Каляндар гістарычных дат і падзей у Баранавічах. Чэрвень

У рубрыцы «Каляндар» BAR24 раскажа пра галоўныя даты ў жыцці нашага горада.

У гісторыі кожнага горада (як і ў гісторыі краіны) ёсць шмат дат, звязаных з падзеямі і людзьмі, якія варта памятаць. Мы вырашылі скласці такі каляндар і кожны месяц расказваць вам пра самыя знакавыя моманты, што адбываліся ў Баранавічах і раёне.

2 чэрвеня 1909 г.

У лесе ў двух вёрстах ад горада Баранавічы адбыўся мітынг рабочых чыгункі і вайскоўцаў. У мітынгу ўдзельнічала каля 900 ніжніх чыноў чыгуначнай брыгады, два афіцэры, дзве службовыя асобы, да 40 чалавек чыгуначных служачых. Амяркоўваліся пытанні нявызначанага становішча Дзяржаўнай Думы, якая практычна не прымала ніякага ўдзелу ў кіраўніцтве краінай.

5 чэрвеня 1993 г.

Адбылася першая эфірная тэлеперадача Баранавіцкай гарадской тэлестанцыі Intex TV. Гэтая дата стала афіцыйным днём нараджэння тэлеканала “Інтэкс”.

Интекс
Супрацоўнікі тэлеканала Intex TV Лілія Банкевіч і Васіль Вашчынскі рыхтуюць сюжэт да эфіру

6 чэрвеня 2003 г.

У г. Баранавічы з’явіўся новы горад-пабрацім – Ялгава (Латвія). Пратакол аб супрацоўніцтве падпісалі старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі і старшыня гарадской Думы г. Ялгава Андрыс Равіньш.

7 чэрвеня 2013 г.

Музей гісторыі Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання адкрыўся ў бібліятэцы прадпрыемства. У ім паказана гісторыя прадпрыемства, пачынаючы з 1958 года, калі выйшла пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР аб будаўніцтве ў Баранавічах баваўнянага камбіната. Сабрана шмат дакументаў, фатаграфій работнікаў, грамат і ўзнагарод.

открытие музея БПХО
Чырвоную стужачку пераразае былы галоўны інжынер БВБА Аляксандра Чыжова. Злева ад яе — гендырэктар прадпрыемства Іван Турчак

8 чэрвеня 1915 г.

Падпісаны загад №40 па штабу Вярхоўнага Галоўнакамандуючага аб узвядзенні манумента загінулым рускім воінам на месцы вайсковых могілак у Баранавічах (калісьці знаходзіліся ў сучасным цэнтры горада).

9 чэрвеня 1942 г.

Група партызан напала на атрад Баранавіцкага СС пад камандаваннем Грунцэльфельдэра, які на двух легкавых і двух грузавых аўтамабілях выехаў з горада на ліквідацыю яўрэйскага насельніцтва ў вёску Налібокі Стаўбцоўскага раёна. Партызаны, выкарыстоўваючы сховішча і паніку фашыстаў, вымусілі іх патраціць увесь боекамплект, пасля чаго знішчылі практычна ўвесь атрад (з 35 фашыстаў у жывых засталося толькі трое).

11 чэрвеня 1915 г.

У гэты дзень пачаўся апошні візіт імператара Расіі Мікалая II у Баранавічах. Гэта быў 10 прыезд імператара ў Стаўку і быў адзін з самых працяглых, да 28 чэрвеня. Агулам за адзін няпоўны год існавання Стаўкі ў Баранавічах Мікалай II правёў тут каля двух месяцаў. У сувязі з набліжэннем фронту і адступленнем рускай арміі, 9-га жніўня Стаўка была пераведзена ў Магілёў.

12 чэрвеня 1958 г.

Пачаў сваю гісторыю водаканал г. Баранавічы. Рашэннем гарадскога выканаўчага камітэта быў арганізаваны “Водаканалтрэст”. Першым кіраўніком прадпрыемства быў прызначаны Фёдар Дзянісавіч Ларын, які ўзначальваў калектыў да 1961 года.

У 1958 г. на балансе прадпрыемства было каля 6 кіламетраў водаправодных сетак, больш за 6 кіламетраў каналізацыйных сетак. Рэалізацыя вады ў той час складала 11,8 тыс. кубаметраў у год. Калектыў складаўся з 14 чалавек.

каляндар
Першы будынак водаканала. Фота з сайта veda.by

13 чэрвеня 1916 г.

Пачалася ваенная наступальная аперацыя расійскай арміі, якая ўвайшла ў гісторыю Першай сусветнай вайны як Баранавіцкая аперацыя. Станоўчых зменаў на фронце яна не прынесла і скончылася поўным правалам. Расійская армія страціла забітымі каля 80 тысяч супраць 14 тысяч у праціўніка.

13 чэрвеня 1964 г.

У гонар 20-годдзя вызвалення Баранавічаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў адкрыты помнік вызвалення і запалены Вечны агонь. На невысокім прамавугольным стылабаце на двух апорах была ўсталяваная Стэла памерам 2,9 на 2,6 метра. На яе фасаднай плоскасці знаходзілася выява ўмацаванага на штыкеце Чырвонага сцяга з зоркай.

каляндар
Вечный огонь в Барановичах, 1975 г.

Першаму помніку ля Вечнага агню было наканавана прастаяць толькі дваццаць гадоў. У 1984 годзе Стэла была заменена на новы помнік.

14 чэрвеня 1793 г.

Ураджэнец Баранавіцкай зямлі Яўхім Ігнацы Юзэф Храптовіч ва ўзросце 63 гадоў стаў Канцлерам Вялікага Княства Літоўскага. У сучасным дзяржаўным ладзе яго пасада адпавядала Міністру замежных спраў і Міністру ўнутраных спраў. Адметны той факт, што ён быў апошнім Канцлерам ВКЛ: 24 кастрычніка 1795 г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, пасля якога ВКЛ перастала існаваць.

14 чэрвеня 1912 г.

У вёсцы Пятрэвічы Баранавіцкага раёна нарадзіўся Іван Пятровіч Першукевіч –Герой Сацыялістычнай Працы. Гэтага звання ён быў удастоены ў лістападзе 1943 года «за асаблівыя заслугі ў забеспячэнні перавозак для фронту і народнай гаспадаркі і выдатныя дасягненні ў аднаўленні чыгуначнай гаспадаркі ў цяжкіх умовах ваеннага часу».

Жыў у горадзе Баранавічы. Памёр 25 снежня 1980 года. Узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі, знакам «Ганароваму чыгуначніку». Яго імем названа адна з вуліц у Баранавічах.

14 чэрвеня 1916 г.

У Баранавічах адбылося выязное экстраннае пасяджэнне Савета міністраў Расійскай імперыі на чале з імператарам Мікалаем II. На гэтым пасяджэнні разглядалася пытанне аб становішчы на фронце пасля шэрагу няўдач, а таксама вырашэнні кадравых перастановак у Савеце міністраў.

15 чэрвеня 2012 г.

Адзіная ў Брэсцкай вобласці экспазіцыя, прысвечаная развіццю аптэчнай справы, адкрылася ў аптэцы на вуліцы Тэльмана ў Баранавічах. Яна размясцілася ў будынку, які ў 1936 годзе ўзвёў правізор Станіслаў Лаеўскі.

Музейная экспазіцыя стваралася сіламі фармацэўтаў усёй Брэсцкай вобласці, якія на працягу амаль года прывозілі ў Баранавічы бутэлечкі, ступкі, старыя скрынкі, этыкеткі ад лекавых упаковак і іншае старажытнае аптэчнае начынне, а таксама фатаграфіі і дакументы, звязаныя з развіццём аптэчнай справы.

16 чэрвеня 1942 г.

Фашысты прывезлі у Баранавічы некалькі тысяч яўрэяў з Чэхаславакіі, Германіі і Аўстрыі і знішчылі іх ва ўрочышчы Гай.

Вытрымка з акта раённай камісіі аб фактах злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў перыяд акупацыі. 1 студзеня 1945 г.

16 чэрвеня 1994 г.

Загадам канцэрна “Белместпрам” прадпрыемства “Белместбытхім” перайменавана ў вытворчую фірму “Бархім”.

17 чэрвеня 2015 г.

Баранавіцкі тэлеканал “Інтэкс” перайшоў на вяшчанне ў лічбавым фармаце.

22 чэрвеня 1941 г.

У першы дзень вайны нямецка-фашысцкія захопнікі бамбілі Баранавічы: ваенны аэрадром, бензасховішча, Ваенны гарадок, станцыю Баранавічы-Палескія. У гэты ж дзень быў адкрыты рахунак збітых нямецкіх самалётаў у паветраным баі над Баранавічамі. Эскадрылля знішчальнікаў пад камандаваннем капітана Аўчарова ў першым жа паветраным баі збіла два варожых самалёта і здолела вярнуцца на аэрадром у поўным складзе.

23 чэрвеня 1642 г.

Віленскі біскуп Станіслаў Няборскі асвяціў у Гарадзішчы новы касцёл.

23 чэрвеня 1929 г.

У Баранавічах адбыўся нелегальны з’езд Баранавіцкага акруговага праўлення Таварыства беларускай школы( ТБШ), на якім абмяркоўвалася праца таварыства і сітуацыя з забаронай польскіх уладаў па пытаннях культурна-асветніцкай дзейнасці.

23 чэрвеня 2004 г.

Падпісаны Указ аб адкрыцці Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рэктарам быў назначаны Васіль Іванавіч Качурка, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар.

24 чэрвеня 1972 г.

У лясным масіве на паўночна-ўсходняй ускраіне горада Баранавічы, ва ўрочышчы “Гай”, быў адкрыты мемарыял у памяць аб трох тысячах чэхаславацкіх грамадзян, якіх фашысты расстралялі ў чэрвені 1942 года.

каляндар

Аўтары помніка: архітэктары Макараў, Марэніч, Мілавідаў, скульптар Альтшулер.

каляндар

24 чэрвеня 1996 г.

Да 200-годдзя з дня нараджэння аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Чачота ў в. Новая Мыш усталяваны помнік.

25 чэрвеня 2002 г.

На пасяджэнні гарвыканкама было вырашана пытанне аб закрыцці сярэдняй школы №8 (вул. Кірава) і перадачы яе будынка Баранавіцкаму філіялу тэхнічнага ўніверсітэта

26 чэрвеня 1941 г.

У адпаведнасці з загадам Камандуючага Паўднёва-Заходнім фронтам у г. Харкаў пачалося фарміраванне 38-й рухомай авіяцыйна-рамонтнай чыгуначнай майстэрні (вагонны састаў 38 ПАМ, як вайсковая часць 21951). У майстэрні спачатку рамантавалі пашкоджаныя ў баях знішчальнікі Як-1, затым лёгкія бамбавікі Су-2, а пачынаючы з 1943 года – браняваныя штурмавікі Іл-2.

Вагонны састаў 38 ПАМ. Фота: 558arp.by

Пасля шматлікіх пераездаў і перайменаванняў у маі 1953 года майстэрні канчаткова аселі ў горадзе Баранавічы, і зараз вядомыя як ААТ “558 Авіяцыйны рамонтны завод”.

26 чэрвеня 2008 г.

Рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў №8 адна з вуліц новага мікрараёна «Бараўкі» названа імем Героя Савецкага Саюза Аляксандра Іовіча Валошына. Валошын – лётчык-знішчальнік у гады Вялікай Айчыннай вайны, здзейсніў 293 баявых вылета, правёў 68 паветраных баёў, збіў асабіста 16 самалётаў праціўніка.

Яшчэ адна вуліца ў Бараўках названа імем Героя Савецкага Саюза Арсенія Паўлавіча Нікіціна. Нікіцін – лётчык далёкабамбардзіровачнай авіяцыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пад час блакады Ленінграда ў ліку першых дастаўляў боепрыпасы і харчаванне.

Гэтым жа рашэннем у Бараўках з’явілася вуліца імя ​​Івана Юдаевіча Андрэева. Андрэеў – удзельнік Першай сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

27 чэрвеня 1941 г.

На пяты дзень вайны нямецка-фашысцкія войскі ўвайшлі ў горад Баранавічы і акупіравалі яго.

27 чэрвеня 1944 г.

Перад адступленнем нямецкай арміі, у ноч на 27 чэрвеня 1944 года, была распачата акцыя па ліквідацыі Калдычэўскага лагера смерці. За тры дні ў самім лагеры фашысты расстралялі каля 1000 чалавек. Ва ўрочышчы Пагарэлец – яшчэ 1000. Большасць будынкаў у лагеры былі ўзарваныя. Знішчалася лагерная дакументацыя.

каляндар
Будынак турмы Калдычэўскага лагера смерці, 1944 г.

Магілы забітых вязняў лагера маскіраваліся пад навакольны ландшафт, параўноўваліся з зямлёй, утрамбоўваліся і засяваліся травой, засаджваліся дрэвамі і хмызнякамі. Усяго за час існавання лагера было знішчана каля 22 тысяч мірных жыхароў.

27 чэрвеня 2004 г.

Каля гарадскога пасёлка Гарадзішча, ва ўрочышчы Міхнаўскі лес, адбылося адкрыццё памятнага знака на месцы пахавання больш за дзвесце цыган, расстраляных падчас Вялікай Айчыннай вайны.

28 чэрвеня 1660 г.

Адбылася бітва каля вёскі Палонка Баранавіцкага раёна. Тут падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай у 1654-1667 гг. аб’яднанае літоўскае і польскае войска пад кіраўніцтвам гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага атрымала перамогу над войскам маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага.

28 чэрвеня 1925 г.

У Баранавічах пры ўдзеле грамадзянскіх улад, духавенства ўсіх веравызнанняў і ваенных чыноўнікаў адбылося ўрачыстае перапахаванне астанкаў салдат, якія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны. На месцы перапахавання быў адкрыты помнік Невядомаму салдату. Гэты помнік знаходзіўся на рагу вуліц Міцкевіча і Шаптыцкага (сучаснай вуліцы Савецкай і плошчы Леніна).

28 чэрвеня 1941 г.

Пасля таго, як у Баранавічы ўвайшлі нямецкія войскі, усім жыхарам горада габрэйскай нацыянальнасці пад страхам смерці забаранілі хадзіць па ходніках. Іх абавязалі насіць на вопратцы жоўтую зорку Давіда. У гэты ж дзень, 28 чэрвеня, усё яўрэйскае насельніцтва было выселена на так званы “Сахалін” (зараз раён завода “Бархім”).

Пазней пад Баранавіцкае гета было адведзена 11 кварталаў у цэнтры горада. Гета было абгароджана драўляным плотам з калючым дротам. Выхад ажыццяўляўся па пропусках і строга ахоўваўся.

гетто
Территория гетто в Барановичах

28 чэрвеня 1944 г.

Ноччу савецкая авіяцыя нанесла магутны ўдар па ваенных складах і чыгунцы горада. На наступны дзень у газеце «Чырвоная зорка» пра гэты налёт пісалася: «У выніку бамбардзіроўкі чыгуначнага вузла Баранавічы ўзнікла 23 вялікія ачагі пажару і адбылося некалькі моцных выбухаў. Пажары назіраліся экіпажамі пры адыходзе ад мэт з адлегласці 150 кіламетраў». Гэтай жа ноччу па Баранавічах былі развешаны ўлёткі аб хуткай перамозе савецкіх войскаў.

29 чэрвеня 1941 г.

На трэці дзень акупацыі горада Баранавічы фашысцкія войскі пачалі масавае знішчэнне насельніцтва горада. У гэты дзень на плошчы (зараз гарадскі стадыён) адбыўся першы публічны паказальны расстрэл у Баранавічах. Ахвярай нацыстаў сталі 90 цыган, прывезеных з вёсак Гінцавічы і Малькавічы. У гэты ж дзень нацысты расстралялі каля 500 яўрэяў.

30 чэрвеня 1905 г.

Адбылася масавая палітычная забастоўка рамеснікаў. Вечарам 30 чэрвеня каля 200 рамеснікаў прайшлі па вуліцах Баранавічаў з крыкамі «Далоў урад!», «Далоў манархію!». Праз два дні страйк паўтарыўся. Сямёра самых актыўных удзельнікаў арыштавала паліцыя.

30 чэрвеня 1941 г.

Было расстраляна каля 300 яўрэяў на старых яўрэйскіх могілках (цяпер вул. Чарнышэўскага). У гэты ж дзень фашысты павялі з гета 36 яўрэяў-урачоў – нібыта для лячэння савецкіх ваеннапалонных. І расстралялі іх.

30 чэрвеня 1999 г.

Рашэннем гарадскога Савета дэпутатаў ад 30 чэрвеня 1999 года №14 звання «Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы» удастоены Уладзімір Аляксандравіч Заламай. У 80-я гады Заламай з’яўляўся першым сакратаром Баранавіцкага гаркама КПБ, узначальваў аддзел прамысловасці. Пазней быў першым намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама. З 1993 г. стаў намеснікам старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, з 1994 г. – міністрам па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Чытайце таксама: Разбуральная бура прынесла дзіўных птушак, і чарада пажараў. Агляд старых газет за май 1934 года

Что изменится с 1 июня для жителей Барановичей и всех белорусов

КРАЯвіды. Што паглядзець у мястэчку Моўчадзь

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях