Банкруцтва банка і конныя спаборніцтвы. Агляд старых газет за ліпень 1933 года

Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.

Kurjer Nowogródzki 

 3 ліпеня

Перавод кс. Жаландкоўскага

Люцыян Жаландкоўскі
Люцыян Жаландкоўскі

Даўно па Баранавічах разносіліся чуткі пра перавод ксяндза-каноніка Люцыяна Жаландкоўскага.

Ян Барысюк
Ян Барысюк

Цяпер даведаліся з надзейных крыніц, што святар будзе пераведзены з 15 ліпеня ў Брэст. На яго месца ў Баранавічы пераводзіцца Ян Барысюк.

Люцыян Жаландкоўскі працаваў да Першай сусветнай вайны ў Чырвоным касцёле ў Мінску. У ліпені 1923 г. ён прыехаў у Баранавіцкую парафію і адразу арганізаваў камітэт пабудовы касцёла. Па ягоным рашэнні каплічку адсунулі і на яе месцы ўзвялі драўляны касцёл вышынёю 15 метраў. 18 кастрычніка 1925 г. кс. біскуп Зыгмунт Лазінскі асвяціў яго пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа.

Ян Барысюк працаваў у Баранавічах і пасля вайны. У 1945-47 гг. ён быў таксама генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. Ксёндз застаўся верным сваёй парафіі і не выехаў за мяжу, як гэтага дамагаліся камуністычныя ўлады. У 1949 г. ён быў арыштаваны НКВД, асуджаны на 10 гадоў канцлагеру і высланы ў Сібір, дзе і памёр у 1953 г.

Жывая маска

5 ліпеня ў залі кінатэатра Casino калектыў Рэдуты прадставіць імпрэзу “Жывая маска” з Янушам Стэнпаноўскім на чале.

Януш Стэнпоўскі (Janusz Stępowski, 1900-1969) – польскі літаратар, сцэнарыст, аўтар папулярных песень. Падчас вайны ўдзельнічаў у польскім супраціве і Варшаўскім паўстанні. Потым жыў і памёр у Варшаве.

Паўночна-ўсходні пералёт

2 ліпеня на аэрадроме ў Баранавічах здзейснілі пасадку 5 спартыўных самалётаў, што бралі ўдзел у паўночна-ўсходнім пералёце.

Першым прыляцеў пілот паручнік Масціцкі з аэраклубу Познань. Пасадка – 10.34, вылет – 11.59. Другім – паручнік Касінскі з Катавіц. Пасадка – 10.58, вылет – 11.37.

Трэцім – пілот Іваноўскі з Варшавы. Пасадка – 11.00, вылет – 11.50. Чацвёртым – пілот Шарэк з Львову. Пятым – пілот Аношка з Варшавы, які сеў а 11.17, а вылецеў а 13.00.

Іншыя самалёты не даляцелі да Баранавіч з-за розных тэхнічных прычын. У пілота Аношкі, што пасадзіў самалёт пятым на аэрадром, сапсаваўся матор. З-за гэтага ў яго адбыўся вымушаны прастой, каб адрамантаваць непаладкі.

Надвор’е было выдатнае, таму на аэрадроме сабралася шмат гледачоў. Асабліва ўсім спадабаўся маленькі самалёцік RDW-5, які выкарыстоўваецца як  паветраная хуткая дапамога ці санітарная авіяцыя. (RWD-5 – польскі турыстычна-спартыўны самалёт пабудаваны ў 1931 годзе, які праславіўся сваім рэкордным пералётам праз Атлантыку. Усяго было збудавана 20 такіх самалётаў).

Абслуга на аэрадроме працавала спраўна, парадак на лётным полі падтрымліваўся дзякуючы аддзелам паліцыі і пажарнай камандзе.  Калі раней гледачы наўпрост перашкаджалі пілотам, то цяпер усё было пад кантролем.

Падчас усіх пасадак на аэрадром на полі быў намеснік старасты – пан Курачыцкі.

5 ліпеня

Футбольны матч

1 ліпеня з 16.30 да 18.30 адбываўся футбольны матч паміж камандамі Макабі (Баранавічы) і 9 DAK (9-ты дывізіён коннай артылерыі, што размяшчаўся ў Баранавічах).

За гульнёй назірала каля 200 чалавек.

8 ліпеня

Матч за чэмпіёнства

На раніцу 9 ліпеня прызначаны матч-рэванш за чэмпіёнства ў класе А Віленскага дывізіёну паміж камандамі 78 пяхотнага палка (Баранавічы) і Спартовым вайсковым клубам (WKS) “Сімглы” (Вільня).

Ліквідаваны Кааператыўны крэдытны банк у Баранавічах

Учора ў канферэнц-зале стараства адбыўся вельмі важны сход чальцоў Кааператыўнага крэдытнага банка (Bank kredytu spółdzielczego) на чале з Мацкевічам.

Складзеная справаздача і зачытаны пратакол прадставілі няўважлівае вядзенне гаспадаркі. Легкадумна асобам, што не мелі забеспячэнне маёмасцю ці мелі яго часткова, было выдадзена пазык на 104 тысячы злотых.

Сума растрат папярэднім кіраўніком, нейкім Я., складае больш за 38 тысяч злотых. Агулам Кааператыўны крэдытны банк у Баранавічах панёс страты на 174 тысячы злотых.

Пасля жывога абмена думкамі было вырашана ліквідаваць гэтую арганізацыю.

У вочы адразу кідаецца факт цалкам неадпаведнага выкарыстання агульных грошай. Гэты факт відавочна не застанецца без увагі. Гэта адаб’ецца не толькі на лёсе некаторых асобаў, якія ўваходзілі ў склад нешчаслівага кіраўніцтва Надзорнай Рады, але падарве (можна меркаваць) і давер да ўсіх лакальных фінансавых устаноў падобнага тыпу.

Хто вінаваты, адна асоба ці некалькі, выявіць праверка, якую цяпер праводзіць пракуратура, а велічыню пакарання абвесціць вырак суда.

Нам застаецца пісаць пра гэты факт, які прывядзе да невясёлага настрою грамадства. Мы абавязкова не адзін раз вернемся да гэтай тэмы.

Рэпартаж з пасяджэння гарадской Рады

5 ліпеня адбыўся працяг пасяджэння гарадской Рады Баранавіч, якое распачалося 27 чэрвеня.

А 20-й гадзіне на лесвічнай клетцы было пуста, а на ўваходзе ў залу пасяджэнняў стаіць апрануты ў вечаровы гарнітур віцэбурмістр інжынер Віннік.

А 20.10 у чакальні з’яўляецца больш плашчоў і капелюшоў паноў радных. А 20.15 напаўняюцца кабінеты бурмістра і віцэбурмістра. Увесь час заходзіць нехта з дэпутатаў Рады. З кабінетаў чуваць моцныя гукі ажыўленай размовы.

А 21.00 з кабінета бурмістра чуваць дэбаты. У залі пасяджэнняў пры століках сядзяць кіраўнікі тэхнічнага і электрычнага аддзелаў  г. Баранавічы – паны Свентахоўскі і Дмахоўскі. Акрамя іх, некалькі супраўцоўнікаў магістрата, асоб, што зацікаўленыя ў разглядзе іх пытанняў, а таксама некалькі “левых” (прыхільнікаў сацыялізму) з групы Махая.

21.15. У залу ўваходзяць дэпутаты Рады. А 21.20 пан бурмістр М. Ярмульскі распачынае пасяджэнне.

Разглядаюцца наступныя пытанні:

  1. Заробак віцэбурмістра і дэпутатаў.
  2. Справа арэнды гарадской лазні.
  3. Справа атрымання крэдыту для будаўніцтва электрасетак.
  4. Справа атрымання крэдыту для выбрукавання вуліц.
  5. Справа пагашэння крэдыту за пажарную машыну.

На пасяджэнні было вырашана:

  1. Выплаціць віцэбурмістру заробак за год штомесячнымі часткамі.
  2. Справу лазні перадаць у магістрат, які пасля складання дамовы прадставіць яе на зацвярджэнне гарадской Рады.
  3. Гарадская Рада ўпаўнаважыла магістрат заняцца атрыманнем пазыкі ў памеры 80 000 злотых на будаўніцтва электрасетак.
  4. На брукаванне вуліц магістрат упаўнаважаны атрымаць крэдыт на 10 000 злотых.
  5. Пагашэння пазыкі за пажарную машыну ўхвалена аднагалосна.

А 22.00 пасяджэнне гарадской Рады было скончана. Яно было плённым. Трохі сонна і апатычна адбываліся спрэчкі падчас разгляду пытанняў. Відаць, фракцыі абмеркавалі ўсё і дамовіліся   перад пачаткам пасяджэння.

Свята мора ў Баранавічах у 1933 годзе. Baranowicze агляд газет
Свята мора ў Баранавічах у 1933 годзе. Выступ каля помніка Невядомага салдата (цяпер клумба насупраць гатэля «Гарызонт»).

14 ліпеня

Падарожжа да Варшавы

У гэтыя дні адбудзецца трохдзённае падарожжа ў Варшаву. Яго кошт – 25 злотых. Запісвацца ў пана А. Пігулеўскага (у магістраце). Удзельнічаць могуць і іншагароднія асобы.

Добраўпарадкаванне

Развіццё электрасетак. Горад атрымаў у крэдыт 60 000 злотых

Намаганнямі бурмістра пана інжынера Ярмульскага на развіццё электрычных сетка горад атрымаў 60 тысяч злотых у крэдыт.

10 тысяч злотых на брук

На брукаванне вуліц у Баранавічах атрыманы крэдыт на 10 тысяч злотых. Брук пакладуць на так званых выязных вуліцах.

У выніку

Відавочна, што пры такіх працах будзе працаўладкавана шмат беспрацоўных у Баранавічах.

Ці гэта магчыма? Людзі ў горадзе не маюць працы, а вёска натоўпамі знаходзіць яе ў Баранавічах, ствараючы нездаровую канкурэнцыю. Вёска за палову кошту згаджаецца працаваць. Ад гэтага церпяць гарадскія работнікі, якім не выпадае працаваць амаль задарма.

Падпаліў, каб атрымаць страхоўку

Нейкі Вінцэнт Адашка, каб атрымаць страхоўку, падпаліў свае пабудовы. Агонь перакінуўся на чужыя будынкі.

Падпальшчыка пацярпелыя людзі намагаліся ўкінуць ў агонь. Зрабіць гэта перашкодзіла толькі паліцыя. Агульныя страты склалі 14 300 злотых.

18 ліпеня

Абвестка

Магістрат горада Баранавічы абвяшчае тэндар на перабудову гарадскіх электрычных сетак. Яна палягае ў замене жалезнага дроту на медны.

Больш інфармацыі можна атрымаць у Бюро гарадскіх электрычных сетак у магістраце. Апошні тэрмін прыёму заявак – 1 жніўня 1933 года.

М. Ярмульскі, бурмістр Баранавіч

22 ліпеня

Памёр ксёндз

21 ліпеня ў міжкамунальным шпіталі ў Баранавічы памёр ксёндз Юзаф Свідэрскі, пробашч парафіі Юшкавічы, гміны Вольна. Ксёндз некалькі год хварэў на сухоты.

Пільнуйце дзяцей

15 ліпеня на пашы ў Мядзведзічах 5-гадовая Сара Гінзбург, гуляючы, падбегла да каня, што пасвіўся. Той ударыў яе капытом у галаву, з-за чаго трэснуў чэрап. Беспрытомнае дзіця прывезлі ў шпіталь у Баранавічы, дзе яно памерла, не ачуняўшы.

23 ліпеня

Конныя спаборніцтвы за званне Чэмпіёна арміі

Сёлета ў Баранавічах адбудзецца незвычайная падзея для горада, якая тут ніколі не праходзіла. З 27 па 30 ліпеня пройдуць конныя спаборніцтвы за званне Чэмпіёна арміі.

Гэта адны з самых паважаных і цяжкіх спаборніцтваў у конным спорце краіны. 4 афіцэра кавалерыі атрымаюць звання Чэмпіёна арміі. Таму не дзіўна, што прымаць удзел у іх будуць найлепшыя вершнікі, якія будуць прадстаўляць барвы ўсіх палкоў кавалерыі і дывізіёнаў коннай артылерыі.

Спаборніцтвам у Баранавічах папярэднічалі адборныя сустрэчы, якія адбываліся ў чэрвені ў розных гарадах Польшчы. Іх пераможцы ў колькасці 100 чалавек прыбываюць у Баранавічы, каб прыняць удзел у апошнім баі за пальму першынства.

З-за таго, што такія спаборніцтвы ў Баранавічах адбываюцца ўпершыню і ізноў могуць паўтарыцца праз якіх 20-25 год, іх кіраўнік ген. Гржот-Скатніцкі дазволіў прысутнічаць на фінальнай частцы ўсім жадаючым. Цэны: 2 злотых – купон у ложу, 1,5 злотых – сядзячае месца на трыбуне, 50 грошай – стаячае месца.

Выступ ратмістра Вольскага ў Баранавічах у 1933 годзе Baranowicze
Выступ ратмістра Вольскага ў Баранавічах у 1933 годзе. Фота: NAC

31 ліпеня

Хто стаў Чэмпіёнам арміі

У Баранавічах скончыліся 30 ліпеня конныя спаборніцтвы войска. Чэмпіёнам стаў 25 уланскі полк (размяшчаўся ў Пружанах), які набраў 898625 пунктаў. Другое месца ў 17 уланскага палка (Гнезна), трэцяе – у 26 уланскага палка (Баранавічы). У асабістым заліку лепшым стаў ратмістр Вольскі з 25 уланскага палка на жарабцу “Cтамбор”.

Чытайце таксама аб чым пісалі газеты ў іншыя месяцы: Смерць ад пчол і быка ды забруджаны парк. Агляд старых газет за чэрвень 1933 года

Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года

Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах

Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм. Смотрите наши ролики на Youtube.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях