Дзве авіякатастрофы і знойдзены скарб. Агляд старых газет за верасень 1933 года
Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.
Kurjer Nowogródzki
7 верасня
2 авіякатастрофы пад Баранавічамі
У поўдзень 6 верасня па чарзе здзейснілі пасадку на аэрадром у Баранавічах (цяпер участак каля вул. Тэльмана, дзе знаходзіцца гандлёвы цэнтр “Радужны”) апараты, што прымаюць удзел у 5-м турыстычным конкурсе. Агулам села 15 самалётаў.
Самалёт RDW-4 кракаўскага аэраклубу з пілотам Салтыкоўскім і назіральнікам Кубчаком пасля старту ў далейшую дарогу трапілі ў катастрофу праз 6 км ад аэрадрому. Катастрофа адбылася з-за таго, што ў самалёта адарвала прапелер і рухавік. Пасля таго, як адарвала рухавік, самалёт праляцеў яшчэ 30 метраў, пасля чаго стаў падаць. У апошні момант лётчыкам пашчасціла выраўняць апарат. Дзякуючы гэтаму, яны атрымалі цяжкія траўмы, але пазбеглі смерці.
Другі самалёт — люблінскага аэраклубу — з пілотам Мартынюком і назіральнікам Кімелем трапіў у катастрофу каля станцыі Пагарэльцы.
Атрымаўшы паведамленне аб дзвух авіякатастрофах каля Баранавіч, стараста Неўгебаўэр пазваніў дырэктару чыгункі Фалькоўскаму, які затрымаў рух хуткага цягніка з Пагарэльцаў. Абодвух пілотаў гэтым цягніком прывезлі ў Баранавічы, дзе іх змясцілі ў міжкамунальны шпіталь.
Аматар музыкі
3 верасня з крамы фірмы “Record” у Баранавічах, на вуліцы Шаптыцкага, 40 (цяпер вул. Савецкая), невядомы злодзей скраў дарожны патэфон коштам 100 злотых.
8 верасня
Скарб
Падчас земляных работ на ўчастку дарогі Гарадзішча-Навагрудак знайшлі скарб. Каля вёскі Канюшоўшчына выкапалі старыя манеты Рэчы Паспалітай 17 і 18 ст. Не паведаміўшы нічога ўладам, частку манет работнікі падзялілі між сабой. Атрымалася забраць 24 манеты. Скарб цяпер захоўваецца ў паліцэйскім пастарунку ў мястэчку Гарадзішча.
Міністр Буткевіч у Баранавічах
Сёння (7 верасня) прыязджае ў Баранавічы міністр транспарту Буткевіч. Ён правядзе інспекцыю дарог, што будуюцца за кошт урада.
Начаваць пан міністр будзе ў Баранавічах. Сустракаць Буткевіча ужо выехаў баранавіцкі стараста Неўгебаўэр.
13 верасня
Авіякатастрофы — рэха здарэнняў падчас рэйсу
12 верасня пілот Жыгмунд Мартынюк і назіральнік Жыгмунд Кімель выехалі хуткім цягніком да Варшавы. Адтуль паедуць у Люблін. Іх самалёт ужо адправілі ў Люблін 11 верасня.
13 верасня выязджаюць з Баранавіч і два іншых лётчыка – пілот Ян Салтыкоўскі і назіральнік Марцін Кубчак. Так як Кубчак пачувае сябе не вельмі добра, дык едзе да Кракава пад наглядам санітара.
Іх самалёт адправілі ў Кракаў 11 верасня.
Пчалярскія курсы
18, 19, 20 верасня ў залі чыгуначнага клубу адбудуцца курсы пчаляроў. Лекцыі будуць пачынацца а 9.00.
14 верасня
Падкідыш
12 верасня а 14.35 у калідоры будынка станцыі Палонка было падкінута дзіцё мужчынскага полу. З немаўлём была картка, што тое нарадзілася 22 жніўня і не ахрышчанае.
Рыхтаваўся да зімы
12 верасня каля будынку гарадскога суда ў Баранавічах з воза Антона Шамета скралі кажух вартасцю 30 злотых. Крадзеж здзейсніў Аляксандр Плаўсюк, жыхар Баранавіч. Скрадзены кажух у яго забралі.
22 верасня
Бацькоўскі сход гімназіі імя Барбары Радзівіл
19 верасня ў будынку гімназіі адбыўся агульны сход бацькоў жаночай гімназіі. Кіраваць сходам сабраныя абралі жонку генерала — пані Скатніцкую, якая запрасіла да стала старшыню пана Глонбіка і доктара Карчынёву, сакратаром – пана Баневіча.
Напачатку лекцыю “Школа і выхаванне дзіцяці” прачытаў прафесар Вадэйка. Гэты рэферат са шматлікімі сапраўднымі прыкладамі быў выслуханы з вялікай увагай.
Пасля была складзена справаздача па дзейнасці за мінулы навучальны год. З яе вынікае, што не ўсе бацькі добрасумленна аплачваюць унёскі, якія летась складалі ўсяго 550 злотых. Нягледзячы на гэта, бацькоўскі камітэт, валодаючы значнай сумай, выдаткаваў яе на дапамогу ў харчаванні некаторых дзяцей і часткова на аплату за навучанне.
Справаздачу зацвердзілі аднагалосна.
Потым быў разгледжаны план на наступны навучальны год і абраныя класныя дэлегаты, з якіх стварылі Раду апекуноў. Яе сход адбудзецца ў бліжэйшыя дні, на сходзе абяруць сваё кіраўніцтва.
23 верасня
Новая спроба
Неаднаразова спрабавалі ў Баранавічах выдаваць тыднёвікі. Усе яны паступова ліквідаваліся, бо ў Баранавічах прадаюцца газеты варшаўскія і віленскія з мясцовымі навінамі.
Першы нумар новага тыднёвіка “Życie kresowe” выйшаў у Баранавічах 19 верасня. Пабачым, ці не напаткае яго лёс папярэднікаў.
30 верасня
Яму не шанцуе
У Валянціна Куракова 27 верасня а 15 гадзіне каля крамы на вуліцы Сенатарскай (цяпер Чырвонаармейская), скралі ровар маркі Brener вартасцю 100 злотых.
Адзначым, што летась у Куракова таксама скралі ровар.
Дыверсія ці дурны выбрык пастуха
25 верасня а 7 гадзіне раніцы падчас руху цягніка па вузкакалейцы з Вострава да Баранавіч машыніст Міхась Кіслач заўважыў на пераключэнні стрэлкі каля Мышанкі пакладзены паміж шынамі кавалак дрэва 57 см даўжынёй і 6 см таўшчынёй. Дрэва тое было спарахнелае.
Машыніст выдаліў перашкоду, з-за чаго вымушаны быў спыніць цягнік.
У той самы дзень а 5 раніцы цягнік, які ехаў па гэтай вузкакалейцы з Баранавіч у Востраў, каля той самай стрэлкі раструшчыў кавалак дрэва, пасля чаго прайшоў без пашкоджанняў. Агляд месца здарэння паказаў, што дрэва было двойчы пакладзена на рэйкі. Таму мы маем справу з дурнымі выбрыкамі пастухоў.
Знайшла месца
26 верасня каля станцыі Палонка невядомая маці пакінула сваю дачку ўзростам каля 1 года.
Запасліся на доўгі час
Ноччу на 22 верасня ў вёсцы Ятвезь гміны Вольна з незачыненай каморы Яна Валынца скралі 800 метраў вясковага палатна вартасцю 650 злотых.
Чытайце таксама: Цыганскі кароль, цырк і новы герб горада Баранавічы. Агляд старых газет за жнівень 1933 года
Банкруцтва банка і конныя спаборніцтвы. Агляд старых газет за ліпень 1933 года
Смерць ад пчол і быка ды забруджаны парк. Агляд старых газет за чэрвень 1933 года
Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года
Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах
Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.
Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot