Галодныя смерці, махлярства і пратэсты жыдоў. Агляд старых газет за сакавік 1934 года

Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.

1 сакавіка, Kurjer Nowogródzki

Спроба самагубства

25 лютага Вера Здановіч спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Яна выпіла эсэнцыю воцату. Здановіч адвезлі  ў Міжкамунальны шпіталь. Яе здароўю нічога не пагражае.

5 сакавіка

Калі перастануць красці лічыльнікі ў Баранавічах?

Ужо не адзін раз мы пісалі пра факты крадзяжоў электрычных лічыльнікаў з розных повадаў. Не дапамаглі і звароты магістрата. Маем новую навіну аб крадзяжы 2 лічыльнікаў з касы Стэфчыка. Гэта адбылося 2 сакавіка ў памяшканні арганізацыі. Хто ці што там не ў парадку, вызначае паліцыя, якая энергічна ўзялася за пошук злодзея.

Даведка: каса Стэфчыка — форма пазыкова-ашчадных кааператываў у міжваеннай Польшчы,  створаная на ўзор фондаў Райфайзена. Іх ініцыятарам быў Францішак Стэфчык, які ў 1890 г. адкрыў у Чэрніхаве першую ашчадна-пазыкавую касу. Каса выдавала пазыкі малым прадпрымальнікам. У міжваенны час фонды Стэфчыка налічвалі паўтара мільёна сяброў. Касе Стэфчыка прыпісваюць значную ролю ў развіцці сферы паслуг і малога прадпрымальніцтва ў міжваеннай Польшчы. Каса Стэфчыка працуе і ў сучаснай Польшчы.

Вечарына музыкі

10 сакавіка Польскае таварыства дабрачыннасці ладзіць у кінатэатры Apollo (знаходзіўся на сучаснай вуліцы Камсамольскай, паміж гатэлямі «Марыінскі» і «Гарызонт». Пасля вайны меў назву «Камсамолец».) вечар музыкі і слова.

Праграма вельмі цікавая і разнастайная. Квіткі танныя – ад 50 грошай да 2,5 злотых, прадаюцца яны ў кавярні «Цэнтральная» (знаходзілася на вуліцы Шаптыцкага, 50, цяпер вуліца Савецкая ў раёне гатэля).

Рэха вайны

21 лютага ў паліцэйскі пастарунак мястэчка Моўчадзь здалі расійскі кароткі карабін і 15 патронаў да яго. Зброя была ў Сымона Геленкі, жыхара хутара Грэбінёва.

Аварыя

Ноччу 27 лютага на фурманку Рашка, жыхара вёскі Адахаўшчына, які ехаў ў накірунку Лясной, на шасэ наехаў грузавік. У выніку здарэння конь атрымаў пералом левай нагі. Каму належаў аўтамабіль, пацярпелы не ведае.

7 сакавіка

Неасцярожны стрэл маёра

На станцыі Наваельня у вагоне другога класа цягніка, які ехаў з Вільні да Баранавіч, у выніку неасцярожнага абыходжання са зброяй падстрэліў сябе Канстанцін Залескі, маёр 20 палка лёгкай артылерыі (па 2 дывізіёны размяшчаліся ў Баранавічах і Пружанах). Пасля аказання яму першай медычнай дапамогі яго адвезлі да шпіталя ў Баранавічы.

Выступ гарнізоннага тэатру з Баранавіч у Навагрудку

У суботу, 10 сакавіка, у гарадскім тэатры ў Навагрудку ўпершыню выступіць каманда гарнізоннага тэатру з Баранавіч пад кіраўніцтвам маёра Ф. Гудакоўскага.

Гарнізонны тэатр пакажа гістарычную пастаноўку “Абарона Чэнстахова” з удзелам 50 чалавек. Рэжысёр – вядомы ў нашай мясцовасці драматычны артыст Вітольд Мірскі-Шпакоўскі.

Пакралі лес

27 лютага ў лесе маёнтка Аляксандраў (уласнасць Януша Катлубая) высеклі 27 алешын вартасцю 500 злотых. Частку скрадзенага знайшлі на складзе дрэва ў Лясной. Вінаватых у высечцы выкрылі.

Агульны сход Супраць сухотнага таварыства

4 сакавіка ў Баранавічах у памяшканні Цэнтра здароўя адбыўся агульны сход Супрацьсухотнага таварыства. Праводзіў яго доктар Чыж. Пасля справаздачы аб дзейнасці Таварыства і іх ухвалення быў абраны новы склад кіраўніцтва. Гэта: дактары Абрамовіч, Кізевіч, Субянецкі, Чыж, Малькевіч, Вайткевіч, Сквірскі і інжынер Віннік.

8 сакавіка

Спробы самагубства

Жыхар вёскі Міцкавічы Моўчадзкай гміны 21-гадовы Уладзімір Калоша спрабаваў здзейсніць самагубства з дапамогай сталярнай пілы, якой парэзаў сабе горла. Пасля аказання першай дапамогі адвезлі яго ў Баранавіцкі міжкамунальны шпіталь. Калоша некалькі тыдняў пакутаваў ад моцнага нервовага расстройства.

У Баранавічах на вуліцы Аградовай (пасля вайны — Суворава, існавала да канца 1980-х) Ядвіга Скачко, 18 год, студэнтка Варшаўскага ўніверсітэту спрабавала скончыць жыццё самагубствам, стрэліўшы сабе ў грудзі. Параненую прывезлі ў міжкамунальны шпіталь.

Спосаб для наіўных

5 сакавіка Зоф’я Емяльянчык паведаміла ў паліцыю, што яшчэ 17 лютага фурман Батука, што возіць пошту з Баранавіч да Гарадзішча, сказаў, што яе чакае нейкі незнаёмы чалавек. Апошні сказаў, што можа зрабіць ёй дазвол на сустрэчу з вязнем Філонам, які адбывае кару ў баранавіцкай турме. Чалавек той прадставіўся Емельянчык як нейкі Суржынскі і пажадаў за дазвол 8 злотых. Емельянчык дала яму 2 злотых задатку і толькі цяпер зразумела, што трапіла на махляра. Цяпер яго шукае паліцыя.

9 сакавіка

Пажар у казармах

7 сакавіка а 2.40 у лазні 78 пяхотнага палка ў казармах імя Касцюшкі выбухнуў пажар з-за кароткага замыкання электрычнага дроту. Пажар амаль адразу патушылі.

16 сакавіка

У справе эміграцыі да Палестыны

12 сакавіка ў памяшканні на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая) адбыўся грамадскі сход, скліканы праз арганізацыю сіяністаў-рэвізіяністаў. Мэтай было падпісанне петыцыі да ўрадаў Польшчы і Англіі ў справе змены адміністрацыі ў Палестыне. А таксама дазволу жыдам на любую эміграцыю ў Палестыну.

Прамаўлялі: доктар Фольфсан, рабін Карчыц і Літвак. Прысутнічала каля 200 асоб. Напрыканцы адспявалі жыдоўскі нацыянальны гімн.

17 сакавіка

Крадзяжы

У ноч на 13 сакавіка злодзеі ўламаліся ў склад мукі Айзіка Мендзенлевіча, які знаходзіцца на вуліцы Сасновай, 56 (цяпер вуліца Грыцаўца). Скралі 3 мяхі пшанічнай мукі вартасцю 130 злотых.

У тую ж самую ноч з мясной крамы Хаіма Нарконскага на вуліцы Сенатарскай, 23 (цяпер Чырвонаармейская) скралі 40 кг сала і 32 кг свінога тлушчу вартасцю 100 злотых.

21 сакавіка

Камітэт дапамогі галадаючым

У паўднёвай частцы Баранавіцкага павета адбываецца галодная катастрофа. Тысячы людзей у вёсках цяпер жывуць без хлеба, без самых патрэбных сродкаў для існавання. Ужо адбываюцца нават першыя выпадкі галоднай смерці. Не гледзячы на ўсе высілкі ўладаў павета, не могуць яны гэтай сітуацыі цалкам даць рады. Не зашкодзіць дапамога ўсёй грамадскасці. Дзеля гэтага і быў створаны 13 сакавіка Камітэт дапамогі галадаючым павета.

У склад камітэта ўвайшлі між іншым М. Гурская (дачка Яна Развадоўскага, заснавальніка Баранавіч) – старшыня аб’яднання колаў вясковых гаспадарак.

Камітэт распачаў сваю працу праз арганізацыю вулічнай акцыі 18 сакавіка, а таксама збору прадуктаў у цэнтры горада і вопраткі, якая запланавана на 23 сакавіка.

Камітэт звяртаецца да грамадства з гарачай просьбай аб складанні ахвяраванняў – як прадуктамі, так і грашыма. Усё гэта можна прынесці ў сакратарыят Камітэта з 9 да 13 гадзін ці перадаць у рукі пані А. Шалевіч (вуліца Гувэра, 52 – цяпер Царука).

Шэсце пратэстуючых жыдоў супраць абмежавання міграцыі ў Палестыну

У сувязі з абмежаваннем Брытаніяй свабоднай эміграцыі ў Палестыну вечарам 17 сакавіка мясцовая грамада жыдоў з ініцыятывы арганізацыі сіяністаў-рэвізіяністаў з мэтай праявы пратэсту зладзіла шэсце. Паход на чале з аркестрам прыйшоў да будынка стараства (цяпер будынак медвучэльні на вуліцы Камсамольскай), дзе дэлегацыя ад імя ўсёй супольнасці жыдоў горада склала на рукі намесніка пана старасты павета петыцыю на імя старшыні Рады Міністраў Рэчы Паспалітай. У дакуменце патрабуецца адстойваць на міжнароднай арэне свабодную эміграцыю ў Палестыну.

Пасля шэсце накіравалася да сінагогі, дзе адбыўся мітынг. У паходзе прыняло ўдзел каля 1000 чалавек.

22 сакавіка

Падзяка

Гарадскі лакальны камітэт фонду працы ў Баранавічах сардэчна дзякуе пану Яраславу Бараноўскаму, дырэктару гімназіі імя Барбары Радзівіл, за ахвяраванне на суму 82 злотых 70 грошай. Гэта палова чыстага прыбытку з прадстаўлення дзіцячай оперы “Жабін кароль”, якую адыгралі 9 сакавіка дзеці гімназіі.

28 сакавіка

Забойства

26 сакавіка ў ляхавіцкі пастарунак з’явіўся Кірыл Смаршчок, сын Мікалая і Тэадоры, 23 год, жыхар калоніі Падлесье Ляхавіцкай гімны. Ён паведаміў, што за дзень да гэтага а 7 гадзіне застрэліў з расійскага рэвальвера “Наган” сваю мачаху Валерыю Смаршчок. Зрабіў гэта за тое, што яна абразліва ставілася да яго малодшых братоў і сясцёр.

Смаршчка затрымалі. Факт забойства падцвердзіўся. Забойца здаў рэвальвер, калі прыйшоў у паліцыю.

Чытайце таксама: Нелегальны мітынг, сходы рамеснікаў і эпідэмія тыфу. Агляд старых газет за люты 1934 года

Тыф, забавы пажарнікаў і авіаспаборніцтвы. Агляд старых газет за студзень 1934 года

Пажары, новыя дарогі і рабункі. Агляд старых газет за снежань 1933 года

Бойкі, крадзяжы і звальненні ў магістраце. Агляд старых газет за лістапад 1933 года\

Стрэлы ў цэнтры горада, канцэрт прымадонны і крадзяжы. Агляд старых газет за кастрычнік 1933 года

Дзве авіякатастрофы і знойдзены скарб. Агляд старых газет за верасень 1933 года

Цыганскі кароль, цырк і новы герб горада Баранавічы. Агляд старых газет за жнівень 1933 года

 Банкруцтва банка і конныя спаборніцтвы. Агляд старых газет за ліпень 1933 года

Смерць ад пчол і быка ды забруджаны парк. Агляд старых газет за чэрвень 1933 года

Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях