Стрэлы ў цэнтры горада, канцэрт прымадонны і крадзяжы. Агляд старых газет за кастрычнік 1933 года
Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.
Kurjer Nowogródzki
6 кастрычніка
Канцэрт славутай спявачкі
9 кастрычніка а 19.30 у зале кінатэатра Apollo адбудзецца канцэрт славутай спявачкі Ванды Вермінскай.
Ванда Вермінская (18 лістапада 1900 — 30 жніўня 1988 ) — польская оперная спявачка, меца-сапрана, драматычнае сапрана, прымадонна даваеннага Вялікага тэатра ў Варшаве. З пачаткам вайны з’ехала ў Італію, а пасля у ЗША. Вярнулася ў 1949, але яе не выпускалі на сцэну і ў 1951 годзе звольнілі з тэатра.
9 кастрычніка
Пажар
6 кастрычніка а 22 гадзіне з-за неасцярожнага абыходжання з агнём распачаўся пажар у сядзібе братоў Блашчэвічаў. У выніку згарэў свіран з сёлетнім ураджаем і сельскагаспадарчымі прыладамі. Падчас тушэння Нікіфар Блашчэвіч атрымаў лёгкія апёкі твару і рук.
13 кастрычніка
Будова касцёла ў Лясной
8 кастрычніка Аб’яднанне стральцоў пры станцыі Лясная на заклік Камітэта пабудовы касцёла ладзіла прадстаўленне “Konsyljum fakultatis”. Пасля прадстаўлення адбыліся танцы разам з латарэяй. Увесь прыбытак у суме каля 200 злотых перадалі на пабудову касцёла ў Лясной.
У магістраце дадалося дзіця
6 кастрычніка а 22.30 было пакінута немаўля. Хлопчык прыкладна двух месяцаў быў перададзены ў дзіцячы прытулак.
Зіма блізка, трэба падрыхтавацца
8 кастрычніка Рыўка Нінковэр паведаміла ў камісарыят паліцыі, што ў яе скралі паліто са скунсавым каўняром вартасцю каля 300 злотых.
Варварства
У ноч на 27 верасня на пашы каля в. Жарабковічы гміны Ляхавічы нехта адсёк 13 коням хвасты.
18 кастрычніка
З’езд гаспадарчых і грамадскіх дзеячаў
11 кастрычніка ў залі кінатэатра Apollo у прысутнасці прадстаўнікоў улады (а менавіта прадстаўніка пана ваяводы, кіраўніка аддзелу бяспекі п. Ясянскага, пана старасты Нэўгебаўэра, паслоў і сенатараў зямлі Навагрудскай і 282 дэлегатаў з горада і павету) адбыўся з’езд гаспадарчых і грамадскіх дзеячаў.
Памёр ад ран
12 кастрычніка ў міжкамунальным шпіталі ў Баранавічах памёр ад атрыманых ран Антон Шаматульскі. Ён атрымаў траўму 29 верасня трансмісійным пасам на млыне Б. Рэзніка ў вёсцы Тартакі.
Конь, збруя і воз
У ноч на 14 кастрычніка жыхар горада Баранавічы Мікалай Букша накіраваўся з гасцявым візітам ў гміну Вольна. У вёсцы Клонпікі ён скраў у Аляксандра Петрашкевіча кабылу. Потым у Антона Клімашэўскага з зачыненага хлява – збрую. А ў вёсцы Макашы забраў з хлява Антона Нядзелькі воз і бурку.
Маючы ўсё гэта, ён запрог воз і паехаў да Баранавіч. Але даехаў да горада ўжо ў суправаджэнні… але не да хаты, а ў вязніцу, дзе чакае выраку суду.
22 кастрычніка
Загадкавае знікненне дзіцяці
18 кастрычніка а 10-й гадзіне з падворка фальварка Сухарэбшчына гміны Ястрамбель знікла трохгадовая Яніна Ігнатовіч. Не гледзячы на распачатыя пошукі, дзіця так і не знайшлі. Ёсць меркаванне, што дзіця загрызлі ваўкі.
25 кастрычніка
Канкурэнт дзяржаўнага манетнага двара
21 кастрычніка быў затрыманы жыхар вёскі Дарава Ян Кашук, якога падазраюць у выпуску і ўводзе ў абарачэнне фальшывых 1-злотавых манет.
27 кастрычніка
Таямнічае самагубства
У лесе, у так званым “Гаю” Сталовіцкай гміны павесіўся мужчына. Яму прыкладна 30 гадоў, высокі, шчуплы, апрануты ў блузу з ціку цёмна-сіняга колеру, порткі колеру хакі і чорныя боты з халявамі.
Побач знайшлі скураную шапку, бутэльку аб’ёмам 250 мл, дзе заставалася 2-3 кілішка гарэлкі.
Пад кустамі знайшлі чорную скураную куртку, у правай кішэні якой была луста хлеба з наклейкай “Кампанія па эксплуатацыі пякарні Most, былой Н. Гродзенскай. Варшава-Прага, вул. Паненская, 9”.
У задняй кішэні порткаў знайшлі 8 злотых 25 грошай у скураным партманэ. Ніякіх дакументаў пры мужчыне не было. Нябожчык павесіўся на скураным пасе, прымацаваным дротам да яліны.
Вушы і рукі пагрызены ляснымі мышамі. Твар нябожчыка пачаў раскладацца. Магчыма, самагубца паходзіць з Варшавы. Прычына самагубства – невядомая.
20 лістапада
Гісторыя двух разбітых шыб
27 кастрычніка а 11 гадзіне на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая) Мойша Граеў, вучань гімназіі Эпштэйна, маніпуліруючы рэвальверам нечакана стрэліў.
Куля прабіла дзве шыбы ў краме Віткоўскага.
Той рэвальвер з’яўляўся ўласнасцю Марья’на Вольскага, які валодаў ім нелегальна і пакінуў за даўгі Берцы Курхіну. Той жа паказаў яго Граеву, які нарабіў столькі бяды.
Злодзей будзе мець, што паесці
У ноч на 23 кастрычніка ў Юзэфа Садоўскага, што жыве ў асадзе Красевічы гміны Гарадзішча, скралі са склепа 48 сыроў галандскіх. Іх вартасць – 120 злотых.
27 кастрычніка ў Канстанціна Граноўскага з в. Крупляны з зачыненага хлява скралі карову вартасцю 100 злотых.
Чытайце таксама: Дзве авіякатастрофы і знойдзены скарб. Агляд старых газет за верасень 1933 года
Цыганскі кароль, цырк і новы герб горада Баранавічы. Агляд старых газет за жнівень 1933 года
Банкруцтва банка і конныя спаборніцтвы. Агляд старых газет за ліпень 1933 года
Смерць ад пчол і быка ды забруджаны парк. Агляд старых газет за чэрвень 1933 года
Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года
Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах
Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.
Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot