Нелегальны мітынг, сходы рамеснікаў і эпідэмія тыфу. Агляд старых газет за люты 1934 года

Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму паглядзеў BAR24.BY па матэрыялах тагачасных СМІ.

3 лютага, Kurjer Nowogródzki

Нешчаслівы выпадак

26 студзеня работнік Сяргей Хілько падчас складання дошак на тартаку Ёсілевіча быў прыціснуты дошкамі. Ён атрымаў лёгкія пашкоджанні цела і быў дастаўлены ў Баранавіцкі міжкамунальны шпіталь.

Аматар лічыльнікаў

У апошні час даволі часта адбываюцца крадзяжы электрычных лічыльнікаў. Маем ізноў новы такі факт. 31 студзеня ў доме Вінцэнта Гаўрона на вуліцы Доўгай (назва не змянілася дасюль) разам з лічыльнікам скралі і электрычную інсталяцыю.

Скралі мануфактуру

29 студзеня са Стоўбцаў у Баранавічы прыехаў Эля Пільшчык каб купіць тканіны. Закупіўшы мануфактуры, паклаў яе на воз і пайшоў адпачыць, пакінуўшы фурманку на падворку на рагу вуліц Віленскай (цяпер Гагарына) і Пілсудскага (цяпер Чырвонаармейская).

Было б усё ў парадку, калі б не людская цікавасць, якая загадала некаму праверыць пакункі і забраць, што там было. У выніку пан Эля застаўся без тканіны.

5 лютага

Авіяспаборніцтвы

3 лютага на аэрадроме ў Баранавічах сядалі турыстычныя самалёты (аэрадром у міжвенны час у Баранавічах знаходзіўся каля вуліцы Тэльмана, на месцы сучаснага гандлёвага цэнтра «Радужны» і крамы «Карона».). Яны бяруць удзел у 4-х Люблінска-Падляскіх зімовых авіяцыйных спаборніцтвах.

Стартавалі 2 групы самалётаў (хуткасць менш за 140 км/г), з якіх адна (ІІ група) ляцела праз Брэст, і самалёты сядалі ў Баранавічах: прылёт а 8.49, вылет а 9.01.

Першым сеў пілот Гіршбанд з назіральнікам Кацянам з Варшаўскага аэраклубу. Яны прыляцелі а 8.13, адляцелі а 8.33.

Другім быў лётчык аэраклубу Бела-Падляскі Арцымовіч з назіральнікам Ушацкім. Прылёт – 8.20, адлёт – 8.59.

Трэцім – Варшаўскі аэраклуб – пілот Асоўскі, назіральнік – Качынскі. Прылёт – 8.48, адлёт – 9.00

Чацвёрты самалёт прыляцеў з Гданьскага аэраклубу. Назіральнік Ярэцкі, пілот – Герхардт.

Пятым з гэтай групы быў капітан Бабенскі, які ляцеў адзін на старым апараце. Ён вымушаны быў сядаць у вёсц Сяльцы, каля Бярозы-Картузскай, каб заправіцца топлівам. Прылёт – 9.30, адлёт – 10.10. Трэба мець шмат адвагі і смеласці, каб аднаму ляцець зімой на такой старой «скрынцы».

І-я група на трасе Луцк – Баранавічы сядала наступным чынам:

  1. Варшаўскі аэраклуб. Аношка і Лучынскі. Прылёт – 13.00, адлёт – 13.10
  2. Варшаўскі аэраклуб. Карчэўскі і Пжыпецкі. Прылёт – 13.07, адлёт – 13.43
  3. Львоўскі аэраклуб. Прушынскі і Кавальскі. Прылёт – 13.20, адлёт – 14.00.

На аэрадроме пілотаў сустракалі супрацоўнікі Камітэту на чале са старастам Неўгебаўэрам. У адмыслова пастаўленым намёце для лётчыкаў працаваў гарачы буфет.

Камандзір 78 пяхотнага палка з Баранавіч – палкоўнік Сокал-Шахін – прыслаў аркестр, які забаўляў гледачоў і сустракаў маршам лётчыкаў.

13 лютага

Знайшлі і пад зямлёю

Андрэй Кулік, жыхар вёскі Задвор’е Ляхавіцкай гміны, прыйшоў з плачам у пастарунак паліцыі ў Ляхавічах. Ён расказаў, што знікла 60 царскіх рублёў у золаце, якія захоўваліся ў бутэлечцы, закапанай у хаце ў зямлю. Кулік не ведае, калі зніклі грошы, бо апошні раз заглядаў у бутэльку ў лістападзе мінулага года.

Судовы прыстаў – прычына самагубства

9 лютага падчас спробы судовага прыстава арышту маёмасці ў Стэфана Гадамскага яго жонка спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Яна выпіла маленькую бутэлечку ёду. Стан здароўя жанчыны ў бяспецы.

14 лютага

Забіты ў бойцы

26-гадовы Ян Лайша, жыхар вёскі Малахоўцы Ястрамбельскай гміны, вяртаўся з вяселля і быў цяжка збіты іншымі ўдзельнікамі свята: Аляксандрам Кусцінскім, Юзікам Карповічам і Янам Пракуда, жыхарамі вёскі Вялікая Валахва. Лайшу адвезлі ў шпіталь у Баранавічы, дзе ён памёр. Кучынскі, як галоўная дзейная асоба, быў арыштаваны.

15 лютага

Аварыя на чыгунцы

10 лютага хуткі цягнік Баранавічы-Слонім на пераездзе 303 км наехаў на сані, загружаныя дрэвам. Яны належалі жыхару вёскі Балабанавічы Канстанціну Руткоўскаму. Ад удару сані разбіліся. Цягнік затрымаўся на 4 хвіліны. Сярод людзей ахвяр не было.

Самагубства

9 лютага ў вайсковым гарадку з 26-га Уланскага палка сышоў улан Уладзіслаў Паўляк і ў лесе за казармамі таго ж палка павесіўся.

Канкурэнт спіртзаводаў

9 лютага ў Сымона Бортніка, жыхара вёскі Залужжа гміны Ляхавічы, падчас вобшуку знайшлі 25 літраў самагонкі, апарат у зборы і шмат брагі. Бортнік сцвярджае, што самагонку гнаў на вяселле сваёй сястры.

17 лютага

Сходы рамеснікаў

13 лютага ў памяшканні на вуліцы Уланскай (цяпер Піянерская ці бульвар Штакераў) пад кіраўніцтвам Шлёмы Гулькевіча адбыўся сход чальцоў кравецкага цэха. На сходзе прысутнічаў прадстаўнік ваяводскіх уладаў інжынер Тарнецкі, які вучыў прысутных, якім чынам майстры павінны выхоўваць вучняў. Напрыканцы ўхвалілі месячны бюджэт на аплату памяшкання, сакратара і канцылярскія выдаткі ў суме 381 злоты.

Пасля сходу кравецкага цэха адбыўся сход цэха гадзіннікавых майстраў пад кіраўніцтвам Дуброўкіна. Інжынер Тарноўскі ў сваім рэфераце павучаў, як трэба весці гаспадарку, і ў прыкладзе зменшыў месячны бюджэт да 95 злотых.

19 лютага

Аматары лічыльнікаў

Не гледзячы на абвесткі магістрату, што ніхто не мае права спраўджваць стан электрычных лічыльнікаў акрамя ўпаўнаважаных прадстаўнікоў магістрата, нейкія аматары толькі ў ноч на 15 лютага скралі 4 лічыльнікі ў розных месцах горада.

Паехаў без тканіны

Купец з Нясвіжа Сруль Палячок прыехаў у Баранавічы закупіць мануфактуры. Калі купіў яе на 400 злотых, заехаў да гатэлю на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая). Воз пакінуў на падворку разам з тканінай. Праз пэўны час мануфактуры не было на возе. Трэба было мець ладны спрыт, каб скрасці тавар днём на самай ажыўленай вуліцы. Бедны Срулек звярнуўся у паліцыю. (Сруль – скарочанае імя ад Ісраэль, якое на іўрыце вымаўляецца як Ісруэль).

20 лютага

Сход цэха цырульнікаў

14 лютага ў памяшканні на вуліцы Уланскай (цяпер Піянерская ці бульвар Штакераў) пад кіраўніцтвам Абрама Вінаградскага адбыўся сход чальцоў цэха цырульнікаў. На сходзе прысутнічаў прадстаўнік ваяводскіх уладаў інжынер Тарнецкі. Ён агучыў рэферат пра тэхнічны бок працы цэха, а таксама расказаў прысутным пра правы вучняў і агулам распавёў пра пытанні, якія датычацца працы цэха.

Золата вабіць

14 лютага ў мястэчку Моўчадзь да жыхара вёскі Дварэц Антона Чуплана падышлі мужчына з жанчынай. Яны прапанавалі купіць у іх залаты пярсцёнак. Чуплан пагадзіўся на прапанову і купіў 2 пярсцёнкі за 110 злотых. Пасля заканчэння трансакцыі Чуплан пераканаўся, што тыя пярсцёнкі нічога не вартыя, яны з тампаку. Ашуканцы зніклі ў невядомым напрамку. Іх шукаюць.

Нешчаслівы выпадак

Днём 14 лютага Аляксандар Вярбіцкі падчас нарыхтоўкі дрэваў у лесе атрымаў траўму. Адламанай галінай яму разбіла галаву. Вярбіцкага ў цяжкім стане прывезлі ў міжкамунальны шпіталь у Баранавічах.

21 лютага

Выбрык мясцовых сацыялістаў

Днём 19 лютага правадыр мясцовых сацыялістаў пан Махай сабраў каля сябе купку прыхільнікаў, пасля чаго выйшаў на балкон дома на вуліцы Уланскай, 1 (цяпер будынак на рагу вуліцы Штакераў, 1 і Савецкай, 78). Адтуль ён пачаў выкрыкваць лозунгі ў гонар аўстрыйскіх сацыялістаў. Ён крычаў усё грамчэй і грамчэй, пакуль паліцыя не разагнала сабраных. Ніхто з прысутных не меў дазволу ад уладаў на такую падтрымку сацыялістаў з Аўстрыі.

Заўвага: з 12 па 16 лютага 1934 года адбыліся ўзброеныя сутыкненні ў Аўстрыйскай Рэспубліцы паміж левымі (сацыял-дэмакратамі) і правымі праўладнымі групоўкамі. У сутыкненнях удзельнічала таксама паліцыя і армія. З абодвух бакоў загінула і прапала без вестак да 1600 чалавек. Паўстанне было падаўлена 16 лютага. Адбыліся шматлікія арышты, расстрэлы і павешанні. Сацыял-дэмакратычная партыя была забароненая. Гэта сталася перадумовай для прыходу да ўлады фашыстаў у Аўстрыі.

22 лютага

Сход

Днём 18 лютага ў Баранавічах у памяшканні на вуліцы Шаптыцкага, 24 (цяпер гэта дом №66 на вуліцы Савецкай, на рагу з Чырвонаармейскай, дзе калісці размяшчаўся кінатэатр “Эдэм”) пад кіраўніцтвам Ісаака Разэнхаўза адбыўся сход чальцоў арганізацыі сіяністаў-рэвізіяністаў. На ім абмяркоўвалі пытанні аб маючых адбыцца выбарах кандыдатаў на сход рэвізіяністаў у Варшаве. Пасля кароткай дыскусіі абралі камісію, у склад якой увайшлі: Ісаак Разенхаўз, Зінта Шваранская, Абрам Брэгман, Хаім Фуксман і Крошынскі.

Пасля пастанавілі выслаць 15 дэлегатаў на з’езд да Варшавы. На сходзе прысутнічала каля 170 асоб.

24 лютага

Эпідэмія сыпнога тыфу

Цяжкая сітуацыя з плямістым тыфам перакінулася на гміну Крывошын. Там, як сцвярджаюць павятовыя лекары, у 2 вёсках захварэлі 21 чалавек. У вёсцы Гарадзішча (цяпер Ляхавіцкі раён) павятовы доктар стварыў ізалятар.

У гэтым рэгіёне тыф бушаваў доўга. На пачатку студзеня 1934 года атрымалася цалкам спыніць эпідэмію ў гміне Вольна і амаль цалкам у гміне Моўчадзь. Але выявілі 19 выпадкаў захворвання ў в. Гайнінец гміны Мядзведзічы.

На гарачым учынку

20 лютага на гарачым крадзяжы чыгуначных рэек папаліся Арсен Тукай і Антон Някрута. Яны кралі рэйкі на запасным шляху каля казармаў Касцюшкі (цяпер Вайсковы гарадок). Як выявілася, такую працэдуру праводзілі яны ўжо даўно.

Не атрымалася

20 лютага ў жытло Лазара Слуцкага, які жыве на вуліцы Пілсудскага, 12 (цяпер Чырвонармейская, паміж будынкамі ГЦ “Пасаж” і аптэкай), улезлі невядомыя злачынцы. З шуфляды шафы яны скралі тэчку, у якой было 253 злотых гатоўкаю. Злодзеяў нехта спудзіў, і яны кінулі тэчку, у якой засталося 200 злотых.

19 лютага прафесійная зладзейка Вольга Праскулава спрабавала скрасці з незачыненых сеняў бялізну, якая належыць Мейру Карулецкаму, што жыве на Шаптыцкага, 55 (будынак знаходзіўся насупраць сучаснай друкарні). Праскурава затрымана, а бялізну адабралі.

25 лютага

Абакралі сінагогу

У ноч на 23 лютага ў сінагозе на вуліцы Садовай, 10 (цяпер Міцкевіча, 4) скралі 6 лямпачак, скрынку са свечкамі, бутэльку віна і срэбраныя прыборы.

Здарэнне са шчаслівым канцом

21 лютага жыхар вёскі Адахаўшчына Міхаіл Курэй вёз будаўнічае дрэва з Баранавіч у вёску. А 18-й гадзіне, у час адыходу цягнікоў са станцыі, ён апынуўся на чыгуначным пераездзе каля вакзала Баранавічы-Палескія. Калі Курэй выехаў на пераезд, механічныя шлагбаўмы зачыніліся і ён разам з канём застаўся на рэйках. Не дапамаглі крыкі, бо стрэлачнік быў далёка. Да таго ж было цёмна, і ён не мог бачыць, што адбываецца.

Толькі дзякуючы майстэрству машыніста, які кіраваў цягніком на Вільню, атрымалася пазбегнуць катастрофы. Машыніст затрымаў цягнік і толькі лёгка ўдарыў у воз, які ссунуўся з чыгуначнага палатна.

У выніку здарэння ашалеў конь, які парваў вупраж, кінуўся ўцякаць і ўдарыўся у шлагбаўм, які зламаў.

На шчасце, здарэнне абышлося толькі парванай вупражжу. Людзі не пацярпелі.

Чытайце таксама: Тыф, забавы пажарнікаў і авіаспаборніцтвы. Агляд старых газет за студзень 1934 года

Пажары, новыя дарогі і рабункі. Агляд старых газет за снежань 1933 года

Бойкі, крадзяжы і звальненні ў магістраце. Агляд старых газет за лістапад 1933 года\

Стрэлы ў цэнтры горада, канцэрт прымадонны і крадзяжы. Агляд старых газет за кастрычнік 1933 года

Дзве авіякатастрофы і знойдзены скарб. Агляд старых газет за верасень 1933 года

Цыганскі кароль, цырк і новы герб горада Баранавічы. Агляд старых газет за жнівень 1933 года

 Банкруцтва банка і конныя спаборніцтвы. Агляд старых газет за ліпень 1933 года

Смерць ад пчол і быка ды забруджаны парк. Агляд старых газет за чэрвень 1933 года

Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях