Пажары, новыя дарогі і рабункі. Агляд старых газет за снежань 1933 года

Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.

7 снежня, Kurjer Nowogródzki

Не паспелі выкарыстаць

У ноч на 5 снежня ў Мацея Бычко, што жыве на вуліцы Рынкавай (цяпер Фраленкова), 144, адарвалі на хляве калодкі (навясныя замкі) і скралі карову, якая вартая 90 злотых. Раніцай Бычко ўзняў лямант. Карову пачалі шукаць і знайшлі яе ў гаю Жлобін, што пад Баранавічамі. Злодзея не выкрылі, але спадзяёмся, што яго знойдуць.

8 снежня

Рабункі ў адной вёсцы

У ноч на 6 снежня ў вёсцы Дольнае Скробава адбыліся 2 смелых крадзяжы. Тры злодзея праламалі страху і ўварваліся ў хату Андрэя Наломчыка, якога абрабавалі на 400 злотых. Потым такім самым чынам – у жытло Аляксандры Шамкуць, у якой забралі 550 злотых і вэксаль на 50 злотых.

Трэба адзначыць, што злодзеі затэрарызавалі пацярпелых і прымусілі іх аддаць грошы.

Агульны сход машыністаў

Днём 6 снежня ў асабістым памяшканні арганізацыі на вуліцы Шасовай (цяпер вуліца Брэсцкая) адбыўся агульны сход прафсаюзу чыгуначных машыністаў, на якім кіраўніцтва прадставіла справаздачу сваёй дзейнасці. 

Пасля справаздачы было абрана новае кіраўніцтва прафсаюза: старшыня Віталь Броўскі, сакратар Станіслаў Грацкі, скарбнік Казімір Печынскі, а таксама чальцы:  Дамінік Аляхновіч і Сталіслаў Еньша. 

Крадзеж лічыльнікаў

Днём 6 снежня ў Саламона Молчадзкага, які жыве на вуліцы Шасовай, скралі два электрычных лічыльніка вартасцю 100 злотых.

Аварыя з-за аўтамабільнага сігналу

Днём 4 снежня на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая) сігнал аўто напалохаў каня, які наехаў на Вольфа Есялевіча. Апошні атрымаў толькі лёгкія пашкоджанні цела. 

13 снежня

Будаўніцтва дарог

7 снежня ў кабінеце старасты адбылося пасяджэнне павятовага аддзелу (сучасны аналаг райвыканкама), на якім адбылася справаздача аб праведзенай працы. Потым былі разгледжаны кандыдатуры на пасаду солтысаў у розных гмінах. Усе яны былі ўхваленыя.

Пасля гэтага аддзел ухваліў будаўніцтва дарогі-шасэ Лясная-Мілавіды. Гэта робіцца, каб звязаць два значных напрамкі, а менавіта Слонімскае шасэ з Брэсцкім.

Потым павятовы аддзел ухваліў атрыманне пазыкі на суму 50 000 злотых з дарожнага фонду, каб працягнуць будаўніцтва дарогі ваяводскай значнасці паміж Баранавічамі і Навагрудкам.

На гэтым пасяджэнне было скончана.

Рэклама вермута ў Kurier Nowogrodzki №336 1933
Рэклама вермута ў Kurier Nowogrodzki №336 1933

15 снежня

Прыезд генерала

У гэтыя дні быў у Баранавічах генерал Славой-Складкоўскі, які праводзіў інспекцыю мясцовага гарнізону.

Цэны на мяса

З-за падвышэння цэн на быдла, цэны на ялавічыну на 15 снежня ўзраслі да 85 грошай за кілаграм.

Пажар

З-за неасцярожнага абыходжання з агнём узнік пажар у забудовах Марыі Максімчык, жыхаркі вёскі Тальмінавічы. Згарэлі жылы дом, камора, хлеў і сёлетні ўраджай. Агульная вартасць знішчанага агнём — каля 1200 злотых.

18 снежня

Дубальтоўка

9 снежня быў праведзены ператрус у будынках Балеслава Ганцэвіча, жыхара вёскі Альбінкі Навамышскай гміны. Падчас рэвізіі была знойдзена дубальтоўка, што захоўвалася нелегальна. Зброя канфіскавана і перададзена разам з данясеннем у стараства.

Спроба самагубства

13 снежня а 14.50 Зося Катлоўская, што жыве на вуліцы Каперніка (цяпер Халасцякова), спрабуючы здзейсніць самагубства, напілася эсэнцыі воцату. Катлоўскую завезлі ў міжкамунальны шпіталь у Баранавічах. Развітацца з жыццём яна хацела з поваду заражэння венерычнай хваробай.

19 снежня

Будаўніцтва школы

Магістрат горада Баранавічы атрымаў крэдыт ад Фонду працы ў памеры 20 000 злотых на сканчэнне будаўніцтва будынку агульнаадукацыйнай школы ў Калоніі чыноўнікаў.

Хочацца верыць, што магістрат скарыстаецца ўсімі сваімі магчымасцямі, каб узвесці школу, бо цяперашнія ўмовы, дзе вучацца дзеці, непрымальныя.

Нешчаслівы выпадак

Днём 14 снежня на вуліцы Шасовай (цяпер Брэсцкая) коні, якія належаць Раману Захарэвічу, гаспадару фальварка Рамашкі, напалохаліся сігналу аўтамабіля і панеслі. Яны з фурманкай наляцелі на агароджу чыгуначнага пераезда. На шчасце, коні і фурман не пацярпелі. Пашкоджана толькі агароджа пераезда.

21 снежня

Нешчаслівае падарожжа віленскіх зладзеяў

18 снежня паліцыі паведамілі, што ў пустых вагонах на запасных шляхах хаваюцца злодзеі. Высланы сяржант (przodownik) Баброўскі знайшоў тых, хто хаваўся. Пасля таго, як ён пачаў звяртацца да іх, быў атакаваны. У мэтах самаабароны паліцэйскі ўжыў зброі і параніў аднаго з нападаючых у сцягно. Другі злачынца скарыстаўся замяшаннем і ўцёк. Паранены зарэгістраваны ў паліцыі як віленскі злодзей Аляксандр Канцлер. У вагоне знайшлі шэраг скрадзеных рэчаў.

Пасяджэнне гарадской рады

19 снежня адбылося ў Баранавічах пасяджэнне гарадской рады. На лавах радных з-за набліжаючыхся свят — пусткі. Пасля прачытання пратаколу з мінулага пасяджэння сход без дыскусіі прыняў пастанову пра атрыманне крэдыту з Крэдытна-дапаможнага фонда. Пасля была ўхвалена стварэнне камісіі, у якую ўвайшлі Букоўскі, Ізыксон і Махай. Гэта камісія павінна была развязаць спор за кірмаш імя 3 мая (знаходзіўся паміж вуліцамі Гагарына, Горкага, Прытыцкага, Чырвонаармейская) з пані Гурскай (дачка заснавальніка горада Яна Развадоўскага). 

Пасля прысутныя вымушаны былі выслухаць раднага Махая, які выступіў з крытыкай Камітэта па беспрацоўю. Не гледзячы на тое, што такога камітэта не існуе. Працаўладкаваннем і апекай над беспрацоўнымі  займаецца Фонд працы. Бурмістр расказаў, што ў пятніцу беспрацоўныя атрымаюць прадуктовую дапамогу. На гэтым пасяджэнне і скончылася.

24-25 снежня

Пажар у казіно Аб’яднання рэзервістаў

Ноччу 21 снежня, а 23.30, выбухнуў пажар у новапабудаваным памяшканні пад клуб Аб’яднання рэзервістаў. Памяшканне было амаль цалкам гатовае на вуліцы Сільвестра (невядомая вуліца), а ўрачыстае адкрыццё запланавана на 31 снежня. 

Ладная забава

У ноч на 20 снежня падчас вячорак у вёсцы Цыгань Мядзведзіцкай гміны ўзнікла спрэчка паміж Янам Лазоўскім, Юзікам Суханам і Васілём Мяшкевічам. Спрэчка перарасла ў бойку. У ход пайшлі нажы. У выніку Лазоўскі атрымаў удар у плечы, а Сахун – у левы бок. Раны абодвух прызнаныя цяжкімі.

28 снежня

Забойства дзіцяці і смерць маці

У ноч на 24 снежня ў Баранавіцкім міжкамунальным шпіталі ў выніку ранніх родаў памерла Эльжбета Лайша, жыхарка вёскі Ганцавічы гміны Новая Мыш. Як выявілася, памерлая нарадзіла дзіця 23 снежня ў доме бацькоў і схавала яго ў хляве ў саломе. Дзіця таксама памерла. 

Вялікі пажар на станцыі Ляхавічы

24 снежня а 16 гадзіне на чыгуначнай станцыі Ляхавічы на таварным складзе Аляксандр Сергель адаграваў  агнём кран нафтазборніка, і распачаўся пажар. У выніку згарэў нафтазборнік разам з абсталяваннем і 2580 кг нафты, 1680 кг алея, 800 кг газы і драўляны будан, што належылі Ашэру Пакеру, які жыве каля станцыі Ляхавічы. Агульныя страты перавышаюць 3570 злотых. Людзі не пацярпелі.

Пажар

Днём 26 снежня адбыўся пажар на вуліцы Шасовай (цяпер Брэсцкая), у выніку чаго згарэў хлеў, конь, 10 кур і корм, якія належылі Канстанціну Слізню. Агульныя страты складаюць 770 злотых. Людзі не пацярпелі. Пажар адбыўся з-за выкарыстання агня падчас кармлення каня.

30 снежня

Канкурэнты дзяржаўнага манетнага двара

28 снежня на рынку 3 мая ў Баранавічах былі затрыманыя Адам Шымчук і Жыгмунт Шымчук, жыхары вёскі Стрэлава. Іх падазраюць у выпуску ў абарот фальшывых грошай. Падчас ператрусу ў Адама знайшлі 18 фальшывых манет па 10 злотых, а ў Жыгмунта — 2 такіх манеты. Абодва былі арыштаваныя.

Срэбраныя 10 злотых 1933 года 10 zlotych
Срэбраныя 10 злотых 1933 года

Чытайце таксама: Бойкі, крадзяжы і звальненні ў магістраце. Агляд старых газет за лістапад 1933 года\

Стрэлы ў цэнтры горада, канцэрт прымадонны і крадзяжы. Агляд старых газет за кастрычнік 1933 года

Дзве авіякатастрофы і знойдзены скарб. Агляд старых газет за верасень 1933 года

Цыганскі кароль, цырк і новы герб горада Баранавічы. Агляд старых газет за жнівень 1933 года

 Банкруцтва банка і конныя спаборніцтвы. Агляд старых газет за ліпень 1933 года

Смерць ад пчол і быка ды забруджаны парк. Агляд старых газет за чэрвень 1933 года

Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года

Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях