Як выглядаў першы герб Баранавіч, пра які ўжо ніхто не памятае
Усім знаёмы сучасны герб Баранавіч з паравозам, аднак мала хто ведае, што былі і іншыя выявы сімвала наша горада. І першы быў зацверджаны 90 год таму, 3 жніўня 1933 года.
Баранавічы доўгі час пасля свайго заснавання лічыліся мястэчкам не гледзячы на сваё імклівае развіццё. Статус горада Баранавічы атрымалі толькі ў 1919 годзе. Пра тое, ці мелі яны свой сімвал, доўгі час ніхто не ведаў. Аднак нядаўна ў міжваеннай газеце Kurjer Nowogródzki ад 5.08.1933 Руслан Равяка знайшоў наступную навіну:
«3 жніўня а 20-й гадзіне адбылося надзвычайнае пасяджэнне Гарадской Рады, на якой быў зацверджаны герб Баранавіч. Герб апрацаваны прафесарам Турскім. Ён уяўляе сабою шчыт увенчаны залатой каронай. У верхняй частцы размешчаны герб радзіны Дуніна-Маркевіча, якой належалі землі, дзе цяпер знаходзіцца горад. Яны былі канфіскаваныя расійскай уладай за ўдзел у паўстанні ўласніка маёнтка. З долу шчыта размешчаны герб Навагрудскага ваяводства».

Дарэчы, прафесар Турскі — вядомы ў міжваенны час чалавек у нашым горадзе. Ён заснаваў гарадскі музей, працаваў у ім навуковым супрацоўнікам, экскурсаводам і прыбіральшчыкам. Музей знаходзіўся ў маленькай хатцы насупраць Вечнага агню, дзе цяпер месціцца казіно.
Як жа выглядаў герб?
Згодна літаратуры аб гербах шляхты, Дуніны і Маркевічы мелі герб з выявай белага Лебедзя на чырвоным фоне. На жаль у газеце не пазначана, які дакладна мелі герб Дуніны-Маркевічы, што валодалі баранавіцкімі землямі. Розныя адгалінаванні роду маглі мець розныя выявы. Але пра тое ніжэй.
Герб Навагрудскага ваяводства ўяўляў сабою падзелены на палову чырвоны шчыт. Злева знаходзілася выява св. Міхаіла Архангела (сімвал Русі), у чорнай туніцы як фігура, якая сімвалізуе Чорную Русь. У другім полі — Пагоня ВКЛ, якая сімвалізуе прыналежнасць гэтых абшараў да старажытнай дзяржавы.
Вось спроба рэканструкцыі гэтага герба для bar24, згодна пададзенага ў газеце апісання. Гербы Лебедзь і Навагрудскага ваяводства ўзяты з афіцыйнага гістарычнага гербоўніка.

Іншы герб Баранавіч?
Здавалася, што яшчэ адна чорная пляма ў гісторыі горада развязаная. Аднак усё ў гэтай справе больш складана. Баранавіцкі краязнавец Рамуальд Жабік пабачыўшы гэту выяву згадаў адзін здымак. На ім магчыма прадстаўлены сапраўдны герб горада.
Фота Гарадской Рады, зробленае ў 1934 годзе, прадаваўся на польскім аўкцыёне ў пачатку 2000-х. Вядома, што яго купіў калекцыянер з Баранавіч, але арыгіналу здымка пакуль ніхто не бачыў.

На фота — крыху іншы герб, які хутчэй за ўсё і быў зацверджаны радай 3 жніўня 1933 года. Карона над шчытом і герб Навагрудскага ваяводства супадаюць з апісаннем. Аднак замест Лебедзя там намалявана нешта іншае. З крыламі, але, на жаль, пакуль што не атрымалася знайсці адпаведны выяве герб шляхетных радзін.

Таму застаецца невядома, як дакладна выглядаў першы герб горада Баранавічы. Магчыма ў некага маецца арыгінал гэтага здымка. Ці можа нейкія іншыя фота з яго выяваю. Цікава аднак, чаму гэты герб горада мала выкарыстоўваўся і застаўся невядомым да гісторыкам да гэтага часу.
Калі быў прыняты сучасны герб
Цікава, што пасля вайны наш горад не меў ніякага герба. Аднак спробы стварыць адбываліся. Напрыклад, на ўлётцы 1971 года была змешчана версія герба горада.

На гербе намаляваны маток з ніткамі (як сімвал баваўнянага камбіната?), малаток і старажытны развадны ключ. Маецца дата — 1884 год. У гэты год пачала працаваць чыгуначная лінія Вільня-Роўна і быў пабудаваны Палескі вакзал.

Сучасны герб горада Баранавічы быў зацверджаны праз 49 год — у лютым 1982 года. Яго эскіз стварыў тагачасны галоўны архітэктар горада Баляслаў Тумашчык.

Герб горада Баранавічы ўяўляе сабой перасечаны французскі шчыт, у верхнім чырвоным полі якога намаляваны залаты паравоз, звернуты направа, у ніжнім зялёным – палова шасцярні з дзевяццю зуб’ямі таго ж металу.
Паравоз з’яўляецца сімвалам узнікнення і развіцця горада. Узнікненне горада Баранавічы звязана з будаўніцтвам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, якая была адкрыта ў 1871 годзе. Вакол станцыі паўстаў пасёлак, які налічваў у сярэдзіне 1880-ых гадоў ужо каля 1.5 тыс.жыхароў. Будаўніцтва і далейшае развіццё чыгуначнай магістралі з’явілася штуршком да зараджэння і развіццю горада. Шасцярня на зялёным фоне сімвалізуе сучаснае развіццё прамысловасці ў горадзе ў цяперашні час.
У незалежнай Беларусі герб Баранавіч атрымаў станоўчае заключэнне геральдычнай экспертызы. Ён быў ухвалены пастановай Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў 30 лістапада 2012 года № 144.

Магчыма вам будзе цікава: Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах
Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot .
Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot