Смерць 4 дзяцей, прыезд ашуканца і футбол. Агляд старых газет за красавік 1934 года

Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.

4 красавіка, Kurjer Nowogródzki

Рамесніцкі банк

2 красавіка а 19 гадзіне ў Баранавічах, у памяшканні на вуліцы Уланскай (цяпер Піянерская ці бульвар Штакераў) пад кіраўніцтвам Абрама Рэзніка адбыўся агульны сход чальцоў Рамесніцкага банка. Пасля справаздачы аб дзейнасці банка і кіраўніцтва за мінулы год было прапанавана ліквідаваць банк з-за ўзніклага дэфіцыту.

Большасць сабраных выказвалася за працяг далейшага існавання банка. Таму пытанне было вынесена на галасаванне. Большасць прагаласавала за працяг працы банка. У мэтах пакрыцця дэфіцыта сход пастанавіў зменшыць адміністрацыйныя кошты. Акрамя таго, чальцы банка павінны дадаткова зрабіць унёсак на суму 25 злотых. Кіраўніцтва банка сход пакінуў у папярэднім складзе.

Нешчаслівы выпадак

На вуліцы Пенкнай (цяпер – Казакова), у доме №6, 29 сакавіка а 18 гадзіне двухгадовы Тадэвуш Прыступа застаўся дома пад апекай дзевяцігадовай сястры Алены. У выніку недагляду апошняй хлопец зваліўся са стала і ўдарыўся галавой аб падлогу. Праз 2 гадзіны ён памёр.

5 красавіка

Крадзеж

У ноч на 29 сакавіка ў Лявона Шарэвы, які жыве на вуліцы Галуўкі, 1 (цяпер – Куйбышава) у Баранавічах злодзеі выбілі шыбу і скралі мяса і гаспадарчыя рэчы на 40 злотых.

30 сакавіка а 3.20 падчас службы патрульны паліцэйскі заўважыў на вуліцы Калеёвай (цяпер – Вільчкоўскага) падазроную асобу, якая несла мех. Той чалавек, пабачыўшы паліцэйскага, кінуў мех і ўцёк. У мяху былі шынка, сала і тлушч агульнай вагой каля 40 кг.

6 красавіка

З’яўленне ваўкоў

Ноччу 2 красавіка каля вёскі Мордзічы з’явіліся 3 ваўкі, якія загрызлі сабаку Васіля Сялюбы, а таксама спрабавалі зрабіць падкоп у хлеў з авечкамі.

Арганізацыя пажарнай каманды

23 сакавіка ў вёсцы Сенічанята Пачапаўскай гміны адбыўся сход, на якім была створана добраахвотная пажарная каманда. У кіраўніцтва былі абраныя: Якуб Мацюкевіч (старшыня), Аляксандр Саргавіцкі (намеснік старшыні), Юзаф Грынеўскі (сакратар) і Ян Былінскі (скарбнік).

7 красавіка

Рэабілітацыя бурмістра

4 красавіка ў Навагрудскім акруговым судзе разглядалася апеляцыйная справа бурмістра Ярмульскага па абразе Баранавіцкай падаткавай службы. Суд першай інстанцыі прысудзіў яму штраф ў памеры 100 злотых.

Навагрудскі акруговы суд разгледзеў справу і прызнаў бурмістра невінаватым. Такім чынам Ярмульскі – рэабілітаваны. Судзіў суддзя Булгак, адвакат – Паўлюць.

8 красавіка

Пажар у лесе

5 красавіка на тэрыторыі палігону ў Лясной згарэла каля 100 га 15-26-гадовага маладога лесу. Пажар распачаўся з-за няўважлівасці работнікаў, якія палілі галлё.

Страт ніякіх няма, бо гэты лес быў прызначаны на вырубку сёлета. Людзі не пацярпелі.

11 красавіка

Падарваліся чацвёра дзяцей

У вёсцы Валахва Ястрамбельскай гміны дзеці знайшлі ў канаве артылерыйскі снарад. У выніку няўдалых маніпуляцый той выбухнуў і забіў Лявона Запрускага (8 год) і яго брата Станіслава (7 год). Уладзімір Запрудскі (10 год) і Тэадор Дзем’янюк (10 год) былі цяжка параненыя. Пасля таго, як іх прывезлі ў баранавіцкі шпіталь, яны таксама памерлі ад атрыманых ран.

12 сакавіка

Жыдоўскі мітынг пратэсту

7 красавіка на пажарным пляцу ў Баранавічах намаганнямі Аб’яднанага жыдоўскага камітэта нясення дапамогі бежанцам з Германіі быў праведзены мітынг пратэсту. Яго ўзначаліў старшыня камітэта пан Хонана Трахтэнберг. Прамаўлялі: Хаім Вейтман, Нісон Штэйнберг, Ашар Ліфшыц, Макс Ліфтэр, Юдэль Шайнберг і Невах Малавіцкі.

Іх прамовы былі скіраваныя супраць узмацнення гітлераўскай улады, якая, паводле слоў прамоўцаў, праводзіць і падтрымлівае моцную прапаганду актыўнага антысемітызму ў розных краінах Амерыкі і Еўропы.

Нягледзячы на заспакойваючыя каментарыі нямецкіх уладаў, акцыя выціскання жыдоў у Германіі з усіх сфер жыцця працягваецца.

Прамоўцы заклікалі прысутных байкатаваць нямецкія тавары, бо лічаць гэта галоўнай зброяй у змаганні з гітлерызмам. На мітынгу прысутнічала каля 1000 чалавек.

14 красавіка

Самагубства вучня дзяржаўнай гімназіі

13 красавіка на 199 км дарогі Баранавічы-Наваельня, на тэрыторыі чыгункі застрэліўся Міраслаў Кавалеўскі, 19-гадовы вучань 8 класа дзяржаўнай гімназіі ў Баранавічах.

Параненага прывезлі ў міжкамунальны шпіталь у Баранавічах, дзе ён змагаецца са смерцю.

19 красавіка

Камітэт пабудовы касцёла

15 красавіка ў памяшканні кінатэатра Apollo (знаходзіўся на сучаснай вуліцы Камсамольскай, паміж гатэлямі “Марыінскі” і “Гарызонт”) у Баранавічах адбыўся грамадскі сход. Збіраў яго Камітэт пабудовы касцёла імя “Каралевы Кароны польскай” у Баранавічах.

Вялікі касцёл у Баранавічах збіраліся збудаваць у міжваенны час, але з-за розных абставін пабудова адцягвалася. Няскончаны будынак пасля далучэння Баранавіч да БССР у верасні 1939 года быў перароблены пад кінатэатр “Кастрычнік”.

20 красавіка

Выпаліла вочы

15 красавіка жыхарка вёскі Аляхновічы гміны Мядзведзічы Вера Туцін з-за любоўных непаразуменняў абліла кіпнем твар і вочы 28-гадоваму Андрэю Пугачову. Пацярпелага ў той самы дзень адвезлі ў міжкамунальны шпіталь у Баранавічах.

Пажар

18 красавіка ў вёсцы Баранавічы гміны Новая Мыш (у 1970-х вёска ўвайшла ў склад горада) у Мікіты Мардасевіча згарэў хлеў з прыбудовай, 2 каровы, конь, цялё, свіння, салома і сена на агульную суму 240 злотых. У Тэадора Мардасевіча згарэў дом, хлеў, адрына, сена, салома, вупраж і сані. Агульным коштам 2555 злотых. Пажар паўстаў, верагодна, падчас распальвання агню пацярпелымі. У тушэнні пажару прымала ўдзел пажарная каманда з Баранавіч і мясцовыя жыхары. Людзі не пацярпелі.

Падкідыш

17 красавіка ў прытулак для немаўлят на вуліцы Нарутовіча, 88 (цяпер вул. Камсамольская) хтосьці падкінуў 8-месячную дзяўчынку. З дзіцём была паперка з інфармацыяй, што яна нарадзілася ў жніўні 1933, нехрышчоная і пакінутая тут з-за цяжкай матэрыяльнай сітуацыі.

Ашуканец

17 красавіка ў Баранавічы прыехаў нейкі Жыгімонт Венгорскі, 34-гадовы сын Яна і Марыі. Ён прадстаўляўся маёрам Войска Польскага, які кіруе фартыфікацыйнымі працамі пад Баранавічамі, і вербаваў работнікаў на працу каля бункераў. З кожнага кандыдата ён браў 2 злотых 20 грошай – быццам бы для пакрыцця далейшых паштовых выдаткаў.

Усім кандыдатам ён загадаў сабрацца на вуліцы Жвіркі (цяпер Тэльмана) для ад’езду на палігон у Лясную. Гэткім чынам Венгорскі завербаваў каля 30 работнікаў.

Калі ў прызначаны час Венгорскі не з’явіўся, работнікі зразумелі, што патрапілі на ашуканца, і звярнуліся ў камісарыят паліцыі. Венгорскага знялі з віленскага цягніка на станцыі Баранавічы. Як выявілася, ён нядаўна вызваліўся з вязніцы ў Любліне, дзе адседзеў 2 гады за ашуканства.

21 красавіка

Крадзяжы ў Баранавічах

17 красавіка з калідора стараства павятовага ў Баранавічах у Браніслава Мышанка, які жыве на вуліцы Жвіркі, №2 скралі ровар маркі Wanderer №90003 вартасцю 250 злотых.

Ноччу 18 красавіка з Беластоцкага гатэлю ў Лейбы Каплінскага скралі 4 падушкі і 2 капы вартасцю 80 злотых. Злодзеі трапілі праз акно.

Днём 16 красавіка ў Перца Мелесеўскага, які жыве на вул. Нарутовіча, 43 скралі з жытла 2 падушкі і кілім вартасцю 30 злотых.

Падчас ператрусу 18 красавіка ў Зосі Неліповіч па адрасе Садовая, 33 знайшлі крадзеныя рэчы. Частку з іх, напрыклад, мужчынскі гадзіннік, бранзалетку, пазнала як сваю ўласнасць Хая Рабіновіч, якая жыве ў завулку Пераходны, 5. Гэтыя прадметы скралі ў яе летась у кастрычніку.

23 красавіка

«Ognisko» б’е баранавіцкі «Макабі»

Суботні матч сярод каманд лігі А паміж Вайсковым спартовым клубам (WKS) «Ognisko» з Вільні і баранавіцкім «Макабі» скончыўся перамогай віленчан з вынікам 3:1 (1:0). Пераможцы мелі нязначнаю перавагу падчас гульні. Галы з каманды Вільні забілі Гаштофт, Крывуль і Балосэк (са штрафнога). Судзіў пан Шнэльдэр.

У выніку гэтай гульні WKS застаецца наверсе турнірнай табліцы, маючы толькі адзін прапушчаны гол за тры матча і 6 пунктаў у табліцы. Суадносіны галоў – 12:1. Лідарам з’яўляецца WKS «Smigly», у якога таксама 6 пунктаў, але суадносіны галоў 20:2.

24 красавіка

Тэатр

19 красавіка ў кінатэатры «Casino» у Баранавічах вандроўная трупа «Reduty» з Варшавы паказала камедыю ў трох актах «Чацвёрты ў брыджы». Прысутнічала каля 300 гледачоў.

Закідалі цягнік камянямі

19 красавіка а 3 гадзіне ночы невядомыя злачынца каля карна-следчай турмы (цяпер СІЗА-6) закідалі камянямі пасажырскі цягнік №96, які ехаў да Брэста. У вынік былі выбітыя 4 шыбы.

Падкінутыя дзеці

19 красавіка Уладзіслаў Пузаноўскі, які жыве ў Баранавічах на вуліцы Зялёнай, 24 (гэта вуліца існуе дасюль з такой назвай), паведаміў у паліцыю, што яго служка Антаніна Русакевіч, жыхарка в. Востраў, пакінула ў яго кватэры двух дзяцей, адно 3-месячнае, другое – 1,5-гадовае.

Тых дзяцей яна кінула таму, што не мае сродкаў на іх утрыманне.

25 красавіка

Латарэя Чырвонага крыжа

22 красавіка на пляцы ў Калоніі чыноўнікаў (сучасны раён каля Дома культуры) у Баранавічах аддзел Польскага Чырвонага крыжа правёў латарэю. Прыбытак склаў каля 200 злотых.

Труп немаўляці

23 красавіка з ракі Мышанка (за 400 м ад в. Петравічы гміны Новая Мыш) знайшлі труп немаўля-дзяўчынкі, які часткова ўжо расклаўся. Цела забралі на праверку.

Чытайце таксама: Галодныя смерці, махлярства і пратэсты жыдоў. Агляд старых газет за сакавік 1934 года

Нелегальны мітынг, сходы рамеснікаў і эпідэмія тыфу. Агляд старых газет за люты 1934 года

Тыф, забавы пажарнікаў і авіаспаборніцтвы. Агляд старых газет за студзень 1934 года

Пажары, новыя дарогі і рабункі. Агляд старых газет за снежань 1933 года

Бойкі, крадзяжы і звальненні ў магістраце. Агляд старых газет за лістапад 1933 года\

Стрэлы ў цэнтры горада, канцэрт прымадонны і крадзяжы. Агляд старых газет за кастрычнік 1933 года

Дзве авіякатастрофы і знойдзены скарб. Агляд старых газет за верасень 1933 года

Цыганскі кароль, цырк і новы герб горада Баранавічы. Агляд старых газет за жнівень 1933 года

 Банкруцтва банка і конныя спаборніцтвы. Агляд старых газет за ліпень 1933 года

Смерць ад пчол і быка ды забруджаны парк. Агляд старых газет за чэрвень 1933 года

Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях