КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Паланэчка

У рубрыцы «КРАЯвіды» знаёмім з цікавымі куточкамі Баранавіцкага рэгіёна і расказваем, што варта паглядзець і чаму абавязкова трэба прыехаць. Сёння наш прыпынак – Паланэчка.

Шмат хто з нас марыць пабачыць сусветныя славутасці ў розных кутах свету. Але многа цікавага і выбітнага знаходзіцца зусім побач з намі. Вёска Паланэчка знаходзіцца за 35 км на паўднёвы-усход ад Баранавіч і мае вельмі багатую гісторыю.

Пабываць у вёсцы Паланэчка варта хаця б дзеля таго, што тут захавалася частка гісторыі нашай Айчыны. Тут жыў і ствараў свае музычныя і драматычныя творы кампазітар Мацей Радзівіл. У мясцовым касцёле, у афармленні якога і сёння прысутнічаюць фрагменты легендарных слуцкіх паясоў, хрысцілі беларускага навукоўца і нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейку. А падземныя хады пад палацам дагэтуль вабяць неразгаданасцю сваіх таямніц.

Палац Радзівілаў Паланэчка Полонечка
Палац Радзівілаў, 2024 год. Фота BAR24.BY

Гісторыя вёскі Паланэчка

Згодна гістарычных крыніц, яшчэ ў 1428 годзе Паланэчка належала Ульяне Гальшанскай, жонцы славутага князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта. Радзівілы пачалі ўладарыць на гэтых землях толькі напрыканцы XVII стагоддзя.

З 1749 па 1800 гг. у Паланэчцы гаспадарыць Мацей Радзівіл, падкаморы ВКЛ, слынны кампазітар і актыўны палітык, вядомы яшчэ і тым, што вызваліў уласных сялян ад прыгону. Менавіта яму належаць словы: «Спачатку радзіму, а пасля радзівілаўскі дом хачу бачыць шчаслівым».

Мацей Радзівіл. Карціна з палацу ў Паланэчцы. Цяпер у прыватнай калекцыі
Мацей Радзівіл. Карціна з палацу ў Паланэчцы. Цяпер у прыватнай калекцыі

У гэты час Паланэчка пераўтварылася ў грамадска-культурны цэнтр рэгіёна. Да Мацея Радзівіла часта  любілі заяжджаць паэты, мастакі ды музыкі. У 1777 годзе па дарозе з Масквы ў Францыю давялося начаваць тут і расійскаму літаратару Дзянісу Фанвізіну з жонкай. Той быў уражаны добрым прыёмам і багаццем прапанаваных вінаў.

Ён пакінуў запіс: «28 августа приехали обедать в местечко Полонечно (так ён запісаў), принадлежащее Радзивиллу. Тут мы приняты были очень хорошо в доме самого хозяина. Обед хороший, на серебре…., но ночевали в деревне Старая Мышь, в корете, не имев другого пристанища».

Палац Радзівілаў у Паланэчцы. Малюнак Напалеона Орды, ХТХ ст
Палац Радзівілаў у Паланэчцы. Малюнак Напалеона Орды, ХIХ ст.

У 1751 годзе ў мястэчку ўзведзены драўляны касцёл Святога Юрыя.

У складзе Расійскай імперыі

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Паланечка апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1819 годзе тут пабудаваны вадзяны млын. Паводле інвентару 1844 года, у мястэчку было 58 двароў з поўнымі надзеламі і 32 двары з прысядзібнымі дзялянкамі. У местачкоўцаў было каля 50 кароў, 26 коней.

Сын Мацея Радзівіла – Канстанцін – вызначаўся прагрэсіўнымі поглядамі. У Паланэчцы яго наведаў паэт Уладзіслаў Сыракомля. У часы паўстання Каліноўскага 1863-64 гг. у ваколіцах мястэчка дзейнічалі паўстанцкія аддзелы.

Паланэчка на мапе 1892 года
Паланэчка на мапе 1892 года

У сярэдзіне 1880-х пад назвай Паланэчка існавалі 3 населеныя пункты: мястэчка — 62 двары, касцёл, капліца, земская народная вучэльня, вадзяны млын, крама; вёска (9 двароў) і маёнтак.

Падчас Першай сусветнай вайны каля вёскі праходзіла лінія фронту. Паланэчка знаходзілася на расійскім баку.

Расісйкія афіцэры каля палацу. Фота 26 лютага 1917 года. Паланэчка
Расійскія афіцэры каля палацу. Фота 26 лютага 1917 года

У 1921 годзе вёска ўвайшла ў склад Польшчы. Тады тут існавалі мястэчка (99 двароў) і фальварак.

У 1939 годзе Паланэчка ўвайшла ў склад БССР. З 15 студзеня 1940 года знаходзілася ў Гарадзішчанскім раёне Баранавіцкай вобласці. 12 кастрычніка 1940 года стала цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 25 снежня 1962 года ў складзе Баранавіцкага раёна.

Палац і сядзіба Радзівілаў

Пра саму сядзібу Радзівілаў сярод мясцовых ходзіць нямала легенд. Адна з іх – аб доўгім падземным тунэлі такога памеру, што па ім з лёгкасцю магла праехаць карэта, запрэжаная тройкай коней. Распавядаюць, што даехаць па гэтай падземнай дарозе можна было да Нясвіжскага замка Радзівілаў.

– Мне пра падземны тунэль часта распавядалі бацькі. Яны да вайны працавалі ў палацы: мама за дзецьмі прыглядала, а тата быў конюхам. Я ўпэўненая, што праход пад зямлёй сапраўды быў, – расказвала ў 2018 годзе Аляксандра Куневіч, дом якой стаіць каля будынку сядзібы.  Менавіта праз гэты тунэль мы засталіся без водаправода. Калі рылі траншэю, каб пракласці трубы, наткнуліся на сцяну. Прабіць яе не змаглі нават экскаватарам.

Палац Радзівілаў. Фота BAR24.BY
Палац Радзівілаў. Фота BAR24.BY

Росквіт палацу

Сядзіба Радзівілаў актыўна афармлялася з другой паловы XVIII стагоддзя з далейшымі перапланіроўкамі вышэйзгаданага Мацея Радзівіла і пазней яго сына Канстанціна.

Палац Радзівілаў у Паланэчцы. Гравюра Барэці 1894 год
Палац Радзівілаў у Паланэчцы. Гравюра Барэці 1894 год

Па сцвярджэннях даследчыкаў, у пачатку XIX стагоддзя ў Паланэчцы стаяў палац у стылі класіцызму. Вакол знаходзіліся два паркі – французскі і англійскі, аранжарэя, капліца, млын, гаспадарчы двор і пад’язная алея.

Пабудаваны італьянскім дойлідам палац у Паланэчцы ўяўляе сабою копію палаца ў Трывулзіна, што знаходзіцца недалёка ад італьянскага горада Беладжыё. Гэта гарызантальна выцягнуты двухпавярховы будынак, спалучаны галерэямі з дзвюма сіметрычна размешчанымі афіцынамі.

Палац Радзівілаў у Паланэчцы. Гравюра Барэці 1894 год
Палац Радзівілаў у Паланэчцы. Гравюра Барэці 1894 год

Цэнтральная частка фасаду дэкаравана шасцю гермамі – слупамі, увенчанымі скульптурнымі выявамі галоў старажытнагрэцкіх філосафаў. Лагічным заканчэннем цэнтральнай часткі фасаду быў трохкутны франтон з гербам Радзівілаў.

Палац Радзівілаў у Паланэчцы. Здымак 1910 года.
Палац Радзівілаў у Паланэчцы. Над уваходам трохкутны франтон з гербам Радзівілаў. Здымак 1910 года

Калекцыі і пакоі

Унутраная аздоба палаца цалкам адпавядала густам і аўтарытэту Радзівілаў. Дубовая мэбля французскіх мадэляў, паркет з рознакаляровага дрэва, мармуровыя каміны, калоны – тое, што стварала інтэр’ер палаца з мноствам пакояў і залаў розных формаў і памераў.

Адзін з пакоеў у палацы Радзівлаў. Здымак 2023 года
Адзін з пакояў у палацы Радзівілаў. Здымак 2023 года

Люстраныя сцены і чаргаванне залаў уздоўж працяглага калідору на другім паверсе стварала ўражанне бясконцасці прасторы. Пасярэдзіне бібліятэкі, якая налічвала больш за 4 000 тамоў, месціўся вялікі стол, на якім былі раскладзены мапы, расстаўлены глобусы, калекцыі гравюр і медалёў.

Кафля на калідоры. Паланэчка
Кафля на калідоры. Фота 2023 года.

У зборы мастацкіх твораў палаца знаходзіўся партрэт маладога Каперніка пэндзля італьянца Габрыэля Матэі. Быў габелен «Наданне Мікалаю Радзівілу княжацкай годнасці імператарам Карлам V у 1547 годзе» памерам 1,5х0,75 м. Сямейных партрэтаў у галерэі налічвалася 38. Навейшыя і найлепшыя вобразы належалі пэндзлю таленавітых мастакоў XVIII—XIX стагоддзяў — М. Бачарэлі, 4 партрэты работы Лампі, Пешкі, Рустэма і Латура.

Сходы.  Здымак 2023 года

У 1869 годзе, пасля смерці Канстанціна, гэтыя каштоўнасці былі вывезены ў Варшаву. Наноў Паланэчка ажыла напрыканцы XIX стагоддзя, калі тут гаспадарыў Альберт Станіслаў Радзівіл, які пражыў да Першай сусветнай вайны.

Афіцэры Расійскай арміі каля палацу. 1917 год
Афіцэры Расійскай арміі каля палаца. 1917 год

Альберт Станіслаў Радзівіл выехаў у Амерыку, перапісаўшы сядзібу на пляменніка Уладзіслава Радзівіла. Ён быў апошнім гаспадаром сядзібы ў Паланэчцы да прыходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года.

Расісйкія афіцэры каля палацу. Фота 26 лютага 1917 года
Расійскія афіцэры каля палацу. Фота 26 лютага 1917 года

Часы без Радзівілаў

Палац зазнаў на сваім вяку ўсяго: двойчы гарэў, часткова разбураўся падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі і Другой сусветнай вайны. У віхуры гісторыі быў страчаны ўнікальны франтон з гербавай выявай.

Выгляд палаца пасля сканчэння Першай сусветнай і Савецка-польскай вайны. 1923 год Паланэчка Полонечка
Выгляд палаца пасля сканчэння Першай сусветнай і савецка-польскай вайны. 1923 год. На франтоне відаць герб Радзівілаў.

Сёння трохкутнік франтона адноўлены з белай сілікатнай цэглы, што, на жаль, дысгармануе з астатнімі часткамі будынка.

Паланэчка
Франтон перакладзены з цэглы. Здымак BAR24.BY
палац паланэчка
Фота BAR24.BY

На жаль, не дайшла да нашага часу неагатычная аранжарэя з вежамі і зашклёнай аркадай. Апошні здымак, на якім зафіксаваны гэты цудоўны экзатычны будынак, датуецца 20-мі гадамі XX ст. Падчас вайны быў ссечаны і парк. Капліца, Чорны і Чырвоны масты праз раку Змейку, заезныя брамы таксама страчаны, а пад’язная алея захавалася ў фрагментах.

Уваход у палац у 2024 годзе.
Уваход у палац, 2024 г. Здымак BAR24.BY

Пасля вайны ў палацы знаходзілася школа. Але ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя школу перавялі ў іншы будынак з-за аварыйнага стану палаца.

Палац у 1946 года, да таго, як там размясцілі школу. Здымак - архіў Паланэчкаўскай бібліятэкі
Палац у 1946 г., да таго, як там размясцілі школу. Здымак — архіў Паланэчкаўскай бібліятэкі

На той момант, кажуць мясцовыя, ім тлумачылі, што на гарышчы будынка сабралася вялікая колькасць птушынага памёту і столь пачала асядаць.

Першакласнікі каля школы ў Паланэчцы. Здымак - архіў Паланэчкаўскай бібліятэкі
Першакласнікі каля школы ў Паланэчцы. Фота — архіў Паланэчкаўскай бібліятэкі

Была яшчэ адна прычына, па якой будынак былога палаца аднеслі да аварыйных: у падмурку з’явілася расколіна. Прасцей было збудаваць новы будынак, чым рамантаваць стары і адказваць, калі нешта пойдзе не так.

Школьная лінейка. Здымак - архіў Паланэчкаўскай бібліятэкі
Школьная лінейка. Здымак — архіў Паланэчкаўскай бібліятэкі
Сярэдняя школа ў былым палацы ў Паланэчцы. Здымак - архіў Паланэчкаўскай бібліятэкі
Сярэдняя школа ў былым палацы ў Паланэчцы. Фота — архіў Паланэчкаўскай бібліятэкі

Часы безгаспадарства і заняпаду

Цяпер палац, па словах мясцовых жыхароў, падобны да адзінокага хворага старога, пра якога ўсе забыліся.

У сярэдзіне палаца ў 2016 годзе.
У сярэдзіне палаца ў 2016 годзе. Здымак з архіва BAR24.BY

30 снежня 2013 года палац упершыню выставілі на продаж. У маі 2014 года сядзібу выкупіла кампанія «Спецактивстрой-инвест» за $53 000. Аднак яна не здолела нават выплаціць усю гэтую суму, а таксама не знайшло інвестараў, на якіх разлічвала, хаця звярталася нават да Радзівілаў. Напачатку 2016 года палац быў ізноў перададзены дзяржаве.

У сярэдзіне палаца ў 2016 годзе. Паланэчка
У сярэдзіне палаца ў 2016 годзе. Здымак з архіва BAR24.BY

Летам 2016 года будынак ізноў выставілі на аўкцыён за $38 000. Аднак новага гаспадар цяжка было знайсці. Летам 2017 года палац прадаваўся ўжо за $10 000.

Адзін з пакоеў у палацы Радзівлаў. Здымак 2023 года
Адзін з пакояў у палацы Радзівілаў. Здымак 2023 года

Не дачакаўшыся новых уласнікаў, палац пачаў развальвацца. 10 красавіка 2018 года абвалілася сцяна правага флігера, а на наступны дзень – суседняя сцяна.

Сцяна абрынулася ў 2018 годзе. Здымак з архіву BAR24.BY Паланэчка
Сцяна абрынулася ў 2018 годзе. Здымак з архіву BAR24.BY

Спробы прадаць палац працягваліся да снежня 2020 года, калі яго нарэшце купіла за 19 200 рублёў сям’я прадпрымальнікаў з Мінска. Убачыўшы здымкі сядзібы, яны вырашылі паспрабаваць выратаваць яе. Па іх словах, тое было зрабіць складана. Калі фасад можна было аднавіць больш-меньш хутка, дык у сярэдзіне было загублена да 90% інтэр’еру. Патрабавалася распрацоўка праекта і падрыхтоўка шматлікіх дакументаў.

Палац Радзівілаў. Фота BAR24.BY
Палац Радзівілаў у 2024 годзе. Фота BAR24.BY

Новыя ўласнікі стварылі старонкі ў соцсетках і пачалі заклікаць валанцёраў на дапамогу. У маёнтку ладзілася не раз талака, каб нават проста навесці парадак – выкінуць смецце, пакасіць траву і пачысціць парк.

Фота BAR24.BY

Людзі з усё краіны цікавіліся ходам аднаўлення. У кастрычніку 2021 года ўсяго за 2 дні было сабрана больш за 17 000 рублёў на праектныя працы.

На жаль, з вясны 2023 года па невядомым прычынам усе працы спыніліся, і палац ізноў пачаў пуставаць.

Палац Радзівілаў. Фота BAR24.BY
Палац Радзівілаў у 2024 годзе. Фота BAR24.BY

Касцёл

Драўляны каталіцкі храм Святога Юрыя быў пабудаваны на пагорку, непадалёк ад палацу Радзівілаў у 1751 годзе па фундацыі біскупа Жалкоўскага. Яго асвяцілі ў 1759 годзе.

Касьцёл Святога Юрыя. Здымак 1900 года. Паланэчка
Касцёл Святога Юрыя. Здымак 1900 года.
Каталіцкі храм у 2024 годзе Паланэчка
Каталіцкі храм у 2024 годзе. Фота BAR24.BY

Касцёл перабудоўваўся ў 1827 і 1897 гадах. Апошні раз па замове Альберта Станіслава Радзівіла храм з дрэва пераўтварылі ў неагатычны касцёл з выкарыстаннем швейцарскага стылю ў афармленні. Такім мы яго можам пабачыць і цяпер.

Вернікі каля касьцёла Святога Юрыя. Здымак 1944-49 гг. Паланэчка
Касцёл Святога Юрыя. Здымак 1944-49 гг.
Каталіцкі храм у 2024 годзе Паланэчка
Фота BAR24.BY

Менавіта ў гэтым касцёле хрысцілі нашага славутага земляка, вядомага навукоўца і асветніка, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейку.

Вернікі каля касьцёла Святога Юрыя. Здымак 1944-49 гг. Паланэчка
Вернікі каля касцёла Святога Юрыя. Здымак 1944-49 гг.

У сярэдзіне касцёла ў алтары размешчаны 2 чыгунныя мемарыяльныя дошкі 1829 і 1836 гадоў, прысвечаныя прадстаўнікам роду Радзівілаў. Маецца арган на 9 галасоў, які быў зроблены ў 1897 годзе.

Могілкі каля касцёла ў Паланэчцы
Могілкі каля касцёла ў Паланэчцы. Фота BAR24.BY

Млын у вёсцы Паланэчка

Руіны млына ў в. Паланэчка.
Руіны млына ў в. Паланэчка. Фота BAR24.BY

Над сажалкаю ўскрай вёскі стаіць напаўразбураны каменны вадзяны млын. На чорным камяні адной з ацалелых сцен і сёння захавалася выбітая дата пабудовы: 1819 год.

Руіны млына ў в. Паланэчка.
Надпіс «1819» на мурах былога млына. Фота BAR24.BY
Руіны млына ў в. Паланэчка.
Руіны млына ў в. Паланэчка. Фота BAR24.BY

Парк

Палац некалі атачаў вялікі парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі, які складаўся з дзвюх частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчалася перад палацам на чатырох тэрасах, якія з невялікімі перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана чорнай пірамідальнай таполяй. На газоне перад палацам існаваў сонечны гадзіннік.

Неагатычны зімовы сад каля палацу. 1930 год. Паланэчка
Неагатычны зімовы сад каля палацу. 1930 год.

Алея ішла праз парк да капліцы-пахавальні Канстанціна Радзівіла. У капліцы некалі меўся абраз Божай Маці, здабыты Янам III пад Венай, які потым быў перададзены ў капліцу Нясвіжскага замка, і драўляны крыж «часоў ранняга хрысціянства», прывезены з іерусалімскіх храмаў у 1584 годзе.

Фота BAR24.BY

Перад палацам стаяла ўязная мураваная брама з вазамі, выкананая ў стылі ампір. За палацам быў разбіты «французскі» парк.

На жаль, ад усяго гэтага засталіся толькі руіны і некаторыя дрэвы.

Палац Радзівілаў. Фота BAR24.BY
Палац Радзівілаў. Фота BAR24.BY

Як даехаць

З Баранавіч да Паланэчкі вядзе добрая заасфальтаваная дарога з маляўнічымі пейзажамі. Сюды можна даехаць на прыгарадных аўтобусах ці на машыне.

Фота BAR24.BY

Чытайце таксама: Ахоўную зону зацвердзілі каля касцёла ў в. Паланэчка Баранавіцкага раёна. У ім хрысцілі Дамейку

КРАЯвіды. Што паглядзець у мястэчку Моўчадзь

КРАЯвіды. Што паглядзець у мястэчку Гарадзішча

КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Сталовічы

КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Новая Мыш

КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Крашын

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях