Забытая гісторыя. Абеліск на каталіцкіх могілках у Баранавічах

20 кастрычніка споўнілася 100 год, як быў адкрыты помнік у гонар 182 дактароў і грамадскіх дзеячоў, што загінулі змагаючыся з эпідэміямі ў нашым горадзе.

Пра гэты абеліск вышынёю 9 метраў цяпер у горадзе мала хто ведае. Знаходзіцца ён на старых каталіцкіх могілках па вуліцы Куйбышава. Аднак і сённяшні надпіс на тым помніку не вельмі дапаможа зацікаўленаму мінаку разабрацца, у гонар каго ён узведзены.

Першапачатковая польскамоўная шыльда з помніка знікла ў віхуры вайны. У 1995 годзе яе аднавілі, аднак праз пэўны час яна знікла таксама. Напачатку 2000-х  на абеліску з’явілася шыльда на рускай мове. Яна нешматслоўная: «Памяти жертв эпидемии  1920-1922 гг.».

Урачыстае адкрыццё помніка 20.10.1923. Фота з сямейнага альбому Яна Пекутоўскага

Што за эпідэмія адбылася ў 1920-22 гадах у Баранавічах

З пачаткам Першай сусветнай вайны і наступленнем немцаў большасць праваслаўнага насельніцтва з Заходняй Беларусі пад прымусам царскіх уладаў ці напалохаўшыся агітацыі пра зверства немцаў падалося ў бежанства ўглыб Расіі. Мільёны людзей кінулі свае хаты і землі ды ехалі на вазах у далечыню. На чужыне іх напаткалі ўсе беды грамадзянскай вайны 1917-1920 гадоў. Толькі пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў 1920 годзе з’явілася магчымасць вярнуцца дахаты.

У Баранавічах быў створаны Рэпатрыяцыйны этап, дзе бежанцы абавязаны былі правесці ў ізаляцыі тыдзень. За гэты час іх правяралі на заразныя хваробы і рабілі новыя дакументы. Размяшчаліся ўсе ў бараках у Вайсковым гарадку насупраць Палескага вакзала.

Шмат хто ехаў дахаты аслаблены і хворы. У дарозе лютавалі халера, тыф і голад. Як пісалі ў той час СМІ, даехаўшы да Баранавіч, людзі тысячамі паміралі проста на вакзале. Дарэчы, заходнебеларускі палітычны дзеяч Пётр Сяўрук згадвае ў сваім дзённіку, што ў Баранавічах у верасні 1921 года ён з сям’ёю знаходзіўся роўна тыдзень. Народу было мноства, баракі перапоўненыя, даводзілася жыць пад чыстым небам. Адразу пасля рэгістрацыі супрацоўнікі Рэпатрыяцыйнага этапу выдалі на сям’ю карткі, а праз два дні зрабілі ўколы ад халеры і звадзілі ў лазню.

Памерлых хавалі ў брацкіх магілах на старых могілках (сёння на іх месцы знаходзіцца гарвыканкам і плошча Леніна). Заражаліся ад бежанцаў ды паміралі таксама і супрацоўнікі Рэпатрыяцыйнага этапу. Агулам іх загінула 182 чалавекі. Некага з іх хавалі ў асобных магілах, але большасць у брацкай магіле на ўскрайку горада. Гэтае месца пасля ператварылася ў каталіцкія могілкі на сучаснай вуліцы Куйбышава.

абеліск Баранавічы baranowicze
Каталіцкія могілкі і помнік 182 памерлым супрацоўнікам Рэпатрыяцыйнага этапу. Фота з сямейнага альбому Яна Пекутоўскага

Гісторыя абеліска

У памяць аб ахвярнай працы на магіле супрацоўнікаў этапу быў усталяваны помнік, створаны па ініцыятыве камітэта на чале з палкоўнікам Александровічам. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося у суботу 20 кастрычніка 1923 года.

абеліск Баранавічы baranowicze
Урачыстае адкрыццё помніка 20.10.1923. Здымак з сямейнага альбому Яна Пекутоўскага

Як падаюць тагачасныя СМІ,  «апроч людскога тлуму ўдзельнічалі і выбітныя саноўнікі і прадстаўнікі ўладаў: прэм’ер Польшчы Вінцэнты Вітас, міністр аховы грамадскага здароўя Ежы Буяльскі, прадстаўнік Лігі Народаў палкоўнік Ватсан, Навагрудскі ваявода Уладзіслаў Рачкевіч, палкоўнік Александровіч, капелан кс. Эйсманд, камісар Рэпатрыяцыйнага этапу Пракутоўскі і шмат іншых». Аркестр 9 дывізіёну коннай артылерыі граў жалобныя маршы.

абеліск Баранавічы baranowicze Вітас
Прамаўляе прэм’ер-міністар Польшчы Вінцэнты Вітас. Фота з сямейнага альбому Яна Пекутоўскага
абеліск Баранавічы baranowicze Рачкевіч
Прамаўляе Навагрудскі ваявода Уладзіслаў Рачкевіч. Здымак з сямейнага альбому Яна Пекутоўскага
абеліск Баранавічы baranowicze Александровіч
Прамаўляе палкоўнік Александровіч. Фота з сямейнага альбому Яна Пекутоўскага

На фотаздымках відаць, што на абеліску пад крыжам знаходзіўся выкаваны з жалеза вялікі лаўровы вянок. Памятная шыльда была ўмураваная ў ніжняй частцы помніка. Яна мела такі надпіс:

«POLSKO / MATKO NASZA / W SŁUŻBIE TWEJ WIERNI / ŻYCIE ODDALIŚMY PAMIĘCI 182 PRACOWNIKÓW / ETAPU REPATRIACYJNEGO W/ BARANOWICZACH ZMARŁYCH / W LATACH ODRODZENIA OJCZYZNY 1920-1923»,

(Польшча, Маці нашая, верныя тваёй службе мы аддалі сваё жыццё. Памяці 182 супрацоўнікоў Рэпатрыяцыйнага этапу ў Баранавічах, якія памерлі ў гады адраджэння Бацькаўшчыны 1920-23).

абеліск Баранавічы baranowicze
Ганаровыя госці каля помніка. Фота з сямейнага альбому Яна Пекутоўскага

У гонар каго ўсталявалі абеліск

Ужо ў 1923 годзе імёны дзесяткаў асоб былі невядомыя сучаснікам. Аднак сярод тых 182 чалавек згадваліся дактары Канверскі, Штэрлінг, Плятэр-Барысаўская. Акрамя таго, там пахаваныя амерыканцы: віцэ-дырэктар дэлегацыі амерыканскага Чырвонага Крыжа доктар Вур (dr. Woor) і доктар Чанэры (dr. Charnery) з YMCA (Амерыканская Моладзевая Хрысціянская арганізацыя).

абеліск Баранавічы baranowicze
Урачыстае адкрыццё помніка 20.10.1923. Фота з сямейнага альбому Яна Пекутоўскага

Сёння гэты помнік забыты, пра яго мала хто што ведае. Забытыя і тыя дактары і грамадскія дзеячы, што ратавалі ў 1920-х тысячы людзей ад халеры і тыфу.  Роўна праз 100 год беларускім медыкам давялося паўтарыць іх подзвіг, накіроўваючыся ў ачагі COVID-19, каб лячыць людзей коштам свайго жыцця.

абеліск Баранавічы baranowicze
Урачыстае адкрыццё помніка 20.10.1923. Фота з сямейнага альбому Яна Пекутоўскага
абеліск Баранавічы
Фота Руслана Равякі

Чытайце таксама: Як немцы бамбілі Баранавічы 15 верасня 1939 года. Толькі на стары парк скінулі 158 бомбаў

Як выглядаў першы герб Баранавіч, пра які ўжо ніхто не памятае

Как выглядит крипта графа Развадовского в барановичском костеле

Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте или Одноклассниках. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях