Цыганскі кароль, цырк і новы герб горада Баранавічы. Агляд старых газет за жнівень 1933 года

Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.

Kurjer Nowogródzki 

1 жніўня

Пільнуйце ровары!

29 ліпеня з-пад казіно Аб’яднання рэзервістаў на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая) сярод белага дня быў скрадзены ровар маркі «Esperanto» вартасцю 200 злотых. Ён належыў старэйшаму сяржанту Міхалу Сіпе.

2 жніўня

Надзвычайнае пасяджэнне Рады разгледзіць герб горада

Акрамя штодзённых спраў на 3 жніўня а 20 гадзіне бурмістр склікае надзвычайнае пасяджэнне гарадской Рады. Яе мэта – зацвярджэнне герба горада Баранавічы.

Няўжо гэта такая пільная справа?

Аўтамабільная аварыя

30 ліпеня а 18 гадзіне на вуліцы Шасовай (цяпер Брэсцкая), каля дому №64, легкавы аўтамабіль (нумар W-27102) наехаў на тэлефонны слуп, які належыць паштова-тэлеграфнаму аддзяленню. Пашкоджаны слуп і тэлефонны дрот.

Чыё аўто і хто быў за рулём, не вядома. Машына, акрамя пагнутага бампера, ніякіх пашкоджанняў не атрымала. Ніхто з пасажыраў не пацярпеў, а кіроўца, нікім не затрыманы, паехаў далей.

4 жніўня

Цыганскі кароль у Баранавічах

У Баранавічах ужо некалькі дзён знаходзіцца цыганскі кароль Квіек. Прыехаў ён у горад з цэлым сваім штабам, каб правесці суд і, відавочна, сабраць падаткі. Адзін з табараў пасля абвяшчэння аб прыездзе караля замест таго, каб скласці паклон – нечакана здула ветрам.

Пан Зянон, вярні пярсцёнак

2 жніўня Алена Штандакова, што жыве на вуліцы Жвіркі (цяпер Тэльмана), паведаміла ў камісарыят паліцыі, што тыдзень таму Зянон Ярмалінскі, які жыве на вуліцы Садовай, забраў у яе дачкі Яніны залаты пярсцёнак вартасцю 30 злотых.

Так напісана ў заяве, а як сапраўды было, вызначыць паліцыя.

Гарадская Рада Баранавіч. Rada miejska Baranowicze
Гарадская Рада Баранавіч. Фота 1934 года

5 жніўня

Герб Баранавіч зацверджаны

3 жніўня а 20-й гадзіне адбылося надзвычайнае пасяджэнне Гарадской Рады, на якой быў зацверджаны герб Баранавіч. Герб апрацаваны прафесарам Турскім.

Ён уяўляе сабою шчыт, увенчаны залатой каронай. У верхняй частцы размешчаны герб радзіны Дуніна-Маркевіча (герб Лебедзь), якой належылі землі, дзе цяпер знаходзіцца горад. Яны былі канфіскаваныя расійскай уладай за ўдзел у паўстанні ўласніка маёнтка.

З долу шчыта размешчаны герб Навагрудскага ваяводства.

Чытайце таксама: Як выглядаў першы герб Баранавіч, пра які ўжо ніхто не памятае

7 жніўня

Трагічны сон

4 жніўня Лейба Заяц захацеў адпачыць і пайшоў сабе да парка (цяпер стары парк), дзе і заснуў. Чакаў на гэта невядомы дасюль злодзей, які выцягнуў у Зайца зэгарак вартасцю 50 злотых.

10 жніўня

Бракуе хлеба

У Баранавічах у апошні час бракуе хлеба ў пякарнях. Пекары тлумачаць гэта адсутнасцю мукі. Адміністрацыйныя ўлады прынялі меры, каб гэтая анамальная з’ява (на наш погляд) была вырашана.

17 жніўня

Прыедзе цырк

19 жніўня прыедзе ў Баранавічы выступаць цырк Дворскіх. Гэты цырк добра вядомы ў горадзе па леташняму выступу.

18 жніўня

Новы спосаб атрымання прадуктаў

Днём 16 жніўня ў краму Янкеля Слонімскага, што знаходзіцца на вуліцы Шаптыцкага, 48 (цяпер Савецкая), прыйшоў нейкі чалавек з лістом, падпісаным шваграм Янкеля –Вельвелем Пагарэльскім. У лісце той прасіў перадаць 2 кг масла.

Слонімскі, нічога не падазраючы, масла выдаў і толькі ўвечары даведаўся, што стаў ахвярай махлярства.

Аднак гэты махляр, відаць, добра ведаў сямейныя адносіны, бо подпіс Пагарэльскага не выклікала падазрэння ў Слонімскага.

Спрытнага ашуканца шукае паліцыя.

Як было сапраўды?

16 жніўня рабін Абрам Беразоўскі, які жыве на вуліцы Мінскай, звярнуўся ў камісарыят паліцыі ды. праліваючы кракадзілавы слёзы, паведаміў, што яшчэ 11 жніўня Канстанцін Ліцкевіч пазычыў у яго ровар. І гэтая няўдзячная асоба дасюль яго не вярнула.

Выслухаўшы тую просьбу і запісаўшы яе на паперу, камісарыят паабяцаў  высветліць, што сапраўды адбылося.

Пажар

Ноччу 17 жніўня па невядомай прычыне распачаўся пажар у вёсцы Вялікія Лукі Ястрамбельскай гміны. Згарэлі хата і хлеў, якія належылі Александру Дырыле. Страты перавышаюць 600 злотых.

23 жніўня

Маладзёны-гвалтаўнікі

18 жніўня 14-гадовая Ганна Карповіч, якая жыве ў в. Мелехавічы гміны Моўчадзь, паведаміла ў пастарунку паліцыі, што 16 жніўня прыкладна а 9 гадзіне пайшла на луг забраць карову. Нечакана яе схапілі хлопцы, што пасвілі быдла – Мікалай Дудчык (20 год) і Мікалай Бусло (16 год), жыхары той самай вёскі. Дудчык з дапамогай Бусла яе згвалтаваў.

28 жніўня

Ліквідацыя асветы

На вуліцы Сенатарскай, 35 знаходзіцца жыдоўская школа “Bet Jakob”. 24 жніўня Абрам Каплан зачыніў самавольна памяшканне школы і не ўпусціў туды ні персанал, ні дзяцей.

Шалёны бык

23 жніўня ў вёсцы Вуйка ашалеў бык. Ён быў пакусаны шалёным сабакам тры тыдні да гэтага. Лекар павету паехаў на месца і пасля таго, як пацвердзіў шаленства, забіў жывёлу.

31 жніўня

Не выратаваў і калідор

28 жніўня Францішак Баран, старэйшы агніамістр (званне ў артылерыі польскай арміі, адпавядае старэйшаму сяржанту) 20 палка лёгкай артылерыі, прыехаў на ровары ў бюро рэгістрацыі насельніцтва магістрата. Ведаючы, што небяспечна пакідаць ровар на падворку, ён завёў яго у калідор. Сам спакойна пайшоў вырашаць свае справы.

Якое ж было яго здзіўленне, калі выйшаў з бюро і не знайшоў свайго ровара. Паведаміў пра тое ў камісарыят. Ровар фірмы Lucznik амаль новы, вартасцю 200 злотых.

Ровары Lucznik выпускаліся з 1929 году ў міжваеннай Польшчы ў Радамі. Фірма з’яўлялася самым вялікім вытворцам равараў у краіне. Былі мадэлі для хлопчыкаў і дзяўчынак, жанчын, спартовыя, гоначныя, турыстычныя і асаблівыя – для арміі.

Чытайце таксама аб чым пісалі газеты ў іншыя месяцы: Банкруцтва банка і конныя спаборніцтвы. Агляд старых газет за ліпень 1933 года

Смерць ад пчол і быка ды забруджаны парк. Агляд старых газет за чэрвень 1933 года

Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года

Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях