КРАЯвіды. Што паглядзець у вёсцы Крашын

У новай рубрыцы "КРАЯвіды" знаёмім з цікавымі куточкамі Баранавіцкага рэгіёна і расказваем, што варта паглядзець і чаму абавязкова трэба прыехаць. Сёння наш прыпынак – Крашын.

Шмат хто з нас марыць пабачыць сусветныя славутасці ў розных кутах свету. Аднак, шмат усяго цікавага і выбітнага знаходзіцца зусім побач з намі. Напрыклад, вёска Крашын.

Яна знаходзіцца за 15 км ад Баранавіч, на беразе ракі Шчара. Побач праходзіць аўтамабільная дарога Баранавічы-Мінск і чыгунка.

Гісторыя мястэчка

Упершыню Крашын успамінаецца 2 жніўня 1442 года, калі гаспадар вёскі Юшка Гойцавіч фундаваў касцёл. Пасля населены пункт шмат разоў мяняў сваіх уласнікаў. У 1512 годзе Крашын атрымаў права называецца мястэчкам.

З 1570 года яно належыла Валовічам, а з канца XVI ст. – Радзівілам. У 1580 годзе там было 39 двароў. У цэнтры мястэчка знаходзілася гандлёвая плошча, дзе раз на тыдзень праводзіўся кірмаш. Працавалі млын, карчма і 4 рамеснікі.

Стары драўляны касцёл у мястэчку Крашын.
Стары драўляны касцёл у мястэчку Крашын. Здымак да 1913 года.

У 1818 годзе тут быў пабудаваны новы драўляны касцёл. У 1828-м у Крашыне адбыўся сялянскі бунт. Распачаўся ён пасля таго, як Станіслаў Юраг, гаспадар Крашына, паспрабаваў пераўтварыць вольных сялян у прыгонных. Гэтая падзея і надала пазней вядомасць мястэчку, дзякуючы вершу Паўлюка Багрыма.

Стары драўляны касцёл у мястэчку Крашын. Здымак да 1913 года.

Вядома, што у 1880-х гадах у Крашыне было 77 двароў, касцёл, яўрэйскі дом малітвы. Побач з мястэчкам быў аднайменны маёнтак Крашын.

Падчас Першай сусветнай вайны Крашын знаходзіўся каля самай лініі фронту. Таму моцна пацярпеў ад баявых дзеянняў. У часы Другой сусветнай вайны каля мястэчка таксама ішлі зацятыя баі.

Крашын і яго парк

Не гледзячы на ўсе згубы часу, у гэтым былым мястэчку цяпер ёсць шмат розных цікавых месцаў. Галоўнае – ведаць, дзе яны знаходзяцца.

Адразу на ўездзе ў вёску, на беразе Шчары, знаходзіцца славуты старажытны Крашынскі парк. Тут абавязкова трэба спыніцца! У парку растуць велічныя ясені, пасаджаныя некалі родам Святаполк-Завадскіх. Старыя прысады з гэтых дрэў вялі некалі да былой пахавальнай капліцы. Яна даўно ўжо засыпана зямлёю і сёння нагадвае курган.

Крашын Месцца былой капліцы.
Месца былой капліцы, студзень 2024 г. Здымак: BAR24.BY

Побач расце некалькі вялікіх ліп, пад якімі можна разгледзець умацаваную камянямі тэрасу. Некалі, відаць, гэта была аглядная пляцоўка для сузірання за мясцовымі краявідамі.

Да Першай сусветнай вайны на тэрыторыі парка існаваў драўляны двухпавярховы палац, пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. на ўзвышшы левага берага Шчары. Перад палацам быў шырокі двор. Будынак меў 24 залы і пакоі, мастацкую майстэрню, бібліятэку і архіў.  Размяшчалася багатая калекцыя фарфору. Палац быў знішчаны падчас баявых дзеянняў 1915-1918 гг.

дамейка дуб Крашын
Дуб (па цэнтру), які пасадзіў Ігнат дамейка. Студзень 2024 г. Фотаздымак: BAR24.BY

У адным з закуткоў парку расце вялікі дуб. Каля яго ёсць мемарыяльная пліта. Яна прысвечана нашаму славутаму земляку Ігнату Дамейцы, які ў 1884 годзе прыехаў у Крашын пасля працяглай эміграцыі. З ім быў і яго сябра – паэт Антон Адынец. Вядома, што падчас свайго знаходжання ў Крашыне Дамейка з Адынцом пасадзілі тут дуб. Праўда, не ўсе гісторыкі сёння вераць, што гэта тое самае дрэва.

Ігнат дамейка камень каршын
Памятны камень у гонар Ігната Дамейкі. Студзень 2024 г. Здымак: BAR24.BY

Незвычайны касцёл і знакамітая жырандоль

Дарога ад парку вядзе ў сам Крашын. Раім вам адразу накіравацца да касцёла Божага Цела.

Касцёл Божага цела Крашын
Касцёл Божага цела ў 1970-я. Фото з калекцыі Руслана Равякі. Выстаўлена ўпершыню.

Мураваны будынак быў узведзены ў 1920-х гадах на месцы драўлянага храма, які прастаяў з 1818 г.

Касцёл Божага цела Крашын
Касцёл Божага цела, студзень 2024 г. Здымак: BAR24.BY

Абавязкова прыглядзіцеся да муроў касцёла. Вы будзеце здзіўленыя і шакаваныя! Пры яго пабудове ў сцены ўмуроўваліся старыя надмагільныя камяні з мясцовых пахаванняў XIX ст.

Надмагільныя пліты касцёл Крашын
Надмагільныя пліты, умураваныя ў касцёл. Фото: BAR24.BY
Надмагільныя пліты касцёл Крашын
Надмагільныя пліты, умураваныя ў сцены касцёла. Фотоздымак: BAR24.BY
Надмагільныя пліты касцёл Крашын
Надмагільныя пліты, умураваныя ў касцёл. Здымак: BAR24.BY

Калі вам пашчасціць і храм будзе адчынены, абавязкова паглядзіце на жырандоль, якую выкаваў у 1881 годзе Паўлюк Багрым. Жырандоль – гэта вялікая столевая люстра, прызначаная для стварэння бесценевага асвятлення. Да 1990-х надоў яна захоўвалася ў мясцовым музеі, а потым была ўрачыста вернутая ў храм.

Жырандоль Багрыма Крашын
Жырандоль Багрыма. Фота: commons.wikimedia.org
Жырандоль Крашын
Жырандоль з подпісам «Павел Багрым». Здымак: commons.wikimedia.org

Хто такі Паўлюк Багрым

Каб лепей разумець значнасць асобы Паўлюка Багрыма для Крашына, вы павінны ведаць такія мінімальныя факты. Ён нарадзіўся ў 1812 годзе ў Крашыне. Вучыўся ў пачатковай парафіяльнай школе, якую ў мястэчку арганізаваў ксёндз Войцех Магнушэўскі. Хлопчык пачаў пісаць вершы. У сувязі з хваляваннямі ў 1828 годзе ў Крашыне, ён прыцягваўся да следства.

Значок выдадзены ў 1987 годзе да ўгодкаў Паўлюка Багрыма

Працэс скончыўся масавай экзекуцыяй жыхароў Крашына. З падлетка Паўла Багрыма, які не меў дачынення да хваляванняў, чыноўнікі ўзялі абяцанне больш вершаў не пісаць, не перапісваць і не чытаць.

Подпіс Паўлюка Багрыма.
Подпіс Паўлюка Багрыма. Здымак: commons.wikimedia.org

Паўлюк Багрым працаваў кавалём у Крашыне. Калі дакладна ён памёр – не вядома. Існуе легенда, што яго забіў раз’юшаны бык. Метрычны запіс аб яго смерці пакуль не знойдзены. Таму гісторыкі лічаць датай смерці 1891 год.

У нататках ксяндза Караля Жураўскага напісана, што магіла Паўла Багрыма знаходзілася за касцёлам, насупраць акна. Паміж магіламі мастака з Вільні Парцэвіча і двух ксяндзоў.

Пасля Багрыма засталася згаданая вышэй жырандоль, а таксама адзіны верш: «Зайграй, зайграй, хлопча малы…». Упершыню яго апублікаваў у сваіх успамінах навагрудскі адвакат Ігнацы Яцкоўскі ў 1858 годзе. Дарэчы, яго можна прачытаць у касцёле, дзе ён змешчаны на трох мовах: беларускай, польскай і англійскай.

Свята абластнога ўзроўню ў гонар Багрыма
Свята абластнога ўзроўню ў гонар Багрыма. Дэлегацыя ідзе да магілы паэта. 1989-1990 год. Фота з архіва Сымона Свістуновіча

Магіла паэта

Сёння магілу Паўлюка Багрыма можна знайсці адразу за касцёлам. У 1968 годзе замест спарахнелага крыжа ўлады паставілі помнік з надпісам «Багрым Павел Іосіфавіч 1811—1891». Напрыканцы 1980-х мясцовы краязнаўца ўсталяваў новы помнік. Але яго пасля 1993 года скралі невядомыя асобы.

Цяпер на магіле паэта і каваля ўсталяваны новы велічны помнік у выглядзе стэлы з невялічкім бюстам паэта.

Магіла Паўлюка Багрыма Крашын
Магіла Паўлюка Багрыма. Студзень 2024 г. Фотаздымак: BAR24.BY

Побач з касцёлам у гонар Багрыма ўсталяваны памятны 2-х метровы валун з надпісамі па-лацінску і па-беларуску: «Vita brevis – Patria eterna», «Жыццё кароткае – Радзіма вечная». Яго усталявалі ў 1985 г. да абласнога свята паэзіі ў Крашыне. Камень устанавілі каля дарожкі, якая вяла да магілы Багрыма. У 2019 годзе па загаду мясцовых уладаў яго пераставілі да агароджы побач з могілкамі.

Валун Крашын
Надпіс на камяні. Фота з сацсетак

Унікальныя музеі

Пра гэта мала хто ведае, але ў Крашыне ёсць некалькі ўнікальных музеяў. Яны знаходзяцца ў мясцовым Доме культуры.

Дом культуры Крашын
Дом культуры ў Крашыне. Здымак: BAR24.BY

Музей народных строяў быў адкрыты ў 2013 годзе. У ім сабрана больш за 60 розных строяў. Гэта калекцыя, якую сабрала сям’я Пшэўлоцкіх. Большасць з экспанатаў – мясцовыя сцэнічныя касцюмы. Рарыты паходзяць практычна з усіх баранавіцкіх вёсак: Русіно, Перхавічы, Падлясейкі, Жамчужнае, Мілавіды… Прадстаўлены мадэлі з 30 сельскіх населеных пунктаў. Але кожны строй мае свае асаблівасці. Паглядзець на гэтую калекцыю раней прыязджалі турысты з Польшчы і нават ЗША.

Народныя касцюмы ў Крашыне. Здымак: zholnerchik.house.gov.by

Таксама ў падвеле ДК, дзе раней ладзілі танцы, знаходзіцца музей народных інструментаў. Калекцыю сабрала таксама сям’я Пшэўлоцкіх. У калекцыі больш за 70 інструментаў і розных тэхнічных сродкаў. Самы стары экспанат – даваенны акардэон. Тут таксама можна ўбачыць унікальны электронны баян «Тапаз» 1985 года выпуску. Ёсць тут і старая музычная тэхніка, напрыклад бабінны магнітафон 1975 года выпуску.

Як даехаць у Крашын

Крашын знаходзіцца зусім недалёка ад Баранавіч. Сюды можна даехаць за 15 хвілін на электрычцы Баранавічы-Мінск. Прыпынак «Крашын». Можна прыехаць на машыне, а летам – на ровары.

Крашын
Здымак: BAR24.BY

Чытайце таксама: Пагартайце «сямейны альбом» горада Баранавічы. Гістарычныя фотаздымкі

Адкуль назва. Альсевічы

Забытая гісторыя. Абеліск на каталіцкіх могілках у Баранавічах

Як немцы бамбілі Баранавічы 15 верасня 1939 года. Толькі на стары парк скінулі 158 бомбаў

Як выглядаў першы герб Баранавіч, пра які ўжо ніхто не памятае

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях