Смерць ад пчол і быка ды забруджаны парк. Агляд старых газет за чэрвень 1933 года
Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму – па матэрыялах тагачасных СМІ.
Kurjer Nowogródzki
2 чэрвеня
Для развагі мясцовым уладам
У Баранавічах вуліцы абсаджаны дрэвамі, многім з якіх ужо шмат дзесяцігоддзяў. Сёлета ўвесну іх абрэзалі, але так няўдала, што шмат дрэваў дасюль не распусціліся і хварэюць.
Я не спецыяліст і не валодаю тэхнічнай справай, але падаецца, дрэвы былі абрэзаныя замоцна.
3 чэрвеня
Трохі паветра
Магістрат мае каля горада вельмі прыгожы і вялікі парк, які захаваў свой асаблівы першабытны характар сапраўднага лесу (цяпер Стары парк).
Таму не дзіўна, што кожную нядзелю і ў святы тыя, хто не можа сабе дазволіць паехаць за горад, накіроўваюцца ў парк, які з’яўляецца месцам адпачынку.
Не ведаем толькі, ці цікавяцца санітарныя ўлады тым, што робіцца вакол парка. Калі б захацелі зірнуць хаця б адным вокам, дык пабачылі б шмат бруду. Усё смецце з Баранавіч вывозіцца сюды, бо асенізатар не едзе далей і на лініі парку ўсё выкідае. Варта гэтаму чалавеку паказаць месца, куды павінен усё вывозіць.
Скралі медальён
У Уладзіслава Крывіцкага скралі медальён з расійскім арлом, круглы, платынавы, аздоблены брыльянтамі. Пацярпелы вызначыў кошт страты ў 500 злотых.
Скралі долары
31 мая ў Марыі Падлішэўскай, што жыве на вуліцы Пілсудскага (цяпер Чырвонаармейская), падабраўшы ключы, адамкнулі калодку (навясны замок) і скралі з кватэры 6 амерыканскіх долараў, залаты жаночы пярсцёнак і пазалочаную брошку.
4 чэрвеня
Пачала працаваць рэзня
Магістрат горада Баранавічы запусціў новую рэзню (бойня).
Заўвага: Так пачаў працаваць цяперашні мясакамбінат. З пачаткам працы рэзні было забаронена самастойна забіваць быдла на тэрыторыі горада. Пазней праз дарогу быў пабудаваны кансервавы завод Kress—Export, які пастаўляў кансэрвы ў Францыю, Прусію і Англію.
8 чэрвеня
Цягнік наехаў на воз
Ноччу з 6 на 7 чэрвеня на неахоўваемым пераездзе, 2-3 км паміж станцыямі Баранавічы-Палескія і Баранавічы-Цэнтральныя, пасажырскі цягнік №931 наехаў на воз, загружаны дрэвам.
На шчасце, цягнік зачапіў толькі тыльную частку воза, таму конь і вазніца не пацярпелі.
11 чэрвеня
Страціў жарабя і адкажа за гэта
4 чэрвеня а 12 гадзіне жыхар вёскі Конькі Дараўскай гміны Станіслаў Іваноўскі пакінуў пасвіцца без нагляду кабылу з жарабём. Тое спалохалася цягніка і выскачыла на рэйкі. Збітае паравозам жарабя звалілася з насыпу і здохла. На Іваноўскага складзены карны пратакол.
13 чэрвеня
Ахвяра адукацыі
Алміпія Жаўнежык, вучаніца гандлёвай школы ў Баранавічах, з-за нездавальняючага атэстата сталасці зрабіла самагубства – выпіла эсэнцыю. У вельмі цяжкім стане Жаўнежык адвезлі ў міжкамунальны шпіталь.
Памёр ад укусаў пчол
8 чэрвеня Ян Сушко, жыхар вёскі Лохрыва (невядомая вёска) гміны Новая Мыш, быў запрошаны суседам Мікалаем Сліза дапамагчы сабраць пчол, рой якіх вылецеў з вулля і сеў на страсе.
Сушко, відавочна, не ўмеў бараніцца ад пчол, таму быў так пакусаны, што аслабеў і памёр.
14 чэрвеня
Нешчаслівы выпадак
9 чэрвеня на лузе каля маёнтку Лазаўцы Гарадзішчанскай гміны бык напаў на парабка Мікалая Вярбілу, жыхара вёскі Несцяры. Ад атрыманых траўм той памёр праз 3 гадзіны.
15 чэрвеня
Урачыстае адкрыццё гарадской рэзні
13 чэрвеня а 14 гадзіне адбылося ўрачыстае адкрыццё гарадской рэзні. (Гэту дату можна лічыць за дату заснавання Баранавіцкага мясакамбіната).
Сабралася шмат баранавіцкай эліты на чале з прадстаўніком пана старасты Нэўгебаўэра (які быў на з’ездзе у Навагрудку) — панам Суравінскім. Той распачаў урачыстасць кароткай прамовай аб значэнні для горада гэтай рэзні і зычыў поспехаў. Пасля прамовіў пан стараста Ярмульскі, які пасля запрасіў усіх прысутных наведаць рэзню.
Усе госці пабачылі прыгожа абсталяваныя памяшканні рэзні для быдла, агароджы хлявоў, студні і рэшту будынкаў, якія хаця і завершаныя напалову – маюць сімпатычны выгляд. Па сканчэнні агляду адбыўся кароткі і сціплы банкет.
Дарэчы ў адной з газет магістрат назваў агульны кошт будынку рэзні – 73 000 злотых.

27 чэрвеня
Прылёт самалётаў
2 ліпеня на аэрадром у Баранавічах зробяць пасадку самалёты віленскага аэраклубу. Пілоты ўдзельнічаюць у спаборніцтвах на прызы горада Вільні. Самалёты павінны прылятаць у прамежак ад 9 да 13 гадзін.
28 чэрвеня
Прыезд правадыра сіяністаў
24 чэрвеня а 14-й гадзіне хуткім цягніком у Баранавічы прыехаў кіраўнік жыдоўскай арганізацыі сіяністаў-рэвізіяністаў “Brigth Trumpeldor” Уладзімір Жабацінскі.
З 15.00 да 18.00 Жабацінскі правёў канферэнцыю з мясцовай арганізацыяй у гатэлі “Еўрапейскі” (цяпер – гатэль “Марыінскі”) і ў той самы дзень з’ехаў у Навагрудак.
На наступны дзень Жабацінскі ізноў прыехаў у Баранавічы, накіроўваючыся ў Пінск. На чыгуначнай станцыі яго чакалі каля 100 чальцоў мясцовай філіі “Brigth Trumpeldor”. Той аддзел пад кіраўніцтвам Брэгмана выстраіўся на пад’ездзе да станцыі. Жабацінскі пасля прывітання зрабіў кароткую прамову пра значнасць арганізацыі і яе патрэбы, пасля чаго а 12.45 з’ехаў у Пінск.
Нарэшце злавілі аматара чужых равароў
25 чэрвеня на гарачым учынку падчас крадзяжу ровара каля крамы быў затрыманы Юзэф Крэт, які жыве на вул. Галуўкі, 45 (цяпер Куйбышэва).
Ровар у Крэта забралі і перадалі сапраўднаму гаспадару Філіпу Шандзе, а Крэта арыштавалі, каб мог падумаць пра свой учынак.
Чаго толькі не крадуць
24 чэрвеня прыкладна а 19-й гадзіне ў Айзека Буслава, які жыве на вуліцы Уланскай, д. 16 (цяпер Піянрская ці Штакераў), скралі з калідору 2 электрычных лічыльніка.
29 чэрвеня
Пакусаў сабака
26 чэрвеня сабака, які належыць Галоўцы, пагрыз 11-гадовую Сабіну Ваяводу. Ёсць падазрэнні, што жывёла шалёная.
Нешчаслівы выпадак
26 чэрвеня падчас працы на чыгуначнай станцыі работніка Філіпа Кардаша па барадзе ўдарылі падаючыя дошкі, ды так нешчасліва, што выбілі яму два зуба.
Чытайце таксама: Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года
Забытая гісторыя знакамітага мясакамбіната ў Баранавічах
Вы можете обсудить статью в нашем паблике ВКонтакте. Подписывайтесь на наш телеграм-канал или инстаграм.
Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot