. Агляд старых газет за жнівень 1933 года

Банкруцтва банка і конныя спаборніцтвы. Агляд старых газет за ліпень 1933 года

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях