КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Новая Мыш

У новай рубрыцы "КРАЯвіды" знаёмім з цікавымі куточкамі Баранавіцкага рэгіёна і расказваем, што варта паглядзець і чаму абавязкова трэба прыехаць. Сёння наш прыпынак – Новая Мыш.

Шмат хто з нас марыць пабачыць сусветныя славутасці ў розных кутах свету. Але многа цікавага і выбітнага знаходзіцца зусім побач з намі.

Мястэчка Новая Мыш размешчана за 8 км ад Баранавіч. Каля населенага пункта працякае рэчка Мышанка. Побач праходзіць аўтамабільная траса М1 і «старая Брэст-Маскоўская» дарога.

Як Новая Мыш магла стаць Баранавічамі

Існуе легенда, што падчас пабудовы чыгункі ў 1860-х гадах паміж Брэстам і Мінскам патрабавалася збудаваць станцыю і дэпо для замены ды загрузкі палівам паравозаў. Царскія інжынеры прапанавалі жыдам з Новай Мышы за невялікі хабар размясціць станцыю ў іх мястэчку. Аднак старэйшыны габрэяў параіўшыся адмовіліся плаціць грошы. Маўляў, цягнікі будуць гудзець і перашкаджаць спаць ноччу.

Краявід на Новую Мыш Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Краявід на Новую Мыш. Нямецкая паштоўка 1915-1918 гг

Трагічная памылка стала відавочна ўжо ў 1871 годзе, калі праз станцыю Баранавічы праехаў першы цягнік і выклікаў фурор сярод навакольнага люду. Аднак габрэі з Новай Мышы яшчэ доўга прытрымліваліся свайго рашэння, і ніхто з іх некалькі дзесяцігоддзяў потым не перасяляўся ў Баранавічы.

Жыхары Новай Мышы на вуліцы Слонімштрасэ Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Жыхары Новай Мышы на вуліцы Слонімштрасэ. Нямецкая пашўтоўка 1915-1918 гг

Пачаткі Мышы

Упершыню Мыш згадваецца ў першай палове XV ст. як сяло Навагрудскага павета. Яно знаходзілася на месцы сучаснай Старой Мышы. У 1563 г. князь ВКЛ Жыгімонт Аўгуст перадаў мясцовасць славутаму Вялікаму гетману літоўскаму Яну Хадкевічу. Недзе ў XVI—XVII ст. тут быў збудаваны замак. У XVII ст. у мястэчку дзейнічалі касцёл і школа. У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) замак і мястэчка зруйнавалі войскі Маскоўскага княства.

Як пісалі ваяводы ў Маскву:

«В городе Мыши литовских людей всех побили, которых зостали, и языков взяли многих людей. И городок Мышь выжгли и со всем разорили без остатку».

Сёння дакладна невядома, калі Хадкевічы заснавалі Новую Мыш. На старых мапах пачатку XVII ст. яшчэ пазначана мястэчка Мыш, але ў крыніцах 1620-х гадоў гэтага ж стагоддзя Старая і Новая Мыш фігуруюць ужо паасобку. Аднак пасля знішчэння замка Старая Мыш больш ніколі не мела сваёй велічы. А жыццё пачало віраваць вакол Новай Мышы.

Рынкавая плошча. Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Рынкавая плошча ў Новай Мышы. Бачны касцёл і царква. Нямецкая пашўтоўка 1915-1918 гг

Росквіт і заняпад

У другой палове XVII ст. кашталян Навагрудскі Мікалай Юдзіцкі заснаваў у Мышы езуіцкі калегіум. Менавіта пры ім гаспадарчымі справамі маёнтка кіраваў Тадэвуш Чачот – бацька вядомага беларускага паэта Яна Чачота.

У XVIII ст. ўладальнікамі мястэчка і двара былі Несялоўскія і Масальскія. Яны заснавалі тут шкляную гуту. У 1725 г. у мястэчку было больш за 100 двароў, дзейнічалі касцёл і царква, працавалі школа, шпіталь, карчма і млын. Сюды ў 1784 г. заязджаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Карчма Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Карчма на нямецкай паштоўцы 1915-18 гг.

У другой палове XIX ст. Новая Мыш была буйным мястэчкам Наваградскага павета. Па колькасці насельніцтва яно саступала толькі Наваградку, Міру, Любчы і Карэлічам. Тут з’явіліся валасная ўправа, народная вучэльня, пошта і аптэка. Працавалі тры жыдоўскія школы і 21 крама жыдоў. Функцыянавалі бровар, цагельня, вятрак і паравы млын. Местачкоўцы займаліся ўсімі асноўнымі відамі рамёстваў.

Жыхары Новай Мышы на вуліцы Слонімштрасэ Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Жыхары Новай Мышы на вуліцы Слонімштрасэ. Нямецкая пашўтоўка 1915-1918 гг

Падчас Першай сусветнай вайны Новая Мыш была акупаваная немцамі і знаходзілася амаль на лініі фронту. З 1921 г. апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны ў Баранавіцкім павеце.

Школа Новая Мыш Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Вучні і настаўнікі польскай школы ў Новай Мышы. Друкуецца ўпершыню. Са збораў Руслана Равякі

У 1939 г. Новая Мыш увайшла ў склад БССР. З 15 студзеня 1940 г. гэта цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці. 8 красавіка 1957 г. Навамышскі раён быў перайменаваны ў Баранавіцкі.

Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Мужчыны на рынкавай плошчы. 1950-я гады. Здымак са збораў Руслана Равякі

Новая Мыш і славуты абраз

Былы рынкавы пляц у цэнтры Новай Мышы не надта змяніўся і ў нашыя дні. Яго пакінулі незабудаваным, толькі дрэвы ўзняліся.

Новая Мыш касцёл Перамянення Пана Nowa Mysz Новая Мыш
Касцёл Перамянення Пана ў Новай Мышы, люты 2024 г. Фота: BAR24.BY

Над пляцам па-ранейшаму дамінуе каталіцкі касцёл Перамянення Пана. Ён быў пабудаваны ў 1825 годзе з цэглы на месцы згарэлага драўлянага храма 1641 года.

Касцёл Перамянення Пана Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Касцёл Перамянення Пана на нямецкай паштоўцы часоў Першай сусветнай вайны. Са збораў Руслана Равякі

У ім захоўваюцца арган 1762 года вытворчасці, аздоблены ў стылі ракако, а таксама каштоўныя драўляныя алтары з Нясвіжскага кляштара бенедыктынак.

Інтэр'ер касцёла.Новая Мыш Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Інтэр’ер касцёла. Справа — Абраз Маці Божай Бялыніцкай. Фота: wikimedia.org

У касцёле справа ад алтара знаходзіцца копія славутага абраза Маці Божай Бялыніцкай. Гэты цудатворны абраз шануюць як каталікі, так і праваслаўныя вернікі. Арыгінал выявы ў 1876 годзе схаваў ксёндз у Бялынічах, замяніўшы яго на копію, калі касцёл перадавалі праваслаўным. Куды падзелася святыня, дасюль не вядома.

У 1995 годзе ў навамышскім касцёле адбыўся пажар. Алтар быў моцна закураны. Калі рэстаўратары працавалі ў святыні, за абразом Унебаўзяцця Маці Божай у адным з бакавых алтароў іх вачам адкрылася іншая ікона. Гэта была выява Маці Божай Бялыніцкай. Гэтая знаходка пакуль лічыцца копіяй цудатворнага абраза. Аднак яна вельмі падобная да апісанняў арыгіналу іконы.

Абраз Маці Божай Бялыніцкай Новая Мыш Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Абраз Маці Божай Бялыніцкай у Новай Мышы. Здымак: catolik.by

Копію абраза ніхто б не хаваў пад іншай выяваю. Не выключана, што абраз Маці Божай Бялыніцкай цяпер знаходзіцца ў касцёле ў Новай Мышы.

Іншыя славутасці Новай Мышы

Побач з касцёлам знаходзіцца праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў 1859 г. у неарускім стылі. На яе месцы раней стаяла велічная драўляная ўніяцкая царква.

Спаса-Праабражэнская царква Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
1900 год. Спаса-Праабражэнская царква
Спаса-Праабражэнская царква Новая Мыш
Спаса-Праабражэнская царква, люты 2024 г. Фота: BAR24.BY

Каля касцёла ўсталяваны бюст Яну Чачоту. Як мы пісалі вышэй, яго бацька працаваў тут аканомам. Менавіта ў Новай Мышы прайшлі дзіцячыя гады паэта, якога яго сябар Адам Міцкевіч так і называў: «Ян з Мышы». Не дарма свае найлепшыя балады Ян Чачот прысвяціў мясцоваму краю: «Мышанка», «Калдычэўскі шчупак», «Узногі».

Бюст Яна Чачота Новая Мыш Czoczot Nowa Mysz
Бюст Яна Чачота. Фота: BAR24.BY

Таксама побач з касцёлам знаходзіцца закінуты вялікі каменны дом купца. Ён вядомы таксама як гасцінны двор і карчма. На жаль, пакуль не знайшлося ахвотных аднавіць будынак.

Карчма Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Карчма, люты 2024 г. Фота: BAR24.BY
Карчма Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Карчма на нямецкай паштоўцы 1915-1918 гг.
Карчма ў 1996 годзе Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Карчма ў 1996 годзе. Здымак Руслан Равякі
Карчма Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Гасцінны двор ці карчма, люты 2024 г. Фота: BAR24.BY

Жыды ў Новай Мышы

Да Другой сусветнай вайны значную частку насельніцтва Новай Мышы складалі жыды. Большасць з іх (2000 чалавек) былі забіты летам 1942 года фашыстамі. У мястэчку захавалася даваенная габрэйская забудова.

Юдэнштрасэ Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Юдэнштрасэ (жыдоўская вуліца). Нямецкая пашўтоўка 1915-1918 гг
Сінагога Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Будынак, дзе размяшчалася сінагога. 2013 г. Фота з соцсетак

Сярод іх вылучалася сінагога на вуліцы Баранавіцкай, у якой пасля вайны доўгі час знаходзіўся мясцовы клуб. Цяпер гэты будынак перабудаваны.

Сінагога Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Перабудаваны будынак сінагоні. Фота: wikimedia.org

Могілкі

Блукаючы па вузкіх вулках Новай Мышы, зазірніце на каталіцкія могілкі. У старой частцы захавалася шмат прыгожых пахаванняў з цікавымі надмагіллямі.

На могілках у Новай Мышы. Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
На могілках у Новай Мышы, люты 2024 г. Фота: BAR24.BY
Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш могілкі
На могілках у Новай Мышы. Фота: BAR24.BY

Тут можна яшчэ пабачыць велічны абеліск сярэдзіна ХІХ стагоддзя з чырвонай цэглы. Яшчэ адзін такі тут абрынуўся напрыканцы 1990-х.

Абеліск на магіле Эміліі Мацяеўскай, што памерла ў 1874 годзе Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Абеліск на магіле Эміліі Мацяеўскай, што памерла ў 1874 годзе. Фота: BAR24.BY
Абеліск на магіле Эміліі Мацяеўскай, што памерла ў 1874 годзе Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Фота: BAR24.BY

На могілках таксама цікава будзе паглядзець на старую драўляную пахавальную капліцу.

Капліца на могілках Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Капліца на могілках. Фота 1914 года.
Капліца на могілках у 2024 годзе Новая Мыш Nowa Mysz Новая Мыш
Капліца на могілках, люты 2024 г. Фота: BAR24.BY

Як даехаць

Новая Мыш знаходзіцца зусім недалёка ад Баранавіч. Сюды можна дабрацца, даехаўшы на гарадскім аўтобусе №27 і трохі прагуляўшыся. У мястэчка можна даехаць таксама на маршрутках, машыне, а летам – на ровары.

Магчыма вам таксама будзе цікава: КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Крашын

Адкуль назва. Альсевічы

Забытая гісторыя. Абеліск на каталіцкіх могілках у Баранавічах

Як немцы бамбілі Баранавічы 15 верасня 1939 года. Толькі на стары парк скінулі 158 бомбаў

Як выглядаў першы герб Баранавіч, пра які ўжо ніхто не памятае

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях