Палёты над Баранавічамі і конь на рэйках. Агляд старых газет за май 1933 года

Што адбывалася ў Баранавічах 90 год таму, можна прачытаць у тагачасных СМІ.

Kurjer Nowogródzki

Kurjer Nowogródzki, Baranowicze Баранавічы гезеты, барановичи, межвоенная польша, пресса

2 мая

Хацела развітацца з гэтым светам

28 красавіка а 18.30 напрыканцы вуліцы Галоўкі (цяпер Куйбышава), паміж каталіцкім і жыдоўскімі могілкамі, у кустах за 3 метра ад дарогі, служачая Ядвіга Насковіч спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Я на стрэліла сабе ў левыя грудзі з рэвальверу Наган. Параненую Насковіч прывезлі ў цяжкім стане ў гарадскі-камунальны шпіталь. У выніку праведзенага следства стала вядома, што прычынай спробы самагубства сталі цяжкія фінансавыя ўмовы і нервовае расстройства.

Назапасіліся

Пан Тэадор Салагуб забіў сабе парсюка, накруціў кілбас, засаліў сала і быў рады, што на лета ён забяспечаны. Спаў сабе спакойна ў ночы 27 красавіка. Гэтым скарыстаўся нейкі злодзей, які ўлез у камору і скраў усе прыпасы Тэадора. Толькі раніцай Салагуб з сумам пабачыў страты і вымушаны быў звярнуцца ў паліцыю.

Такая самая гісторыя здарылася ў Мікалаем Галубіцкім, з той толькі розніцай, што вартасць мясных ласункаў у Тэадора была 50 злотых, а у Мікалая – 200.

4 мая

Крадзеж з перашкодамі

1 мая а 3.20 патрульны паліцэйскі Вішнеўскі нёс службу на вуліцы Мінскай (цяпер Прытыцкага) і заўважыў тры асобы, што неслі вялікі мех.

Калі тыя ўгледзелі паліцыянта, дык кінуліся наўцёкі, а той за імі. Калі Вішнеўскі зразумеў, што не зможа іх дагнаць, дык стрэліў з пісталета, каб напалохаць. У выніку адзін з трох (сама нясмелы) спыніўся і даў сябе арыштаваць. Як выявілася, гэта Ян Лысак, з вуліцы Ваяводзкай (цяпер Вільскоўскага). Мех забралі – там быў хлеб.

Нешчаслівы выпадак

А 14 гадзіне 28 красавіка ў вёсцы Савічы, гміны Вольна, запрэжаны ў воз конь Яўгена Кучуры напалохаўся. Бегаючы па вуліцы ён наехаў на трохгадовую дачку свайго гаспадара Марыю Кучуру. Дзіця памерла на месцы.

10 мая

Для выязджаючых у Бразілію з Баранавіч

У сувязі з узнаўленнем працы калоніі “Белы арол” у Бразіліі Дзяржаўнае агенцтва па занятасці насельніцтва ў Баранавічах паведамляе, што ўжо пачалася рэгістрацыя сем’яў, што жадаюць выехаць туды каланістамі. Па ўсіх пытаннях звяртацца трэба непасрэдна ў агенцтва.

Заклад на набыццё дзялкі на 25 га цяпер зменшылі да 500 злотых. Акрамя таго сям’я павінна мець гатоўкаю каля 350 злотых на харчаванне ў першыя месяцы жыцця ў калоніі.

Акрамя таго кошт карабельных білетаў зніжаны да 667 злотых 50 грошай (раней – 950 злотых) за кожную асобу старэйшую за 10 год. Дзеці ад 5 да 10 год аплачваюць палову гэтай сумы, а ад 1 да 5 – чвэрць цаны.

Бліжэйшы транспарт адправіцца з Варшавы сёлета ў ліпені.

Даведка: Курс долара у маі 1933 году складаў 1$ = 7,35 злотых. Тыднёвы заробак кваліфікаванага рабочага ў 1939 годзе складаў 30 злотых (0,78 злотых за гадзіну).

11 мая

Дапамога для бедных

Камітэт па справах беспрацоўных атрымаў 30 тон мукі для харчавання найбольш бедных людзей у перадуборачны час.

Калі прымаць да ўвагі распачатую раней дапамогу па працаўладкаванню, можам канстатаваць, што мясцовае кіраўніцтва дбае па меры магчымасці пра павет. Але нават захады пана старасты Нойгебаўэра, які прымусіў гміны займацца дапамогай бедным, немагчыма перамагчы галечу.

Выдзяленне мукі ж – гэта значная дапамога.

Забойства

Паміж жыхарамі вёсцы Багушы гміны Ястрамбель Стэфанам Запрудскім і Янам Кучурай распачалася бойка. Падчас яе Кучура ўдарыў Запрудскаму ў галаву камянём. З цяжкай траўмай Запрудскага прывезлі ў шпіталь у Баранавічах. Там ён памёр 7 мая а 13 гадзіне.

Калонія чыноўнікаў у Баранавічах. Міжваенная паштоўка

12 мая

Справа падліку гараджан

На працягу трох дзён в Баранавічах бавіў час прадстаўнік Галоўнага статыстычнага камітэту Людвік Цюнке. Ён вывучаў гарадское бюро перапісу насельніцтва.

Учора, перад ад’ездам Цюнке ў размове з нашым прадстаўніком, выказаў сваё меркаванне, што ў Баранавічах у сапраўднасці жыве больш за 25 000 чалавек. Згодна з гэтым, горад мае права па пашырэнне сваёй плошчы.

Пра гарадское бюро перапісу насельніцтва Цюнке выказаўся пахвальна.

Пераехаў дзіця

10 мая а 8 гадзіне раніцы, на вуліцы Берка Юселовіча, жыхар вёскі Пагарэльцы Вінцэнт Якжык, які ехаў фурманкаю, пераехаў 7-гадовага Лёніка Шулейку. Пасля аказанай першай дапамогі на месцы, дзіця перавезлі ў шпіталь.

16 мая

Тыдзень авіяцыі ў Баранавічах

Тыдзень распачаўся 13 мая выступам аркестру. 14 мая з самай раніцы ішоў дождж. Таму былі адменены запланаваныя на гэты дзень палявая імша і пасажырскія палёты. А 9 гадзіне былі праведзены набажэнствы ва ўсіх храмах горада. Галоўнае набажэнства адбылося ў гарнізонным касцёле (цяпер на гэтым месцы шматпавярховік, Ракасоўскага, 14), якое правёў ксёндз-пробашч Александровіч.

Пасля адбыўся вайсковы парад. Потым, а 11 гадзіне, адбылося асвячэнне стадыёну Вайсковай падрыхтоўкі чыгуначнікаў (Kolejowe Przysposobienie Wojskowe) каля Дому культуры чыгуначнікаў (Ognisko Kolejowe). Асвячэнне выканаў ксёндз-канонік Жалункоўскі. Усё адбывалася ў прысутнасці навагрудскага ваяводы Свідзерскага.

У сувязі з непагодай, усе мерапрыемствы (палёты самалётаў і народныя забавы), запланаваныя на другую палову дня адмянілі і перанеслі на 21 мая.

17 мая

Баксёрскі матч

14 мая ў кінатэатры Casino адбыўся баксёрскі матч арганізаваны спартовым клубам 26 уланскага палка (размяшчаўся ў Баранавічах). У ім прынялі ўдзел спартоўцы-прафесіяналы з Аб’яднання Стральцоў, спартовага клубу 78 пяхотнага палка і мясцовага «Макабі».

Хто пераможа?

Баранавіцкія рэзнікі (мяснікі) хочуць прымусіць магістрат знізіць таксу за забой быдла. Таму яны перасталі здаваць быдла на новапабудаванай гарадской рэзні (цяпер мясакамбінат), а прывозяць гатовае мяса, забіваючы была ў ваколіцах горада.

Адбываецца гэта ўжо некалькі дзён і падобна, што рэзнікі хочуць супрацьстаяць магістрату ажно да сваёй перамогі. Магістрат у адказ пагражае, што будзе браць аплату, за агляд і праверку прывезенага ў Баранавічы мяса.

Хто пераможа ў змаганні – пакажа час.

19 мая

Латарэйка

Станіслаў Ліс, што жыве на 1-м Дубаўскім завулку, меў швейную машынку, якую хацеў прадаць. Таму вырашыў разыграць яе праз латарэю. Прадаваў білеты па 2,5 злотых. Не ведаем, прадаў ён усе білеты ці не, але ведаем дакладна, што не захацеў праводзіць розыгрыш пераможцы. У сувязі з гэтым адзін з удзельнікаў, Мордух Файтелевіч паскардзіўся ў паліцыю, абвінаваціўшы Ліса ў прысвойванні грошай.

Цяпер лёс пана Ліса разыграецца ў паліцыі, а потым у судзе.

Спрытная баба

15 мая з касы аптэкара Якуба Абрамоўскага невядомая жанчына скрала 60 злотых і збегла ў нявызначаным напрамку. Яе шукае паліцыя.

Абвестка

Магістрат горада Баранавічы абвяшчае аўкцыён для адкрыцця прадпрыемства па чыстцы кішак на гарадской рэзні (цяпер мясакамбінат). Прапановы прымаюцца да 22 мая ў Магістраце. Капэрты з прапановамі будуць ускрыты а 10 гадзіне 22 мая.

Да прапановы трэба далучыць аванс у памеры 250 злотых. Падрабязныя ўмовы на дадзеную прапанову можна пабачыць у Магістраце ў часы працы.

Магістрат пакідае сабе права выбару пераможцы, незалежна ад вынікаў аўкцыёну.

Рэклама у газеце "Kurjer Nowogródzki" ад 24-05-1933
Рэклама у газеце «Kurjer Nowogródzki» ад 24-05-1933

20 мая

Зорны рэйд

У сувязі ў міжнародным рэйдам зорак, варшаўскі аэраклуб звярнуўся да баранавіцкіх уладаў з просьбай аказання дапамогі лётчыкам, што будуць сядаць 22,23. І 24 мая на аэрадроме ў Баранавічах (цяпер раён ГЦ “Радужны” на вуліцы Тэльмана).

23 мая

Апошні дзень тыдня авіяцыі

У сувязі з тым, што 14 мая ў Баранавічах ішоў дождж, шэраг мерапрыемстваў было перанесена на 21 мая. Таму гэты дзень быў насычаны імпрэзамі.

Яшчэ у суботу 20 мая прыляцеў да нас самалёт Віленскага аэраклубу для пасажырскіх палётаў. Палёты распачаліся з раніцы 21 мая. Аматараў палятаць было шмат.

Не пакатаўшы ўсіх ахвотных адважныя лётчыкі адляцелі да Вільні, паабяцаўшы прыляцець іншым разам.

А 16 гадзіне пачаліся конныя спаборніцтвы, арганізаваныя камандзірам 26 уланскага палка, палкоўнікам Махальскім. Сабралі яны найбольшую суму з усіх мерапрыемстваў для LOPP (Лігі супрацьгазавай і супрацьпаветранай абароны) – каля 400 злотых.

На пляцы пажарнай каманды, начальнікам Авіноўскім былі арганізаваныя танцы. Не прынеслі яны аднак прыбытку ў сувязі з мноствам іншых імпрэз.

А 18 гадзіне на пляцы Легіянераў (у Вайсковым гарадку, цяпер там дзіцячы сад і дамы паміж вуліцамі Заслонава і Ракасоўскага) адбыўся паказ батальнай сцэны “Касцюшка пад Рацлавіцамі”. Гледачоў хапала. Усе прайшло добра.

24 мая 2023

Нешчаслівы выпадак з гранатай

19 мая а 16 гадзіне жыхар вёскі Чэрніхава гміны Вольна 11-гадовы Сяргей Клімашэўскі знайшоў запальнік ад гранаты, прынёс дахаты і пачаў разбіраць. Адбыўся выбух, падчас якога малому Клімашэўскаму адарвала палец і параніла ў вока і грудзі. Параненага адвезлі ў міжкамунальны шпіталь, дзе яму ампутавалі руку.

Апрануўся ў чужое паліто

20 мая Станіслаў Падарэўскі жыхар мястэчка Ганцавічы прыехаў у Баранавічы лячыць зубы. Ён зайшоў да доктара Мінскага на вуліцы Нарутовіча (цяпер Камсамольска) і павесіў сваё паліто на вешалку. Калі выйшаў пасля сканчэння аперацыі моцна здзівіўся: паліто адсутнічала.

Паляцеў да камісарыяту паліцыі, у якім відаць носам адчулі дзе злачынца і на працягу пару гадзін затрымалі Уладзіміра Шымчака з паліто. Паліто паліцыя вярнула гаспадару, а Шымчак трапіў у камеру.

Падкідыш

18 мая а 21 гадзіне у сад каля прытулку для немаўлят на вуліцы Нарутовіча, быў падкінуты трохгадовы хлопчык. Дзіця забралі ў прытулак, а маці шукае паліцыя.

31 мая

Падарожжа да Вільні

Баранавіцкі аддзел польскага краязнаўчага таварыства ладзіць паездку ў Вільню. Запісацца можна ў гарадскім магістраце.

Купляйма маскі

Кіраўніцтва павятовага камітэту LOPP у Баранавічах мае на складзе новыя супрацьгазавыя маскі, якія можна купіць. Прадаюцца яны па 19 злотых, што павінна заахвоціць набыць такую неабходную ў апошні час рэч.

Не пускайце коней на самапас

28 мая а 23.15 пасажырскі цягнік, што ехаў з Ліды ў Баранавічы, на чыгуначным пераездзе паміж вуліцамі Рынкавая (цяпер Фралянкова) і Каўпеніцкая (цяпер Прамінскага) наехаў на каня Адама Буські. Конь быў забіты на месцы. Буська без нагляду пусціў каня на пашу.

Дзеці без нагляду

27 мая з-за адсутнасці нагляду шасцігадовае дзіця Ліцкевіча выйшла на чыгуначны пераезд і было падчас закрыцця пераезду заціснута шлагбаўмам. На шчасце скончылася ўсё лёгкімі пашкоджаннямі.

Першую дапамогу аказаў дзіцяці чыгуначны фельчар. Перапалоханае дзіця забрала дахаты маці, на якую склалі скаргу, за тое што пакінула малое без нагляду.

Чытайце таксама: Барановичи: история на одном фото. Начало перекладки базальтовой брусчатки на Советской в 2010 году

Барановичи: история на одном фото. Дом на 6 семей в поселке чиновников

Барановичи: история на одном фото. Улица Советская в межвоенное время

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @bar24_bot

  • Мы в соцсетях