КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Сталовічы

У новай рубрыцы "КРАЯвіды" знаёмім з цікавымі куточкамі Баранавіцкага рэгіёна і расказваем, што варта паглядзець і чаму абавязкова трэба прыехаць. Сёння наш прыпынак – Сталовічы.

Шмат хто з нас марыць пабачыць сусветныя славутасці ў розных кутах свету. Але многа ўсяго цікавага і выбітнага знаходзіцца зусім побач з намі. Мястэчка Сталовічы размешчана за 12 км на поўнач ад Баранавіч.

Царква Аляксандра Неўскага ў 2024 годзе
Царква Аляксандра Неўскага ў Сталовічах, 2024 г. Здымак BAR24.BY
вятрак Сталовічы
Вятрак у Сталовічах. Пачатак ХХ ст.

Гісторыя мястэчка

Упершыню гэтая вёска згадваецца ў летапісах 14 ст. Да 19 ст. на мапах яна пазначалася як Ствалавічы. У 16 ст. населены пункт атрымаў статус мястэчка. Ім валодалі Астрожскія і Чартрыйскія, пакуль у 1596 г. Сталовічы не набыў Мікалай Радзівіл Сіротка.

Сталовічы ў 1899 годзе.
Сталовічы ў 1899 годзе. Фота з альбома “Альбом суворовских полей сражений”.

Пасля далучэння зямель Беларусі да Расійскай імперыі ў Сталовічах працавала пошта, карчма, стаяў ваенны гарнізон. У ім у 1814-15 гг. праходзіў службу Кандрацій Рылееў – будучы дзекабрыст. Калі ў 1817 г. у Расійскай Імперыі Мальтыйскі ордэн быў скасаваны, Сталовічы перайшлі ў прыватную ўласнасць да камандора Льва Радзівіла.

Карчма ў Сталовічах.
Карчма ў Сталовічах. Здымак зроблены з вежы царквы. Пачатак ХХ ст.

У 1867 г. у мястэчку было 102 дамы, каля 500 жыхароў, два разы на год праходзілі кірмашы. У той час тут ужо дзейнічала народная вучэльня.

Краявід Сталовічы
Краявід. Нямецкая паштоўка 1916-18 гг.
Сталовічы
Фота з альбома “Альбом суворовских полей сражений”.

На мяжы 19 і 20 стст. Сталовічы выглядалі стандартным для тых часоў беларуска-жыдоўскім мястэчкам, дзе жыло каля 1000 жыхароў. Двойчы на год у Сталовічах ладзіліся вялікія кірмашы, куды, можна меркаваць, прыязджалі на закупы і жыхары толькі заснаванага мястэчка Баранавічы.

Царква і рынкавы пляц у Сталовічах. Здымак часоў першай сусветнай вайны
Царква, касцёл і рынкавы пляц у Сталовічах. Здымак часоў Першай сусветнай вайны.
Царква Аляксандра Неўскага ў 2024 годзе Сталовічы
Царква Аляксандра Неўскага ў Сталовічах, 2024 г. Здымак BAR24.BY
Сталовічы краявід
Краявід. Нямецкая паштоўка 1916-18 гг.
Царква Аляксандра Неўскага ў 1952 годзе. Здымак з калекцыі Руслана Равякі. Друкуецца ўпершыню
Царква Аляксандра Неўскага ў 1952 годзе. Здымак з калекцыі Руслана Равякі. Друкуецца ўпершыню

Сталовічы і Мальтыйскі ордэн

На працягу ўсёй гісторыі галоўным фактарам развіцця мястэчка і яго росквіту з’яўляліся храмы, збудаваныя тут. Вакол іх кіпела жыццё, і сюды прыязджалі людзі з наваколля.

Царква Аляксандра Неўскага ў 2024 годзе Сталовічы
Царква Аляксандра Неўскага ў 2024 годзе. Былы касцёл Яна Хрысціцеля. Здымак BAR24.BY

У 1610 годзе Сіротка заснаваў адзіную на землях ВКЛ Сталовічскую камандорыю Мальтыйскага ордэна і аплаціў будаўніцтва ў Сталовічах драўлянай капліцы Дзевы Марыі і Яны Хрысціцеля. Яго сын Жыгімонт Караль Радзівіл быў рыцарам Мальтыйскага ордэна. Дзякуючы яго ініцыятыве ў 1639 годзе была збудавана мураваная Ларэтанская капліца. Як пазначаюць даследчыкі, дзеля пабудовы гэтай капліцы ў Сталовічы быў запрошаны архітэктар з Італіі. Ён стварыў у Сталовічах копію капліцы, што збудавана ў італьянскім горадзе Ларэта. З Італіі сюды была прывезена скульптура Маці Божай Ларэтанскай.

У 1740 г. тагачасны гаспадар Сталовіч і камандор Мальтыйскага ордэна Міхал Дамброўскі пачаў будаваць вялікі каменны храм. Дзеля гэтага ён запрасіў сюды вядомых італьянскіх архітэктараў. Будынак Ларэтанскай капліцы быў уключаны ў план новага касцёла ў якасці прэсбітэрыя. У 1746 г. касцёл стылю «віленскае барока» быў асвечаны ў гонар Яна Хрысціцеля.

Касцёл Мальтыйскага ордену, ў ХІХ ст. перадалі праваслаўным. Фота BAR24.BY

Касцёл, які стаў царквою

У 1868 годзе мясцовы касцёл быў перададзены праваслаўным. Храм перабудавалі пад царкву. Падчас гэтай перабудовы, як пішуць даследчыкі, фасад будынка быў пазбаўлены ажурных веж і фігурных франтонаў, у храме былі знішчаны арган і амбон…

Пазней у Расію былі вывезены і ўнутраныя каштоўнасці касцёла, у тым ліку і цудадзейная скульптура Маці Божай Ларэтанскай, прывезеная з Італіі. На даху храма ўсталявалі купалы. У міжваенны час польскія ўлады запатрабавалі іх прыбраць, каб будынак меў першапачатковы выгляд.

Царква Аляксандра Неўскага на пачатку ХХ стагоддня. Здымак з калекцыі Руслана Равякі. Друкуецца ўпершыню
Царква Аляксандра Неўскага на пачатку ХХ ст. Здымак з калекцыі Руслана Равякі. Друкуецца ўпершыню

Зараз гэта храм Святога Аляксандра Неўскага. Але нават цяпер побач з алтаром, над уваходам у былую капліцу, захавалася ляпніна з выяваю адсечанай галавы Яна Хрысціцеля.

Царква ў Сталовічах. Сталовічы
Царква ў Сталовічах. Выгляд з сярэдзіны ў пачатку ХХ ст.
Сталовічскія краявіды.
Сталовічскія краявіды. Фота BAR24.BY

Касцёл Сэрца Езуса

Католікі за царскім часам спрабавалі атрымаць дазвол ад уладаў на будаўніцтва храма ў Сталовічах. Нарэшце на пачатку 20 ст. ім гэта дазволілі зрабіць. У 1911 г. прыгожы касцёл Сэрца Ісуса, збудаваны з чырвонай цэглы, быў асвечаны.

Касцёл і царква на нямецкай паштоўцы Сталовічы
Касцёл і царква на нямецкай паштоўцы 1915-18 гг.
Касцёл Сэрца Ісуса Сталовічы
Касцёл Сэрца Ісуса. Здымак BAR24.BY
Сталовічы касцёл 1920
Парад каля касцёла ў Сталовічах ў 1920 годзе.
Касцёл Сэрца Ісуса Сталовічы
Касцёл Сэрца Ісуса ў 2024 годзе. Здымак BAR24.BY

Дарэчы, ў 2022 г. настаяцелем храма Янушам Фештэрам былі знойдзены забытыя мошчы італьянскага Святога Сімпліцыя з Ольбіі .

– Я мяркую, гэтыя мошчы, магчыма, больш каштоўныя, чым страчаны абраз Ларэтанскай Божай Маці, які захоўваўся ў камандорыі Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах, – адзначыў айцец Януш.

Цяпер рэлікварый з машчамі святога выстаўляецца падчас набажэнстваў на алтары.

Алтар у касцёле Сэрца Ісуса. Сталовічы
Алтар у касцёле Сэрца Ісуса. Здымак BAR24.BY
Касцёл Сэрца Ісуса Сталовічы
Касцёл Сэрца Ісуса ў Сталовічах. Здымак BAR24.BY

Бітва пры Сталовічах

У 1771 г. адбылася знакамітая бітва пры Сталовічах паміж расійскімі войскамі начале з Аляксандрам Суворавым і мясцовай шляхтай, якая падтрымала Барскую канфедэрацыю. Барская канфедэрацыя – аб’яднанне шляхты ў Рэчы Паспалітай, якая выступала супраць узмацнення ўплыву Расійскай імперыі ў іх краіне, а таксама супраць палітыкі караля Станіслава Панятоўскага.

Кароль амаль не меў сваіх прыхільнікаў і звярнуўся да Расіі па дапамогу. Маскоўскія войскі нанеслі некалькі паражэнняў атрадам шляхты.

Бой пры Сталовічах . Гравюра Іагана Антынга.
Бой пры Сталовічах . Гравюра Іагана Антынга.

У ВКЛ тым часам гетман Міхаіл Казімір Агінскі напаў на расійскі атрад палкоўніка Албычава, які стаяў каля Сталовіч, і разбіў яго, узяўшы ў палон 500 чалавек. Сам Албычаў пры гэтым загінуў. Пасля гэтага да канфедэратаў сталі сцякацца мясцовыя шляхцічы.

Сувораў вырашыў, што трэба знішчыць гэты хутка павялічваючыся атрад. Маючы 900 чалавек (з іх 300 кавалерыстаў) і 4 гарматы, ён падышоў да Сталовіч у ноч на 23 верасня. Там даведаўся, што канфедэраты колькасцю 4000 чалавек стаяць на начлезе ў Сталовічах.

гребля каля Сталовіч
Фота з альбома “Альбом суворовских полей сражений”.

Сувораў, парушыўшы тагачасныя нормы вядзення бою, вырашыў напасці ноччу. Шляхта, лічачы, што ў ночы ніхто ваяваць не будзе, адпачывала ў мястэчку.

«Нападение наше на литовцев было со спины», пісаў пазней Сувораў.

Мястэчка сталі абстрэльваць з артылерыі. Суздальскія грэнадзёры здолелі штыкавой атакаю прабіцца праз грэблю на балоце да мястэчка. За імі ў Сталовічы ўляцела конніца, якая рубіла і таптала ўсіх сустрэчных.

Сярод канфедэратаў пачаўся тлум. Сам Агінскі спрабаваў беспаспяхова зладзіць адпор. Шляхта пачала ўцякаць да свайго лагера на полі пад Сталовічамі, дзе стаяла артылерыя ВКЛ.

Пасля некалькіх штыкавых атак расійскія атрады выбілі і расцерушылі канфедэратаў. У гэты час да месца бою падаспелі польскія-літоўскія ўланы, якія акружылі тры расійскіх эскадроны. Расійская кавалерыя здолела прарубіцца і адысці. Польска-літоўскае войска таксама адышла ў бок Моўчадзі.

Пасля гэтага бою Агінскі з’ехаў у Прусію. Сувораў захапіў артылерыю канфедэратаў, сцягі, вайсковую касу і гетманскую булаву. «Сражение продолжалось от трёх до четырёх часов, и вся Литва успокоилась», – дакладаў Сувораў у Пецярбург.

Памяць пра бітву

дом на магіле Сталовічы
Фота з альбома “Альбом суворовских полей сражений”.

У 1899 г. расійскія навукоўцы скардзіліся, што ў Сталовічах ніхто не дбае пра гісторыю бітвы. А на магіле рускіх салдат мясцовы люд збудаваў хату. На жаль, цяпер знайсці тое месца немагчыма.

У памяць аб гэтай бітве ў 1990-х гадах каля царквы быў усталяваны памятны камень.

Памятны камень у гонар бітвы пад Сталовічамі
Памятны камень каля царквы ў гонар бітвы пад Сталовічамі. Фота BAR24.BY

Баранавіцкая аперацыя

Актыўныя баявыя дзеянні адбываліся каля Сталовіч і ў Першую сусветную вайну. Мястэчка было захоплена немцамі. Аднак лінія абароны праходзіла зусім побач.

Вядомая Баранавіцкая аперацыя ў 1916 г. распачалася якраз каля Сталовіч. 13-14 чэрвеня расійская армія спрабавала ўпершыню прарваць лінію абароны. 8 хваль рускіх салдат было кінута на нямецкія бетонныя ўмацаванні. Усе атакі патанулі ў крыві. Пасля двух дзён крывавых баёў штурм быў скончаны. За 2 дні пад Сталовічамі загінула каля 8000 рускіх салдат і да 3000 нямецкіх і аўстра-венгерскіх.

Палонныя рускія салдаты ў Сталовічах. Нямецкая паштоўка 1916 года. Сталовічы
Палонныя рускія салдаты ў Сталовічах. Нямецкая паштоўка 1916 года.

2-8 ліпеня расійскія часткі ізноў пачалі штурм нямецкіх умацаванняў. Гэтым разам на ўсім баранавіцкім участку. Аднак і гэты штурм не прынёс вынікаў і загубіў шмат жыццяў. Наступныя баявыя дзеянні адбываліся трохі ў баку ад Сталовіч – на участку Скробава-Гарадзішча і каля Дарава.

Немцы пакінулі пасля сябе шмат паштовак з выявамі Сталовіч, зробленых з розных ракурсаў. Дзякуючы гэтаму, можна пабачыць, як выглядала мястэчка ў 1915-1918 гг.

Нямецкі афіцэр у Сталовічах
Нямецкі афіцэр у Сталовічах. Здымак Першай сусветнай вайны
Сталовічы ў сакавіку 2024 года
Сталовічы ў сакавіку 2024 года. Здымак BAR24.BY
Жыдоўскія могілкі ў Сталовічах на нямецкай паштоўцы
Жыдоўскія могілкі ў Сталовічах на нямецкай паштоўцы 1916-18 гг.

Гета ў Сталовічах

Падчас Другой сусветнай вайны фашысты знішчылі ў Сталовічах амаль усіх жыдоў. Гета праіснавала тут да мая 1942 г. Брацкая магіла забітых знаходзіцца каля дарогі Баранавічы-Навагрудак, паміж Сталовічамі і Арабаўшчынай.

Дарэчы, жыхарка Сталовіч Тэрэза Даленга-Вжозэк за выратаванне падчас вайны малога габрэйскага хлопчыка Рышарда Вэнгэра атрымала ганаровае званне “Праведнік народаў міра”.

Сінагога, касцёл, царква і галоўная вуліца ў Сталовічах
Сінагога, касцёл, царква і галоўная вуліца ў Сталовічах. Паштоўка 1915-1918 гг.

Забыты млын

Яшчэ адной цікавосткай у Сталовічах мог бы быць вадзяны млын. Пабудове больш за 100 год. Яго гаспадаром быў заможны габрэй, які напярэдадні Другой сусветнай вайны мусіў выехаць за мяжу. Пасля вайны млын малоў муку ўжо для савецкіх людзей. Аднак рамонтам будынка ніхто з мясцовых уладаў займацца не захацеў – там працёк дах, з’явіліся трэшчыны. У 2013 г. да млына падагналі вялікі грузавік і вывезлі на металалом старыя металічныя механізмы.

Млын у Сталовічах
Млын у Сталовічах, 2013 г. Фота Алеся Гізуна

Закінуты будынак паціху руйнуецца, хаця там можна было б зрабіць добрый і аўтэнтычны музей мястэчка ці якую забаўляльную ўстанову.

Фірмовая пазнака ад фірмы-вытворцы на механізмах сталовіцкага млына
Фірмовая пазнака ад фірмы-вытворцы на механізмах сталовіцкага млына, 2013 г. Фота Алеся Гізуна
Нутраное начынне млына ў Сталовічах
Нутраное начынне млына ў Сталовічах, 2013 г. Фота Алеся Гізуна

Як даехаць

Сталовічы знаходзяцца зусім недалёка ад Баранавіч. Сюды можна дабрацца, даехаўшы на прыгарадных аўтобусах ці на машыне, а летам – на ровары.

Сталовічскія краявіды.
Сталовічскія краявіды. Фота BAR24.BY
Стары будынак у Сталовіча
Стары будынак у Сталовічах. Фота BAR24.BY
Запруда на рацэ у Сталовіча.
Запруда на рацэ ў Сталовіча. Здымак BAR24.BY
Фота BAR24.BY
Могілкі ў Сталовічах
Могілкі ў Сталовічах. Здымак BAR24.BY
Могілкі ў Сталовічах
Могілкі ў Сталовічах. Фота BAR24.BY

Магчыма вам таксама будзе цікава: КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Новая Мыш

КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Крашын

Забытая гісторыя. Абеліск на каталіцкіх могілках у Баранавічах

Як немцы бамбілі Баранавічы 15 верасня 1939 года. Толькі на стары парк скінулі 158 бомбаў

Як выглядаў першы герб Баранавіч, пра які ўжо ніхто не памятае

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях